“Тэсты для дарослых” і для “Махляроў”

Апублiкавана: 06 студзеня 2023 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

17 і 18 снежня ў РТБД адбылася доўгачаканая прэм’ера — “Махляры” па п’есе М. Гогаля “Гульцы” ў пастаноўцы заслужанага артыста, заслужанага дзеяча мастацтваў Расійскай Федэрацыі Сяргея Фядотава. Незадоўга да гэтага афіша папоўнілася сучаснай харвацкай камедыяй “Тэсты для дарослых” у сцэнічным прачытанні нашага рэжысёра Святланы Навуменка. Ці выпадковае такое суседства? 

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі даўно славіцца канцэптуальнымі пастаноўкамі, поўнымі найтанчэйшых зрухаў у глыбінях падсвядомасці і адкрыццём новых культурных даляглядаў. Таму “Тэсты для дарослых”, не разлічаныя на занадта напружанае корпанне гледачоў у сваіх галовах, былі ўспрыняты некаторымі як крок назад. Аж не! Спектакль даказаў, што тэатральнае мастацтва, як і музычнае, нельга падзяляць на лёгкае і сур’ёзнае — толькі на добрае і кепскае. Абедзве ж прэм’еры — на светлым баку, нягледзячы на анекдатычнасць сітуацыі “муж — жонка — палюбоўніца” ў адным выпадку і разгул д’ябальскіх сіл у другім. 

Знешне простыя “Тэсты…” прыцягваюць нязмушанасцю. Прычым ва ўсім: у разгортванні сюжэта харвацкага драматурга Міры Гаўрана, у мінімалістычнай перасоўнай сцэнаграфіі Юрыя Саламонава, разлічанай яшчэ і на выезды. Нарэшце, непасрэдна ў ігры Наталлі Халадовіч, Андрэя Дабравольскага, Ганны Анісенка, якім верыш незалежна ад таго, звяртаюцца яны адзін да аднаго ці да гледачоў і сябе — праз уладкаваны на стойцы мікрафон. Такімі ж побытава нязмушанымі ўспрымаюцца інтэрактыўныя ўкрапванні, што не выклікаюць ніякага дыскамфорту, дабаўленне некаторых рускіх слоўцаў. Ці ж няма такога ў жыцці? У зададзеную сістэму каардынат, тыповую для сучасных пастановак, але пазбаўленую магчымай кандовасці ці наўмысна прэтэнцыёзнага падкрэслівання, цалкам натуральна ўпісваецца харэаграфія Дзіяны Юрчанка, дзе знойдзена асаблівая пластыка і ўвогуле шмат адметнага. Чаго вартае хаця б танга жонкі з палюбоўніцай! Праз гуллівую лёгкасць у данясенні няпростай, балючай для многіх тэмы спектакль набывае псіхатэрапеўтычны эфект — дарэчы, адпаведны прафесіі галоўнай гераіні. Поўная гармонія! 

Зусім іншыя — “Махляры”. Змена назвы гогалеўскіх “Гульцоў” ідзе п’есе на карысць. Змест і сэнс пастаноўкі перадаюцца адразу. А яшчэ тут закладзена гульня слоў: махляры — маляры. Дый гучыць новы загаловак вельмі па-беларуску, да таго ж — і прыглушана, туманна — у адрозненні ад гулкіх “гульцоў” у падрадкоўніку. 

Цікавае супадзенне, аднак абодва спектаклі звязаны такой дэталлю сцэнаграфіі, як пустыя рамы замест карцін. Але ж сэнс прыёму ў пастаноўках — прынцыпова розны. У “Тэстах…” рамы служылі ўмоўным азначэннем музея, дзе сустракаюцца героі. Іх твары, усунутыя ў багет, канцэнтравалі ўвагу на “партрэце” не столькі самога персанажа, колькі ўвасобленага ім псіхалагічнага тыпу. Невыпадковай была і сцэна вальсавання гераіні з пустымі рамамі. У “Махлярах” яны ж становяцца адсылкай да карціны “Гульцы” Паўла Фядотава, якога рэжысёр называе сваім прадзедам. Нават не ўдаючыся ў падрабязнасці радаслоўнай, можна сказаць, што больш правільна пастаноўшчыку было б звацца прапраўнучатым пляменнікам. Пра гэта сведчаць гады жыцця знакамітага жывапісца (1815—1852) і тое, што мастак не меў дзяцей. Але важна іншае: Сяргей Фядотаў, заснавальнік і нязменны кіраўнік Пермскага тэатра “Ля Моста”, у сцэнаграфіі ледзь не кожнай сваёй працы арыентуецца на творчасць родзіча-папярэдніка. Ці ж мог рэжысёр абмінуць аднайменную карціну? Вядома, не. Але настолькі сціпла змясціў яе на сцяне злева ў прыцемках, што здагадацца пра палатно можна хіба па абрысах. А вось намаляванае на ім увасабляецца і ў дэталях сцэнаграфіі, і ў светлавой партытуры. Паралелі ўдаецца знайсці нават у мізансцэнах, дзе тыя, хто можа прайграць, апынаюцца на светлай частцы тэатральнай прасторы, а сапернікі — на цёмнай. У астатнім — улюбёныя прыцемкі абодвух Фядотавых, свечкі, простая мэбля і абавязкова дзверы (пакоя, шафы), акенца. 

Пры такім сцэнічным убранні “ў кадры” застаюцца акцёры. Выключна мужчынскі ансамбль “Махляроў” нагадвае неверагодныя поліфанічныя спляценні з рэдкімі сола. Музычныя аналогіі падказаны і формаўтварэннем з яго рэпрызнасцю, і трапнымі кампазітарскімі работамі Аляксандра Пантыкіна — прызнанага майстра шматлікіх добра скроеных, меладычна і драматургічна “закручаных” расійскіх мюзіклаў. Кожны з артыстаў — у новым амплуа, на мяжы акцёрскіх магчымасцей, з ярка індывідуальным характарам свайго персанажа. У розных складах — розныя акцэнты. Іхараў Максіма Брагінца — больш разважлівы, засяроджаны, з нечаканым выбухам знішчальна пякельных эмоцый. Гэты ж герой, увасоблены нядаўна прынятым у РТБД Дзянісам Аўхарэнкам, што вярнуўся з Санкт-Пецярбурга на радзіму, — інтэлігент тонкай душы, у якім больш спагады, нават некаторага вагання, і тыя ж самыя ўчынкі персанаж Аўхарэнкі робіць з іншых памкненняў. Шайка махляроў на чале з Суцяшальным (Максім Карасцялёў) — д’ябальская тройца. Ад яе цягнуцца нітачкі да куды больш складанага Воланда з яго атачэннем. Падказкі менавіта такога прачытання быццам бы рэальных герояў раскіданы па ўсім спектаклі. Гэта і ненатуральны смех Швохнева (Уладзіслаў Ноздрын), і “драўляная нага” са “шкляным вокам” Палкоўніка Кругеля (каларытны Дзмітрый Давідовіч ці ў іншым складзе амаль непазнавальны Аляксандр Ніканенка). І растрапаныя, ускалмачаныя валасы Глова-малодшага (Арцём Курэнь), абрысы якіх нагадваюць рожкі. І падманны “чыноўнік” Псой Стахіч (Віктар Багушэвіч) ледзь не ў выглядзе зомбі са скрыпуча запаволеным маўленнем. І, вядома, нечаканы фінал спектакля, што без змен у тэксце расстаўляе ўсе кропачкі над літаркамі-ноткамі сцэнічнай дзеі. Падобнае завяршэнне абумоўлівае і наяўнасць антракту, праз які больш відавочна перакідваецца масток паміж двума “заканчэннямі”: першым — са стоп-кадрам на месцы абрыву аповеду, другім — з кодай, што сцвярджае немагчымасць іншага выніку. 

Гэта ўжо пятае ўвасабленне С. Фёдаравым гогалеўскіх “Гульцоў”: раней творца ставіў іх у роднай Пермі, у Празе, Таліне, Чалябінску. Але спектаклі рэжысёра “вечна жывыя”: удасканальваюцца, развіваюцца разам з часам, незалежна ад даты прэм’еры. Пажадаем гэтага ж і нашым “Махлярам”. Тым больш што, напрыклад, М. Брагінец, які падчас першага паказу іграў Іхарава, заяўлены і на ролю персанажа-антыпода — Суцяшальнага. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ, Руслана АНАНЬЕВА