Цвярдыня ў летапісе краю

Апублiкавана: 20 студзеня 2023 Лента Афіцыйна Мiнская вобласць Соцыум

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Асаблівым 2023-і абяцае стаць для жыхароў Слуцка. Старажытны горад абвешчаны культурнай сталіцай года. “К” расказвае, чым славіцца гэты край і якімі падзеямі там адзначаць атрыманне ганаровага статусу. 

Адразу зазначым, што здзіўляць случчане пачалі яшчэ да таго, як горад пераняў эстафету рэспубліканскай акцыі ад Оршы. У ліпені мясцовыя краязнаўцы “састарылі” свой населены пункт на 111 гадоў! Ім удалося ўстанавіць, што ўпершыню паселішча ўпамінаецца ў 1005-м у рукапіснай кнізе “Патэрык пячэрскі”. Раней жа пунктам адліку быў запіс у “Аповесці мінулых гадоў”: у летапісным зборы пад 1116 годам згадваецца барацьба вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Манамаха з мінскім князем Глебам Усяславічам, які “ваяваў з дрыгавічамі і Слуцк спаліў, і не каяўся ў гэтым і не выказваў пакорнасці…” 

Факт каштоўны для разумення не столькі мінуўшчыны, колькі сучаснага стану культурнай галіны Слуцка. Такая пільнасць да летапісу чарговы раз засведчыла: у горадзе беражліва ставяцца да гісторыі і традыцый ды гадуюць на гэтай глебе новыя праекты. 

НЯСКОНЧАНАЯ П’ЕСА 

У сярэдзіне XVIII стагоддзя з ініцыятывы князя Гераніма Фларыяна Радзівіла ў Слуцку заснаваны прафесійны тэатр — адзін з першых на беларускіх землях. Пэўны час пры ім дзейнічала балетная школа і тэатр марыянетак, а паказы суправаджаў прыдворны аркестр з замежных і мясцовых музыкантаў. Пасля смерці князя новы ўладальнік горада Міхаіл Казімір Радзівіл скасаваў трупу і перавёў акцёраў у Нясвіж. 

Сёння ў Слуцку зноў віруе тэатральнае жыццё. Ажно чатыры калектывы гэтага кірунку — для дзяцей і дарослых — працуюць у гарадскім Доме культуры. Адраджэнне традыцый пачалося ў савецкі час з невялікага драматычнага гуртка на чале з мясцовым жыхаром Міхаілам Бортнікам. Калектыў вырас да Народнага тэатра драмы і камедыі імя Уладзіслава Галубка, які аб’ядноўвае людзей розных прафесій і ўзросту. Рэпертуар калектыву багаты — больш за трыццаць пастановак па п’есах класікаў беларускай і замежнай драматургіі. У лістападзе спектакль “Пінская шляхта, або Брутальная гісторыя” слуцкага тэатра быў адзначаны дыпломам ІІ ступені і чатырма адмысловымі ўзнагародамі на абласным фестывалі “Бярэзінская рампа”. 

ЦВЯТОК РАДЗІМЫ НА ПЕРСІДСКІ ЛАД 

Пра Слуцкія паясы ў Беларусі ведаюць нават першакласнікі, а вось з сакрэтамі вытворчасці гэтых аксесуараў знаёмы рэдкі дарослы, дый не кожны бачыў славутыя тканіны на свае вочы. Дык навошта пазбаўляць сябе такой магчымасці — запрашае музей гісторыі слуцкіх паясоў! Экспазіцыя разгарнулася на прадпрыемстве, дзе сёння ствараюць копіі ўпрыгажэнняў з захаваннем традыцый, з выкарыстаннем натуральнага шоўку і металізаваных нітак. У музеі можна ўбачыць арыгінал і паўтор пояса, а таксама даведацца пра гісторыю слуцкай мануфактуры, жыццё прадстаўнікоў роду Радзівілаў і звычайных сялян. Акрамя таго, Слуцкім паясам прысвечаны цэлы раздзел мясцовага краязнаўчага музея. Дзякуючы дабрачыннаму збору сродкаў установа змагла набыць у прыватнага калекцыянера арыгінальную рэліквію. 

МЯСЦОВАЯ СКАРБНІЦА 

Слуцкі пояс па праве лічыцца перлінай калекцыі краязнаўчага музея, але не толькі гэтым узорам дэкаратыўнага мастацтва можа ўразіць сховішча. Пасля нядаўняга капітальнага рамонту і абнаўлення экспазіцыі наведвальнікам таксама даступныя залы “Ад першабытнаабшчыннага ладу да Слуцкага княства” і “Слуцкае княства”. Сярод іншага там дэманструюцца матэрыялы археалагічных раскопак на гарадзішчы, партрэты князёў Алелькавічаў, выкананыя Міхаілам Басалыгам, факсімільнае выданне Слуцкага Евангелля — помніка славянскага пісьменства XVI стагоддзя — і макет драўлянай крэпасці. І сам будынак музея стаў славутасцю горада. Былы дом дваранскага сходу ўзведзены ў канцы XVIII стагоддзя як сядзібны. Сёння ён унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей і мае статус помніка рэспубліканскага значэння. 

РАМЕСНАЕ СКРЫЖАВАННЕ 

Ткачыхі з Капыля і Старых Дарог, ганчары з Лагойска ды Івянца, разьбяры з Вілейкі і Мядзела — майстроў усёй Міншчыны і іншых рэгіёнаў раз на два гады збірае абласное свята рамёстваў “Слуцкія паясы”. У цэнтры старажытнага горада разгортваецца сапраўдны пасад, дзе можна не толькі прыдбаць вырабы ўмельцаў, але і атрымаць урокі па розных відах народнага мастацтва. 

А на конкурсе “Беларуская лялька” — падзівіцца на традыцыйныя цацкі ды абярэгі з гліны, тэкстылю і саломы. І як жа без музыкі і забаў! Бойкі гандаль ды творчыя прэзентацыі суправаджаюць выступленні аматарскіх і прафесійных калектываў на канцэртнай пляцоўцы. 

ЗОРКА ПРЫЙШЛА — РАДАСЦЬ ПРЫНЕСЛА 

Уявіць калядны вечар у аграгарадку Лучнікі на Случчыне без “звязды” немагчыма. Абавязковы элемент свята — абыход двароў з шаснаццаціканцовай зоркай, у сярэдзіне якой пад слюдой або шклом замацаваны абраз з сюжэтам нараджэння Хрыста. 

Наперадзе — тры свечкі, іх мігценне дадае таямнічасці дзеі. А ўпрыгожаныя рознакаляровай фольгай промні круцяцца вакол цэнтральнай часткі. Канструкцыя на доўгім драўляным шасце цяжкая, таму хадзілі з ёй гурты фізічна моцных мужчын, якія да таго добра спявалі. 

Сяляне ж гасілі святло і праз вокны назіралі, як зіхацела зорка, і слухалі, як мужчынскія галасы вялі песню аб нараджэнні Хрыста. 

Старадаўнюю зорку захавала і перадала нашчадкам Ефрасіння Шахновіч, а яе сын Павел навучыў іншых жыхароў Лучнікаў вырабляць атрыбут і спяваць калядкі. Цяпер культработнікі працуюць над наданнем аб’екту “Тэхналогія вырабу Случанскай каляднай зоркі” статусу нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Беларусі. 

АПІРЫШЧА ДУХОЎНАСЦІ 

Слуцк лічыцца старадаўнім духоўным цэнтрам. Археалагічныя раскопкі выявілі існаванне ў гэтым месцы храма, складзенага з плінфы, у сярэдзіне ХІІ стагоддзя. Ёсць вестка і пра Слуцкі Псалтыр XI стагоддзя, аднак тэкст не знойдзены. 

Адзін з апошніх князёў роду Алелькавічаў Юрый уласнаруч перапісаў Евангелле і падарыў яго Свята-Траецкаму манастыру, а яго дачку Сафію шануюць як святую за адданасць праваслаўнай веры. 

А некалі ў горадзе існавалі ажно 13 цэркваў і тры манастыры, аднак да нашых дзён дайшла адна старадаўняя святыня — кафедральны сабор Архангела Міхаіла. Помнік драўлянага народнага дойлідства XVIІI стагоддзя з элементамі барока ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Пазалетась мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веньямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі асвяціў храм пасля рэканструкцыі. 

 

Старшыня Слуцкага райвыканкама Уладзімір Гога:

Спакон вякоў наш горад славіцца багатымі культурнымі традыцыямі, працавітымі і мудрымі людзьмі, якія зрабілі важкі ўнёсак у беларускую і сусветную скарбніцу. Сучасная Случчына дынамічна развіваецца, пры гэтым мясцовыя жыхары зберагаюць традыцыі продкаў, захоўваюць памяць пра папярэднікаў. У рэалізацыі культурнай палітыкі ўдзельнічаюць 66 устаноў, у тым ліку клубнага тыпу, бібліятэкі, дзіцячыя школы мастацтваў, краязнаўчы музей і яго філіялы  — галерэя мастацтваў і музей этнаграфіі. 

Праграма мерапрыемстваў у рамках рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца года” будзе спрыяць прэзентацыі самабытнасці горада, павышэнню яго турыстычнай прывабнасці, развіццю і папулярызацыі дасягненняў нацыянальнай культуры, далучэнню да іх шырокіх слаёў насельніцтва, абмену духоўнымі каштоўнасцямі, актывізацыі творчых ініцыятыў. 

Усе ўстановы культуры актывізаваліся, працуюць на ўздыме і з цікавасцю. На гэты год запланаваны канцэрты вядучых творчых калектываў і выканаўцаў, спектаклі, часовыя экспазіцыі вядомых мастакоў, сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі. Адзначу персанальную выставу заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Пракапцова да 70-годдзя творцы, выставу работ Ігара і Алены Бархатковых. Майстроў слова на Случчыне збяруць XVI Віткаўскія чытанні, прысвечаныя пісьменніку-земляку Васілю Вітку. Дарэчы, падчас форуму плануем урачыстае адкрыццё сквера ў гонар знакамітага літаратара. 

Сёлета ў нашым горадзе ўпершыню пройдзе адкрыты творчы фестываль-конкурс узорных і народных калектываў “Слуцкія карункі”. Адбудуцца адкрыты фестываль навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў “Калядныя сустрэчы”, адмысловы праект “Тэатральныя скрыжаванні” з удзелам самадзейных калектываў краіны. Горад стане пляцоўкай для правядзення абласнога свята рамёстваў “Слуцкія паясы”, адкрытага фестывалю духавой музыкі “Майскі вальс”, фіналу нацыянальнага адбору фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. 

Інтэнсіўнай будзе гастрольная дзейнасць. Мы чакаем у госці Ірыну Дарафееву, Вікторыю Алешка, Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь, ансамбль “Сябры”, арт-гурт “Беларусы”, іншых зорак беларускай і расійскай эстрады. Творчыя калектывы раёна са званнямі “народны” і “ўзорны” парадуюць случчан серыяй канцэртаў, паўдзельнічаюць у святах мікрараёнаў, фестывалі дзіцячай творчасці “Таленты дабрыні”, канцэртах і тэатралізаваных прадстаўленнях да галоўных дзяржаўных свят. 

Для юнакоў і дзяўчат пастараемся напоўніць год яркімі і відовішчнымі падзеямі пад лозунгам “У аб’ектыве моладзь”: напрыклад, раённы конкурс “Творчасць. Талент. Поспех” з удзелам аматарскіх калектываў устаноў культуры і фестываль альтэрнатыўнай культуры “Life Energy”. Для прадстаўнікоў старэйшага пакалення пройдуць конкурсныя праграмы “Супердзядуля” і “Шчасце быць разам”, а таксама творчы марафон вясковай культуры “Няма смачней вадзіцы, як з роднай крыніцы”. 

Асаблівую ўвагу нададзім мерапрыемствам да юбілеяў выбітных асоб  — да 110-годдзя пісьменніка Антона Алешкі, 105-годдзя кандыдата ваенных навук, лаўрэата Ленінскай прэміі Канстанціна Герчыка, да 120-годдзя савецкага канструктара, спецыяліста ў галіне авіяцыйных і ракетных тэхналогій Сямёна Косберга.

Данііл ШЭЙКА