Зімовы баль “Зіхаціць баль агнямі Ліды”

Апублiкавана: 31 студзеня 2023 Нам пішуць Музыка Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

27 студзеня ў Палацы культуры горада Ліды ўпершыню адбыўся Зімовы баль “Зіхаціць баль агнямі Ліды” ў рамках адкрыцця мерапрыемстваў, прымеркаваных да 700-годдзя горада Ліды.

У гэты вечар у Палацы культуры горада Ліды панавала атмасфера абсалютнага чараўніцтва – палацавыя дамы і кавалеры, камерны аркестр Лідскага музычнага каледжа, “жывыя” карціны-фотазоны, урокі прыдворнага этыкету і вядома ж танцы...

Цудоўны і грацыёзны, яркі і бліскучы, шумны і раскошны Зімовы баль “Зіхаціць баль агнямі Ліды” адкрыў шырокую танцавальную праграму велічным паланэзам, а далей закружыў пары ў вальсе. Ад удзельнікаў балю немагчыма было адвесці погляд – бліскучае дамы ў пышных сукенках, галантныя кавалеры ў элегантных касцюмах захаплялі ўсіх прысутных.

Выступленні лепшых танцавальных пар студыі бальнага спартыўнага танца “Феерыя-Дэнс” Палаца культуры горада Ліды, салістаў творчых калектываў устаноў культуры і адукацыі, а таксама конкурсы і розыгрышы каштоўных прызоў дапоўнілі праграму мерапрыемства.

У завяршэнні вечара пад гучныя авацыі выбралі караля і каралеву балю.

Чароўны вечар пакінуў у сэрцах кожнага толькі цёплыя ўспаміны!