Хутка ўбачыць свет студзеньскі нумар часопіса “Мастацтва”. Ён прапануе ўсім ахвотным заглыбіцца ў чароўны свет музыкі, выяўленчага мастацтва, тэатра, кіно.
- З чаго пачынаецца любоў да музыкі? Што значыць у жыцці яго вялікасць Выпадак? Што за якасці важныя ў прафесіі дырыжора? Пра ўсё гэта Вольга Нікалаева гутарыць з галоўным дырыжорам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі Аляксандрам Анісімавым.
- XII Мінскі міжнародны Калядны оперны форум — адна з найбуйнейшых падзей у культурным жыцці краіны. Пра значэнне і важнасць фестывалю Вольга Савіцкая гутарыць з яго ўдзельнікамі і гасцямі.
- У пачатку года айчыннае мастацтва адзначае адразу некалькі важных юбілеяў: 100-годдзе народных мастакоў Беларусі Віктара Грамыкі і Леаніда Шчамялёва і 115-годдзе Героя Сацыялістычнай Працы, народнага мастака СССР Заіра Азгура. Мастацтвазнаўца Барыс Крэпак, які больш за паўстагоддзя ведаў В. Грамыку і Л. Шчамялёва (з апошнім быў блізкім сябрам), прапануе нязвыклае эсэ: маналогі мастакоў — у шчырых размовах “пра час і пра сябе”. А доктар гістарычных навук Эмануіл Іофе расшукаў некаторыя малавядомыя старонкі біяграфіі Заіра Азгура. Уладзімір Сцяпан дзеліцца ўспамінамі пра Віктара Грамыку як пра настаўніка.
- Палотны Алеся Родзіна, які нядаўна сышоў ад нас, заўсёды жылі яркім выставачным жыццём. Мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн разглядае гэты феномен.
- Патрапіць у краіну Акварэлію праз творчасць выдатнага майстра Уладзіміра Рынкевіча запрашае мастацтвазнаўца Яўген Шунейка.
- Пра складанасці прафесіі, закулісную працу і ўзаемадзеянне з рэжысёрам Анастасія Васілевіч гутарыць з маладым сцэнографам Лідзіяй Малашэнка, якая працуе ў Новым драматычным тэатры.
- Таксама ўвазе чытачоў будуць прапанаваныя дзве рэцэнзіі: Надзеі Бунцэвіч на спектакль Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра “Шалёныя грошы” паводле А. Астроўскага і Яўгеніі Бачыла на “Махляроў” паводле М. Гогаля ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.
- Кіназнаўца Наталля Сцяжко працягвае знаёміць з фільмамі, створанымі ў Беларусі за гады незалежнасці, і звяртаецца да карціны рэжысёра Валерыя Рыбарава “Прыкаваны”.
- У раздзеле Nota bene мастачка Юлія Шаціла дзеліцца ўспамінамі пра свае сустрэчы з Аленай Лось, выдатным мастаком-ілюстратарам. У анталогію беларускага мастацтва Алена Лось увайшла перш за ўсё як ілюстратар. Аднак з часам графіка саступіла месца жывапісу. Мастачка пастаянна працавала, бо ўвесь сэнс жыцця, уся радасць сканцэнтравалася для творцы ў выявах сціплых беларускіх кветак. Пра гэта, а таксама пра лёс Алены Георгіеўны згадвае Юлія Шаціла.
Далучайцеся да прыхільнікаў мастацтва, уступайце ў клуб экспертаў — выпісвайце часопіс “Мастацтва”. Дарэчы, цяпер выданне ў Мінску можна набыць у краме “Акадэмкніга” (пр-т Незалежнасці, 72).
Ужо зараз вы можаце купіць PDF-версію часопіса тут.