Пасля года Тыгра

Збіраючы нясвіжскія маляванкі, натрапіла на адну, што ціха дажывала свой век у сенцах вясковай хаты: тыгр і леў на зялёнай лугавіне, якую акаймоўваюць купчастыя дрэвы, падобныя да нашых ліп, алешын. Экзатычнасці пейзажу надаюць хіба што чатыры высокія пальмы, схіленыя адна да адной. Напісаная алейнымі фарбамі на шкле маляванка больш як напалову асыпалася. 

Гаспадар, а гэта сын колішняга мастака-самавука Юзіка Мысліцкага з вёскі Сейлавічы, толькі разводзіў рукамі: маўляў, што тут зробіш, асыпаецца, шкло, дый гадоў выяве пад 70 будзе. Шкадаваў яшчэ, бо ў бацькавай спадчыне гэта рэдкі, ці не адзінкавы сюжэт. Знаўцам інсітнага мастацтва вядома, што львы, тыгры сярод райскага краявіду — звычайныя героі народных твораў: найперш прыходзяць на памяць “Рай” ды “Ліст да каханага” Алены Кіш. А вось Юзік Мысліцкі рабіў на замову аднавяскоўцаў і жыхароў суседніх сёл пераважна кветкавыя кампазіцыі ды паўлінаў сярод бэзу і ружаў. Ільва з тыграм пакінуў сабе. Мо як успамін з дзяцінства, як даўняе ўражанне ад маляваных дываноў, што выпадала некалі бачыць. Родам Юзік з Капыльшчыны, з вёскі Чарнагубава (гэта ўжо пасля вайны стаў жыць на Нясвіжчыне). Таму верагодна, што ў раннія гады мастаку пашчасціла натхніцца маляванкамі, мо нават той жа Алены Кіш, з якіх пазіралі на хлопца самавітыя львы ды задуменныя тыгры. 

А цяпер, гледзячы на сейлавіцкіх звяроў, давялося сумна канстатаваць, што да наступнага года Тыгра ім “не дажыць”. Трэба ратаваць. Неяк ратаваць.

ПРЫЛЯЦЕЛІ ПАВЫ 

Прыгадалася супрацоўніцтва на грунце краязнаўства з прадстаўнікамі Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў. Загадчыцы выяўленчага аддзялення, вопытнаму жывапісцу Марыне Канавалавай краязнаўчая тэматыка блізкая. Гэты інтарэс творцы зарадзіўся ў Ня- свіжы, але не запыніўся там. Настаўнік — з ліку тых людзей, каго называюць нашчадкамі Напалеона Орды. Друя, Сынкавічы, Ружаны, Багданава, сядзіба Абуховічаў у Высокай Ліпе… Для Марыны Канавалавай тое не проста месцы слаўнай беларускай даўніны, але і прастора для творчасці, а пасля, як нядаўна было ў Ружанах, — і для аўтарскіх выстаў. Працуючы з дзецьмі, творца жадае пазбавіць выхаванцаў студыйнай руціны і аднастайнасці, імкнецца заахвоціць хлопчыкаў і дзяўчынак да нечаканага, таго, што пашырыць вопыт і навучэнцаў, і педагога. 

“Калі вызбераглі хоць аднаго льва, ваш год не прайшоў дарма. А калі яшчэ і тыгра, то вы сапраўдныя героі!”

Гады тры таму прапа- навала Марыне Пятроўне паказаць студыйцам калекцыю маляванак. Дык разам з выкладчыцай зладзілі не толькі экспазіцыю, але і заняткі “Прыляцелі павы”: расказалі пра мастакоўсамавукаў з Нясвіжчыны, адметнасць мясцовых маляванак, а прыкмеціўшы шчырую цікавасць, прапанавалі перамаляваць найбольш упадабаны народны твор. Юныя мастакі парадавалі і здзівілі. Марына Пятроўна мела рацыю, калі сцвярджа- ла, што дзеці малодшага і сярэдняга студыйнага ўзросту вельмі блізкія па светаадчуванні, добрай чалавечай наіўнасці да народных мастакоў. Асабліва ўразіла работа Мішы Мальца. Пераносячы паўліна на аркуш, ён размяс- ціў птушку на пярэднім плане, а замест кветка- вай засені паказаў родныя прасторы: за адным пагоркам — цэркаўка, за другім — млынок. Атрымаўся — быццам выпадкова, міжволі — своеасаблівы маніфест беларускай маляванкі з выразнай думкай: набожным і працавітым людзям, што жывуць на гэтай зямлі, прыгажосць патрэбная як магутная выратавальная сіла. Вы- хаванне праз народныя традыцыі і мастацтва адбілася ў рабоце Зарыны Верамчук. Новых герояў прапанавала ў вольнай перамалёўцы Даша Рубіс. Падсумоўваючы паспяховыя заняткі, мы ўсцешана адзначалі: павы прыляцелі, павы засталіся з намі! 

УРАТАВАЦЬ ТЫГРА

“Калі вы збераглі хоць аднаго льва, ваш год не прайшоў дарма. А калі яшчэ і тыгра, то вы сапраўдныя героі!” — так і жартам, і ўсур’ёз я падахвочвала навучэнцаў той жа мастацкай школы да высакароднага ўчынку, смелага пачынання, а менавіта — да спробы зрабіць дакладную копію маляванкі Юзіка Мысліцкага дзеля ўратавання твора. Зноў адказна ўзяліся за працу Міша Малец і Дар’я Рубіс — цяпер ужо старажылы студыі. Да іх ахвотна далучыўся Кірыл Шаранда. Спрабавалі і іншыя. Распавядаючы аб такой практыцы, Марына Пятроўна адзначыла: “Міша і Кірыл злучылі намаганні. Упершыню сталася так, што адну работу выконвалі ў чатыры рукі. Цікава было назіраць, як хлопцы каарды- наваліся, абмяркоўвалі дзеянні, падбіралі фарбы. Паводзіліся больш абачліва і адказна, чым звычайна. І вынік неблагі. Як мне падалося, дзякуючы сумеснай працы, сяброўства хлопцаў яшчэ памацнела. Дар’я справілася адна, але ж «выткала, забыўшыся, яе рука» яшчэ і кветкі каля лап ільва і тыгра. Эмацыянальная яна дзяўчынка. А народнае мастацтва наіўнае-то наіўнае, але колькі патаемнага і нечаканага ў сабе хавае!” 

Дзеці зрабілі тое, што ім па сілах і магчымасцях. Акурат пад святыя зімовыя дні. Духоўна ўзвысіўшыся, з годнасцю ступілі ў 2023 год. Грунтоўна адрэстаўраваць народны твор, што знікае на нашых вачах, як і выявіць, уратаваць апошнія маляванкі — справа новых Басалыгаў, кіраўнікоў і спецыялістаў ад культуры, мастакоў-прафесіяналаў, краязнаўцаў. 

Наталля ПЛАКСА, 

г. Нясвіж