Падманула - падвяла

Апублiкавана: 22 лiстапада 2022 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага выйшла чарговая прэм’ера — камедыя Мальера “Падмануты муж” у пастаноўцы мастацкага кіраўніка калектыву Сяргея Кавальчыка. 

На афішы — разгалістыя рогі. Насамрэч жа спектакль выходзіць за пачатковую тэму адзюльтэру да больш шырокіх даляглядаў, закладзеных драматургам і цудоўна выяўленых рэжысёрам. Саюз селяніна, прычым вельмі заможнага, і дваранкі, хай і збяднелай, бачыцца Мальеру не толькі шлюбам па разліку, з якога камедыёграф насміхаўся ў многіх іншых творах, прымаючы бок дзяўчыны, выдадзенай замуж без кахання. У п’есе “Жорж Дандэн, ці Падмануты муж” азначана вострая праблема сацыяльнай няроўнасці: маладая жанчына і яе бацькі пахваляюцца сваім паходжаннем і ўвесь час выстаўляюць дурнем працавітага мужыка, які стварае іх багацце. Той жа дакарае сябе, што не ажаніўся з сяляначкай. Прынамсі, залежнасць дваран ад працы прыгонных на зямлі падкрэслена наступнай рэжысёрскай дэталлю: менавіта зяць, якім памешчыкі грэбуюць, вырабляе ў першай сцэне віно, што яны з такой асалодай спажываюць надалей. Супрацьпастаўленне двух сусветаў адлюстравана таксама ў дэкарацыях і касцюмах Алы Сарокінай: злева ад сцэны — сялянскія прылады, справа — дваранскія строі на манекенах. 

Ды ўсё ж спектакль актуалізуе крыху іншы паварот тэмы: перад намі разгортваецца гісторыя пра падман. Пра лёгкасць падмены белага — чорным, а чорнага — белым. І ў п’есе, і ў яе пастаноўцы падкрэсліваецца не ўзроставая розніца паміж мужам і жонкай, а ўласна этычная — шчырасці і жудаснай хлусні, што з бяскрыўднай і, здавалася б, вынаходлівай гуллівасці развіваецца да нахабных абвінавачванняў. Камедыя раптам ператвараецца ў высокую трагедыю, бо спачуванні гледача — на баку мужа, які не можа дабіцца справядлівасці і атрымлівае адны кпіны. 

Гэта не значыць, што смяяцца цягам прагляду не давядзецца. Наадварот! На дасягненне камічнага эфекту скіраваны і шматлікія рэжысёрскія прыдумкі, якіх у другой дзеі на парадак больш, і майстэрства акцёраў. Там і смешна пададзены тэатр ценяў. І постмадэрнісцкі зварот да мелодыі “Інтэрнацыянала”, якая гучыць пасля знакамітай ленінскай цытаты: “Мы пойдзем іншым шляхам”, натуральна, дабаўленай да мальераўскага арыгіналу. І праходка артыстаў праз партэр па поручнях крэслаў — на мяжы цыркавога нумара, што патрабуе, бадай, не меншай вытрымкі, чым выступленне на канаце. І ўяўленне поўнай цемры пры запаленым у зале святле. І гэткае “ноу-хау” Калена — служкі галоўнага героя — усяго толькі ўзяць ды скарыстаць ліхтарык. 

Выдатным камедыйным акцёрам паўстае Аляксандр Гіранок (Любен), нечаканыя рысы выяўляюцца ў Паўле Еўтушэнку (малады дваранін Клітандр), боль і горыч падману патэтычна дэманструе Аляксандр Палазкоў (Жорж Дандэн). Багацце эмацыйнай палітры ашуканага мужа выглядае яшчэ выразней на фоне падкрэсленай абыякавасці і пагарды з боку бацькоў жонкі — спадара і спадарыні дэ Сатанвіляў (Андрэй Душачкін і Вікторыя Кавальчык). Яркія фарбы пастаноўкі — харэаграфія Дзіяны Уласавай, студэнткі трэцяга курса БДУКМ, і музыка, што стварае неабходную атмасферу. 

Азначаная мадуляцыя з камедыі ў трагедыю ўяўляецца галоўнай разыначкай спектакля і адпавядае найноўшым тэндэнцыям так званага метамадэрну, скіраванага на “прымірэнне” забаўляльнасці з канцэптуальнасцю, а шырокай публікі — з элітнай. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ