Адкрыццё выставы “Беларусь – Кітай. Супрацоўніцтва і сяброўства”

Апублiкавана: 25 студзеня 2023 Фотарэпартаж Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава “Беларусь – Кітай. Супрацоўніцтва і сяброўства” (з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь). Выставачны праект прысвечаны развіццю дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай, устаноўленых 20 студзеня 1992 года.

Фарміраванне калекцыі кітайскага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь пачалося з 1960 года, і сёння яна налічвае больш за 1500 твораў кітайскай мастацкай культуры.

На выставе прадстаўлены розныя віды і тэхнікі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Кітая XVII – пачатку XXI ст.: фарфоравыя вырабы, кераміка, перагародчатая эмаль, мастацкі метал, разьбяныя і распісныя лакі, разьба па камені, косці, дрэве, ткацтве; мастацтва народнай карцінкі, гохуа (нацыянальны жывапіс на рысавай паперы).

У склад выставы “Беларусь – Кітай. Супрацоўніцтва і сяброўства” ўключаны прадметы, якія рэдка экспануюцца, яны перададзены музею ў дар вядомымі кітайскімі мастакамі або набыты ў калекцыянераў у розныя гады. У рамках выставачнага праекта будзе прадстаўлена каля 70 унікальных экспанатаў.

Выстава будзе працаваць да 12 сакавіка 2023 года.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ