Філармонія з астраноміяй

Апублiкавана: 14 сакавiка 2023 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

На розных сталічных пляцоўках з’явіўся шэраг праектаў, скіраваных на сінтэз музыкі з іншымі відамі мастацтва і навукі. Сярод іх — тэатр класічнай музыкі “Імпрэсія” ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, а таксама цыкл канцэртаў “Музыка Сусвету” ў Мінскім планетарыі.

УБАЧЫЦЬ МУЗЫКУ

Спробы перавесці слыхавыя адчуванні музыкі ў візуальныя маюць даўнюю гісторыю. Тут і праславутая праграмнасць, што дазваляе “ўбачыць” у музыцы то птушачак, то ваўка ці мядзведзя. І эксперыменты з колерамузыкай, якія вядуць свой адлік не ад А. Скрабіна з яго “Праметэем”, а яшчэ ад І. Ньютана (невыпадкова сем нот — і сем колераў вясёлкі). Нарэшце, усе жанры музычнага тэатра, заснаваныя на сінтэзе мастацтваў. Ці тыя ж песенныя кліпы. Можна згадаць і разнастайныя варыянты візуалізацыі музыкі, не звязанай са словам, у кіно ці мультыплікацыі, дзе маюцца на ўвазе не саўндтрэкі да стужак, а, наадварот, стварэнне відэашэрагу для класічных твораў.

Але ж нават на такім багатым фоне ўзнікненне суцэльнага тэатра класічнай музыкі “Імпрэсія” — папраўдзе штосьці новенькае. І пры гэтым надзвычай папулярнае ў наведвальнікаў філармоніі! Бо збірае аншлагі ў вялікай Канцэртнай зале, прычым квіткі размятаюцца літаральна адразу. Арганізатары “Імпрэсіі” даюць на яе сайце такое азначэнне свайго тэатра: “спецыяльныя фарматы канцэртаў класічнай музыкі з незвычайнымі эфектамі”. Здавалася б, усе складнікі такіх праграм — добра вядомыя. Можна згадаць і тэматычныя, і тэатралізаваныя канцэрты, і жанр інструментальнага тэатра, і суправаджэнне музыкі відэакантэнтам, што атрымліваюць усё большае распаўсюджанне. Аднак тут усё гэтае — разам. І памножанае на элементы шоу.

— Ідэя ўвесці нейкія спецэфекты, тэатральнае святло, прыўнесці ў выкананне класічнай музыкі штосьці блізкае да шоу належала дырэктару IT-кампаніі Марыі Бандарэнка, — гаворыць адзін з арганізатараў “Імпрэсіі”, саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі, лаўрэат міжнародных конкурсаў, піяніст Арцём Шаплыка. — Са свайго боку, я прапанаваў сінтэз мастацтваў і скразное развіццё, уласцівае сімфанізму. Як аказалася, такія супрацьлеглыя паняцці, як сімфанізм, звязаны з філасофскім падыходам, асацыятыўным мысленнем, і шоу, што “рыфмуецца” найперш з забаўляльнасцю, могуць быць узаемадапаўняльнымі. Мы не перапыняем дзеянне, чытальнік звязвае яго ў цэласны сюжэт, прычым зрабіць гэта можна па-рознаму. У “Месяцовым святле” ў аснову было пакладзенае апавяданне Буніна “Ноч”. У “Лясным цары” — наш уласны аповед. У “Мроях кахання”, што выйшлі 14 лютага, — рэальная гісторыя кахання Феранца Ліста да Караліны Вітгенштэйн (назва невыпадкова пазычаная з яго Накцюрна, прысвечанага ёй), лісты кампазітара да яе. Цяпер рыхтуем ужо чацвёртую такую праграму-фантазію, што будзе прымеркаваная да Міжнароднага дня абароны дзяцей. Удзельнічаць запрашаем найлепшых выканаўцаў — салістаў філармоніі, Вялікага тэатра. Пералажэнні для іншага складу, апрацоўкі, а часам і арыгінальныя кампазіцыі замаўляем маладым беларускім творцам: Любові Сыцько, Уладзіміру Ільюшонку. Відэашэраг я рыхтую сам, бо для гэтага трэба добра ведаць музыку, разлічваць усё літаральна па секундах. Спрактыкаваўся яшчэ тады, калі рыхтаваў праект “Музыкатэрапія”, што таксама карыстаецца вялікім попытам. А назва тэатра — “Імпрэсія” — перакладаецца як “уражанне”. І адначасова перагукаецца з адпаведным мастацкім кірункам імпрэсіянізму. Дый сам наш тэатр — гэта не столькі нейкая штатная адзінка ці ўкамплектаваны калектыў, колькі жанр, брэнд. Мы сапраўды імкнёмся падарыць гледачам найперш уражанне — яркае, запамінальнае. А праз яго — разуменне таго, наколькі цікавай і зусім не сумнай можа быць акадэмічная музыка розных эпох.

ПАСЛУХАЦЬ ЗОРКІ

Як вядома, зоркі запальваюцца не толькі на небе, але і ў мастацтве, асабліва эстрадным. У 1960-я космас увогуле моцна паўплываў на беларускую і, шырэй, савецкую музыку, падштурхнуўшы развіццё электроннага напрамку, перадусім у кінамузыцы. Касмічная тэма, надзвычай актуальная пасля палёту Гагарына, патрабавала папраўдзе “незямных” гучанняў.

Мінскі планетарый, што знаходзіцца ў Цэнтральным дзіцячым парку імя М. Горкага, быў адкрыты ў 1965-м. Але ўласна музычныя праекты з’явіліся ў ім усяго некалькі гадоў таму. Спачатку гэта быў цыкл “Музыка пад зоркамі”, потым — “Музыка Сусвету”, тры чарговыя канцэрты якога ладзяцца 16—18 лютага. У невялічкай круглай зале, разлічанай усяго на сотню месцаў, гучыць жывая музыка, а на купале, дзе дах натуральна “перацякае” ў сцены, дэманструюцца карціны зорнага неба. Адчуванне, што ты сапраўды ў космасе! І слухаеш не музыкантаў, а спевы сваёй душы. Такая асаблівая атмасфера схіляе наведвальнікаў і да рамантыкі, і да філасофскіх роздумаў. Дый увогуле дае магчымасці самапаглыблення, унутранай медытацыі, што ў наш век павышаных хуткасцей і гэткіх спрэс стрэсавых сітуацый становіцца для чалавека першай неабходнасцю і нават выратаваннем.

— Мы запрашалі і асобных музыкантаў, і Духавы квінтэт салістаў Вялікага тэатра, — распавёў загадчык планетарыя Аляксандр Мікуліч. — Гэтым разам тры вечары запар выступаюць салісты Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра. І не ўпершыню: першая серыя іх канцэртаў прайшла ўлетку. З ініцыятывай выступіла дырэктар гэтага славутага калектыву Вольга Цяцерская, мы заключылі дамову з Беларускай дзяржаўнай філармоніяй, таму гэты праект можа лічыцца сумесным, ён невыпадкова патрапіў не толькі ў нашу, але і ў філарманічную афішу. Музыканты самі складаюць праграму, мы ж, са свайго боку, дапаўняем яе відэапраекцыяй, што адпавядала б гукавой аўры абраных імі твораў. Дарэчы, цяперашнія тры канцэрты 16, 17 і 18 лютага ўтрымліваюць як старадаўнюю, так і сучасную музыку ХХ—ХХІ стагоддзяў, што адкрывае новыя мастацкія далягляды.

Зірнуўшы на афішу, у лютаўскім цыкле няцяжка заўважыць класічную трохчасткавую форму, што з’яўляецца адной з самых гарманічных. Першая і трэцяя вечарыны, утвараючы своеасаблівую арку, прысвечаны сучасным замежным творам. Некаторыя з іх (да прыкладу, з Венгрыі, Вялікабрытаніі, Японіі) стануць адкрыццём нават для меламанаў. А сярэдзіну згаданай аркі складае канцэрт, дзе прагучыць сапраўдны барочны хіт — знакамітыя “Поры года” А. Вівальдзі, якія ўваходзяць, між іншым, у ягоны зборнік “Спрэчка гармоніі з вынаходніцтвам”.

Апошняя назва, дарэчы, даволі сімвалічная не толькі для кампазітара. Бо гармонія з музыкай не адзінае “вынаходства” Мінскага планетарыя. Тут спалучылі космас яшчэ і з... Акадэміяй мастацтваў.

— Студэнты ў якасці сваіх курсавых, дыпломных работ, — працягвае Аляксандр Валер’евіч, — рыхтуюць кароткаметражныя стужкі, ролікі. Некаторыя паспяваюць зрабіць паўнавартасныя фільмы, якія паказваюцца ў нашым планетарыі, удзельнічаюць у міжнародных фестывалях, конкурсах, і не толькі на Мінскім міжнародным фестывалі паўнакупальных фільмаў, але і ў Расіі, Еўропе, ЗША, Аўстраліі, Японіі. Прычым спаборнічаюць такія стужкі вельмі паспяхова, атрымліваюць прэстыжныя ўзнагароды. І, да ўсяго, папулярызуюць не толькі астраномію, але і нашу нацыянальную культуру. Увосень у Іркуцку праходзіў 21-ы Міжнародны Байкальскі кінафестываль “Чалавек і прырода”. Дык у секцыі паўнакупальнага кіно ўзнагародамі былі адзначаныя адразу дзве беларускія стужкі, і сярод іх — дыпломны фільм Надзеі Гіль “Вечны вандроўнік на зорным шляху”, прысвечаны Язэпу Драздовічу. Падобных прыкладаў шмат! Праходзяць у нас практыку і студэнты факультэта дызайну. Бо нязвыклы фармат памяшкання планетарыя дае мастакам дадатковыя магчымасці, прывучае адчуваць прастору, працаваць у ёй, развівае прасторавае мысленне.

Што ні кажыце, а мастацтва — гэта суцэльны космас. У сваю чаргу, касмічная тэма — частка любога віду мастацтваў. Дык чаму ж ім не пасябраваць? Дарэчы, учора Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І.Жыновіча прэзентаваў беларускую прэм’еру — “Рух планет” Аліны Безенсон.

Надзея БУНЦЭВІЧ

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ