Міжнародны кантэкст: нематэрыяльная спадчына супраць выклікаў глабалізму

Апублiкавана: 23 лiстапада 2022 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: РУДАК Антон

Міжнародны навуковапрактычны семінар “Захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны краін СНД у кантэксце глабальных выклікаў” завяршыўся ў Мінску 17 лістапада. У мерапрыемстве, акрамя беларускіх спецыялістаў, удзельнічалі прадстаўнікі Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана.

На ўрачыстым адкрыцці семінара, якое адбылося 15 лістапада ў штаб-кватэры Выканаўчага камітэта СНД, міністр культуры Анатолій Маркевіч заявіў: “Захаванне традыцый нязменна застаецца адным з прыярытэтных аспектаў дзяржаўнай палітыкі. У нашай краіне на высокім узроўні арганізаваная работа па выяўленні і вывучэнні нематэрыяльнай культурнай спадчыны. У Беларусі ахоўваюцца сто шэсцьдзясят чатыры яе элементы, уключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Наша краіна стала адной з першых дзяржаў, якія прынялі Канвенцыю аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. На 17-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO, якая пройдзе ў канцы месяца, будуць разгледжаныя практыкі беларускага саломапляцення. Мы спадзяёмся, што Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны папоўніцца пятым беларускім элементам. Гэта вельмі важна для нас, ёсць што паказаць і ёсць што прапанаваць. Беларусь, як і ўсе краіны СНД, клапоціцца пра захаванне сваёй спадчыны”.

Таксама ў гэты дзень у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў адбылася секцыя семінара, прысвечаная інтэграцыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў адукацыйны працэс устаноў адукацыі. А ўвечары Анатолій Маркевіч наведаў канцэрт “Традыцыі і пераемнікі”, які прайшоў у спартыўна-культурным цэнтры ўніверсітэта. Там упершыню ў гісторыі Беларусі дзякуючы Міністэрству культуры на адной сцэне сабраліся носьбіты нематэрыяльнай культурнай спадчыны з усіх рэгіёнаў краіны.

Другі дзень семінара прайшоў у замкавым комплексе “Мір”, дзе ўдзельнікі азнаёміліся з выставай саломапляцення, выцінанкі і ганчарства Карэліцкага раёна. Сваю творчасць прапанавалі гасцям народны лялечны тэатр “Батлейка” і народны ансамбль музыкі і песні “Цырынскія музыкі”. Адбыліся секцыі семінара, прысвечаныя вывучэнню, захаванню і прэзентацыі элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны краін СНД і практыкам захавання і папулярызацыі нематэрыяльных культурных каштоўнасцей у дзейнасці арганізацый культуры.

А 17 лістапада ўдзельнікі семінара наведалі першую ў Беларусі агульнарэспубліканскую выставу “Нематэрыяльная культурная спадчына Беларусі”, якая праходзіць у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Гасцей сустракалі аўтэнтычныя калектывы і носьбіты элементаў культуры з усіх абласцей краіны. Кожны рэгіён прадставіў самабытныя праявы творчасці чалавека, уключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Там таксама абмеркавалі пытанні выкарыстання нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў музейнай дзейнасці і зацвярджэнне выніковай рэзалюцыі семінара. Прадстаўнікі замежных дэлегацый выказалі цёплыя словы падзякі і захаплення Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь і нашым установам культуры за правядзенне мерапрыемства на высокім арганізацыйным і мастацкім узроўні.

Падрабязней пра выставу “Нематэрыяльная культурная спадчына Беларусі” мы распавядзём у №48 ад 26 лістапада.