Рэальная карысць ад віртуальных тэхналогій

Апублiкавана: 16 сакавiка 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: РУДАК Антон

Сёння бібліятэчная сетка Беларусі налічвае больш за сем тысяч публічных і спецыяльных бібліятэк, іх карыстальнікам з’яўляецца кожны чацвёрты жыхар Беларусі. У сувязі з выклікамі новага часу ўсё большую актуальнасць набывае пытанне арганізацыі аддаленага доступу да фондаў бібліятэк у электронным выглядзе. Прытым прадстаўнікі бібліятэк і стваральнікі інфармацыйных рэсурсаў надаюць асаблівую ўвагу пошуку кансэнсусу паміж агульнадаступнасцю інфармацыі і абаронай аўтарскіх правоў. 

Пераўтварэнне эканомікі на аснове лічбавых тэхналогій сёння з’яўляецца адным з нацыянальных прыярытэтаў і напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай дзяржавы. Адной з задач Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2021—2025 гады вызначаная інфарматызацыя і стварэнне нацыянальнага лічбавага кантэнту ў сферы культуры. У рамках згаданай праграмы мяркуецца стварэнне і развіццё электронных рэсурсаў бібліятэк як інфармацыйнай сістэмы для забеспячэння аддаленага доступу карыстальнікаў. Таксама прадугледжваецца мадэрнізацыя інфармацыйных сістэм і рэсурсаў, у тым ліку электроннага каталога бібліятэк Беларусі, удасканаленне тэлекамунікацыйнага і сканавальнага абсталявання бібліятэк, распрацоўка аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы кіравання электроннымі перыядычнымі выданнямі і прадстаўлення навуковых публікацый у міжнародных рэгістрах. Акрамя таго, мяркуецца стварэнне электроннага сховішча для пастаяннага захоўвання дакументаў бібліятэк Беларусі, а таксама алічбоўка фондаў музеяў, бібліятэк, аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны і кінафонду Беларусі. 

ПА ЎСЁЙ КРАІНЕ 

Стварэнне сістэмы лічбавай трансфармацыі бібліятэчнай галіны Беларусі прадугледжвае работу па чатырох асноўных напрамках: гэта ўдасканаленне інфармацыйнай інфраструктуры, агрэгацыя нацыянальных інфармацыйных рэсурсаў, стварэнне адзінай нацыянальнай бібліятэчнай платформы, якая будзе з дапамогай воблачных тэхналогій кіраваць як друкаванымі, так і электроннымі рэсурсамі, а таксама ўкараненне новых фарматаў прафесійнага навучання і абнаўленне зместу адукацыйных праграм з мэтай перападрыхтоўкі спецыялістаў, якія будуць валодаць навыкамі і кампетэнцыямі ў галіне лічбавых тэхналогій. 

Летась у кожнай з абласцей Беларусі былі створаныя цэнтры па алічбоўцы выданняў для нацыянальнай электроннай бібліятэкі. У планах на будучыню — з’яўленне электроннай платформы і распрацоўка праграмнага забеспячэння для яе дзейнасці. Для фінансавання работы па арганізацыі электроннай бібліятэкі была пададзеная заяўка ў Міністэрства сувязі і інфарматызацыі па ўключэнні гэтых мерапрыемстваў у Дзяржаўную праграму па лічбавым развіцці Беларусі на 2021—2025 гады — разгляд заявак мусіць адбыцца ў лютым. 

ЗАХАВАЦЬ І ЗРАБІЦЬ ДАСТУПНЫМІ 

Як распавяла генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксана Кніжнікава, стварэнне электроннай бібліятэкі дазволіць захаваць у лічбавай форме рэдкія выданні, якія зберагаюцца не толькі ў Нацыянальнай бібліятэцы, але і ў абласных бібліятэках. Таксама мяркуецца, што будуць прадстаўленыя выданні, на якія не распаўсюджваецца аўтарскае права, і кнігі тых аўтараў, якія перадалі бібліятэкам правы на алічбоўку і іх прадастаўленне ў агульнае карыстанне. Акрамя таго, у рамках электроннай бібліятэкі можа быць забяспечаны доступ і да лічбавых рэсурсаў і баз звестак бібліятэк іншых краін, з якімі заключаныя адпаведныя пагадненні. 

Важнай перавагай электроннай бібліятэкі з’яўляецца прадастаўленне адзінага пункту доступу да мноства лакальных электронных рэсурсаў бібліятэк краіны, а таксама забеспячэнне эфектыўнай навігацыі па іх з дапамогай пошукавых сістэм. У Нацыянальнай бібліятэцы пераводзіць выданні ў лічбавую форму пачалі яшчэ ў 2002 годзе, а цяпер чарга дайшла і да рэгіянальных бібліятэк — тут перавагу аддаюць перадусім алічбоўцы краязнаўчых выданняў і перыёдыкі, якія складаней за ўсё захоўваць у папяровым выглядзе. Мяркуецца, што, калі ўзнікне адзіная агульнанацыянальная электронная бібліятэка, доступ да гэтай платформы будуць мець карыстальнікі ўсіх бібліятэк краіны. 

КНІГІ, ДАКУМЕНТЫ, ПЕРЫЁДЫКА… 

Нацыянальная бібліятэка пастаянна вядзе работу па стварэнні лічбавага кантэнту і пераводзе выданняў у электронны від. У 2020 годзе быў запушчаны анлайн-рэсурс, які аб’ядноўвае рукапісы сучасных беларускіх аўтараў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, а пазалетась былі прэзентаваныя Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь і анлайн-энцыклапедыя “Беларусь у асобах і падзеях”. 

Таксама актыўна вядзецца работа па стварэнні міжнародных лічбавых калекцый дакументаў: тут можна прыгадаць праект “Залатая калекцыя Еўразіі”, накіраваны на прэзентацыю найбольш выдатных і каштоўных выданняў, якія прадстаўляюць культуры краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У рамках гэтага праекта Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі былі прадстаўленыя сто пяць выданняў — зрэшты, Беларусь з’яўляецца лідарам сярод усіх краін-удзельніц па колькасці выданняў, даступных у праекце. 

Сумесна з Прэзідэнцкай бібліятэкай імя Б.М.Ельцына Нацыянальная бібліятэка Беларусі брала ўдзел у стварэнні электроннай калекцыі “Памяць аб вялікай перамозе”, у якую беларускім бокам было прадстаўлена каля шасцісот дакументаў. Расійскія ж калегі, у сваю чаргу, перадалі для нашых лічбавых калекцый копіі амаль усіх памятных кніжак беларускіх губерняў, якія выдаваліся штогод у часы Расійскай імперыі і з’яўляюцца каштоўнымі крыніцамі па гісторыі гэтага перыяду. 

На сучасным, пачатковым этапе рэалізацыі канцэпцыі нацыянальнай электроннай бібліятэкі адбываецца збор дакументаў у лічбавай форме. Але ўжо робіцца ясна, што з’яўленне такой платформы значна аблегчыць доступ да рэдкіх і каштоўных выданняў для кожнага карыстальніка бібліятэк Беларусі, даўшы яму магчымасць азнаёміцца з найлепшымі выданнямі як з бібліятэчнага фонду краіны, так і з калекцый замежных устаноў, якія супрацоўнічаюць з айчыннымі бібліятэкарамі і маюць адпаведныя пагадненні, а таксама — адкрыўшы магчымасць азнаёміцца са шматлікімі віртуальнымі выставамі ды іншымі рэсурсамі. 

Вядома, стварэнне такой сістэмы — справа не аднаго дня, яна патрабуе прыкладання значных высілкаў, але першы крок у гэтым кірунку робіцца ўжо сёння. 

Антон РУДАК