Зор­кі і за­ра­ні­цы

Апублiкавана: 15 сакавiка 2023 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: Аўтары

Яркім фіналам рэспубліканскага конкурсу“Песня года Беларусі” стаўся канцэрт у мінскім Палацы спорту. Па “Залатыя дыскі” на сцэну выйшлі найлепшыя аўтары і выканаўцы краіны. 

Найлепшай песняй года стала “За намі праўда” з рэпертуару артгурта “Беларусы”, прэм’ера якой адбылася ў верасні на маштабным патрыятычным форуме “Гэта НАША гісторыя” да Дня народнага адзінства ў “Мінск-арэне”. Над творам працавалі кампазітар Валерый Шмат і паэт-песеннік Ганна Сялук. Яны ж атрымалі ўзнагароды ў намінацыях “Найлепшы аўтар музыкі” і “Найлепшы аўтар слоў” адпаведна. Дарэчы, гэта не першая сумесная работа згаданага дуэта. На ўсю краіну раней прагучалі песні на ваенную тэму “Голас мамы” і лірычная “Самае галоўнае” Валерыя Шмата і Ганны Сялук. 

Выканаўцам года стала Вікторыя Алешка. Працаздольнасці і апантанасці заслужанай артысткі могуць пазайздросціць многія калегі: толькі летась яна выпусціла 9 новых песень, 5 відэакліпаў і зладзіла каля паўтараста выступленняў на розных пляцоўках Беларусі. Следам за знакамітай спявачкай — таленавітая моладзь. Іван Зданюк прызнаны найлепшым радыёвыканаўцам, а вядомы па тэлеконкурсе “Х-фактар. Беларусь” Мікіта Бялько перамог у намінацыі “Адкрыццё года”. Найлепшым гуртом года эксперты прызналі “Аўру”, а званне “Дуэт года” заваявалі ТЕО і Вольга Рыжыкава. 

Спецыяльнай узнагароды “За ўклад у развіццё эстраднай папулярнай музыкі” ўдастоены Васіль Раінчык, “За адданасць беларускай эстрадзе” — Руслан Аляхно, “За ўклад у развіццё музычнай індустрыі” — Алег Шаўмараў. Кампазітар і музыкант Яўген Алейнік атрымаў спецыяльную ўзнагароду Міністэрства культуры “За выдатныя дасягненні ў сферы беларускай папулярнай музыкі”. Тэлеверсію “Песні года Беларусі” можна ўбачыць 18 сакавіка на АНТ.