Беларусь маладая, танцавальная

Апублiкавана: 05 лютага 2023 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Дзяржаўны ансамбль танца прэзентаваў новую праграму — “Беларусь маладая”. Адпаведна назве новымі ў ёй былі салісты, дзякуючы якім вядомыя нумары зайгралі нязвыклымі фарбамі. 

Першую частку вечарыны склаў аднаактовы мюзікл-балет “Шчаўкунок”. Яго прэм’ера ўпрыгожвала летась філарманічную афішу ўсе зімовыя канікулы. Але спектакль не стаў “аднаразовым” святочным ранішнікам, а ўвайшоў у рэпертуар калектыву. Больш за тое, стварэнне новага сінтэтычнага жанру — мюзікла-балета — аказалася настолькі ўдалым, што было вырашана працягнуць працу ў гэтым напрамку. 

— На 2023 год запланаваная “Папялушка”, — распавёў мастацкі кіраўнік Дзяржансамбля танца, народны артыст Беларусі Валянцін Дудкевіч. — Гэта будзе таксама не проста балет, а менавіта мюзікл-балет, дзе вядомая музыка Пракоф’ева прагучыць у сучасных эстрадных апрацоўках і да яе дададуцца вакальныя нумары — прыблізна так, як гэта было з музыкай Чайкоўскага ў “Шчаўкунку”. У нашым калектыве працуе выдатны музыкант Арцём Фралоў, якому і належаць такія апрацоўкі. Дарэчы, вы звярнулі ўвагу, што ў рускім, кітайскім, іспанскім, арабскім танцах скарыстаны адпаведныя народныя інструменты ў запісе? Але галоўнае, нашы артысты здольныя ўвасобіць харэаграфію розных стыляў. 

У апошнім можна было пераканацца падчас прагляду. Той жа “Шчаўкунок” спалучае народны танец, эстрадны і балетную неакласіку. А Фея Месяцовай ночы (Дар’я Сіневіч) увогуле выплывае-верціцца на роліках: фігурнае катанне! Разам з прафесійнымі артыстамі выступаюць юныя і зусім маленькія навучэнцы дзіцячай школы танца L’Ecole, што існуе пры ансамблі. 

Ад гуллівай казачнасці і здаровай іроніі спектакль паступова набліжае гледача да ўзнёслай рамантыкі, выяўленай класічнымі музычна-харэаграфічнымі сродкамі. Кульмінацыяй становіцца знакамітае Адажыа, музыка якога пакінутая ў арыгінале, а салісты Вікторыя Мароз і Ігар Мацкевіч, бліскуча валодаючы балетнай тэхнікай, выяўляюць усю гаму захопленых пачуццяў, што перадаюцца і гледачам. У выніку шлях да класікі пракладаецца для шырокай публікі праз больш раскручаныя сучасныя павевы. 

На жаль, гэтым разам не ўсё было бездакорна з гукатэхнікай, з-за чаго частка слоў гублялася. Шкада, бо лібрэта значна адрозніваецца і ад казкі Гофмана, і ад яе традыцыйных балетных пераказаў, утрымлівае шмат трапных выразаў, добразычлівага гумару. Яно і не дзіва: В. Дудкевіч многа і паспяхова працаваў рэжысёрам, мае выдатны літаратурны густ і добры стыль. Праз падарожжа ў Каралеўства прысмакаў, дзе Дзяўчынка (Соф’я Душэўская) становіцца дарослай Прынцэсай Дражэ, а лялька Шчаўкунок — сапраўдным Прынцам, цяперашняя версія казкі даносіць да гледачоў простыя ісціны (“калі бяжыш, многага не заўважаеш”), ідэі бяскроўнага ўрэгулявання канфліктаў (навошта ваяваць з тымі ж мышамі, калі можна дамовіцца?) і наогул светлае ўспрыманне жыцця. Сапраўды, “усё можна вырашыць мірна, таму што светам кіруе любоў” — у самым шырокім разуменні гэтага слова. 

Яшчэ больш той любові — да розных харэаграфічных стыляў, да жыцця, нарэшце, да роднай Беларусі — было ў кампазіцыях другога аддзялення. Ва ўсіх — свае разыначкі, добра пракрэсленыя сюжэтныя лініі, узаемаадносіны персанажаў, імкненне індывідуалізаваць удзельнікаў. “Люцічы” скарылі моцнай абрадавай стыхіяй архаікі, выкарыстаннем жывога рытмічнага дадатку (тут і барабан, і груканне дзідамі аб падлогу), удалым зваротам да цыркавых элементаў (Ілья Бандаравец дасць фору гімнастам, што працуюць з колам Сіра — унутры вялізнага абруча). “Лаўтары” ўразілі палкай паэтызацыяй цыганскага танца (Ірына Краўцова і Наталля Шабунь). “Вечарына” — яркімі характарамі (Ягор Кожух, Максім Кашэвіч, Данііл Окунеў), дзе ёсць месца нават чачотцы. “Бульба” — стасункамі дзяўчат у ролі бульбінак і “агранома”, што іх узрошчвае (Аляксандр Глазко). 

Валянцін Дудкевіч заўжды ўважліва і вельмі паважліва ставіцца да моладзі, дае ёй магчымасць выявіць і рэалізаваць свой творчы патэнцыял. Харэаграфія “Весначухі” была прыдуманая выпускнікамі БДУКіМ пад кіраўніцтвам А. Аляшкевіча, маладая артыстка ансамбля Святлана Злотнікава паказала прэм’еру свайго сольнага нумара “Над Дунаем”, які стварыла ў стылі contemporarу. Фіналам жа вечарыны сталі выбітныя сольныя выхады найбольш таленавітых маладых танцоўшчыкаў: братоў Ашрафавых — Раміля і Шаміля, Веранікі Барсуковай, Кацярыны Кандратовіч, Мікіты Наўроцкага, Настассі Сліж, Алены Шакала, Марыі Шыцікавай, Аляксея Шырко, Ганны Яроцкай. 

— Я імкнуся прыслухоўвацца да ўсяго, што ёсць у свеце, — дадаў пасля вечарыны Валянцін Уладзіміравіч, — і асабліва да таго, чым цікавіцца моладзь. Бліжэйшая прэм’ера, што адбудзецца ў канцы лютага, так і называецца — “Рытм часу”. Апроч гэтай кампазіцыі і згаданага мюзікла-балета “Папялушка”, запланаваны нумар на саўндтрэк з фільма “Майстар і Маргарыта”. 

Надзея БУНЦЭВІЧ