Сведкі і сведчанні

Апублiкавана: 16 сакавiка 2023 Стужка Афіцыйна Мінск Год міру і стварэння

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Якія формы працы найлепш дапамагаюць далучыць наведвальнікаў да гісторыі краю. Паспрабуем разабрацца праз досвед пераможцаў рэспубліканскага конкурсу на найлепшы праект патрыятычнай тэматыкі.

МУЗЕЙ НА КОЛАХ 

Праз аптымізацыю сеткі культурных устаноў важным трэндам стала абслугоўванне ў мабільным фармаце. І перайсці да раз’язной працы могуць не толькі бібліятэкі ды клубы. Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў летась зладзіла тэматычную выставу да Года гістарычнай памяці, якая пабывала ажно ў 14 аграгарадках. 

— Мы пайшлі да сельскага жыхара разам са сваімі музейнымі прадметамі. З красавіка па верасень перасоўную экспазіцыю наведалі больш чым паўтары тысячы чалавек — жыхары Браслаўшчыны і госці, што прыехалі ў наш край на летні адпачынак. Такім чынам, атрымалася выканаць не толькі асветніцкую задачу, але і прарэкламаваць музей. Нават цяжка падлічыць, колькі фотаздымкаў з выставы апублікавалі гледачы ў сацыяльных сетках. Нам сталі больш тэлефанаваць, сталі часцей прыходзіць у стацыянарныя музеі, — дзеліцца навуковы супрацоўнік Ірына Макарэвіч. 

Мабільная экспазіцыя Браслаўскага аб'яднання музеяў

Мабільная экспазіцыя Браслаўскага аб'яднання музеяў

Экспазіцыя складалася з трох раздзелаў. У першым, ваеннай тэматыкі, былі прадстаўлены інфармацыйныя планшэты і арыгінальныя прадметы. Другая частка прысвечана славутым землякам, такім як медык Станіслаў Нарбут і этнограф Мар’ян Пецюкевіч. Заключная частка распавядала пра традыцыйную культуру. Яна змяшчала этнаграфічныя рэчы, а таксама работы народных майстроў — вырабы з гліны, лазы і саломкі, узоры ткацтва, вышыўкі і разьбярства. Асабліва наведвальнікам прыйшлася даспадобы інтэрактыўнасць выставы. Замест вывучэння экспанатаў праз шкло, як у класічным музеі, — магчымасць проста дакрануцца да артэфактаў: памацаць, прымерыць на сабе, зрабіць сэлфі. 

НЕ ЗАБУДЗЕМ! 

Лідскі гісторыка-мастацкі музей у Год гістарычнай памяці арганізаваў інтэрактыўны праект “Памяццю жывыя”, што ўяўляе сабой комплекс музейных кірункаў — ад збору інфармацыі да яе папулярызацыі. У абноўленых экспазіцыйных прасторах, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, адбыўся цыкл лекцый, сустрэч, гадзін памяці да найважнейшых дат года, у тым ліку да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. 

Экскурсія па экспазіцыі "Памяццю жывыя" ў Лідскім музеі

Экскурсія па экспазіцыі "Памяццю жывыя" ў Лідскім музеі

Крэатыўна адмыслоўцы падышлі да працы з маленькімі наведвальнікамі. Каб раскрыць дзецям трагічныя падзеі мінулага, музейшчыкі звярнуліся да звычайных “мірных” рэчаў. Шмат што расказаць пра вайну можа нават сталовы прыбор. Сын піша маці з фронту аб згубленай лыжцы. Дзе браць сілы? Як есці капусту ды кашу? Вакол гэтай шчымлівай гісторыі пабудаваны музейнапедагагічны занятак “Лыжка для салдата”, а інтэрактыўная сустрэча “Хлеб вайны і хлеб Перамогі” расказвае, як маленькая скібачка з дамешкамі, скарынка ці нават крошка станавіліся сапраўдным багаццем. 

Варта адзначыць, што музей мае ў структуры некалькі аб’ектаў. Старажытны Лідскі замак — у ліпені 1941 года акупанты стварылі там транзітны фільтрацыйны лагер для савецкіх ваеннапалонных. За месяц праз Дулаг-155 прайшлі каля 3 тысяч чалавек. Падрабязней пра гэтую частку гісторыі расказала выстава, што размясцілася на замкавым двары. А ў доме Валянціна Таўлая па традыцыі працуюць з людзьмі сталага веку. Штотыдзень у гістарычную гасцёўню “Памяць за сабой пакліч” завітваюць дзеці вайны, каб успомніць былое. У доўгіх шчырых размовах за гарбатай адкрываюцца новыя цікавыя моманты, аднаўляюцца ў памяці забытыя эпізоды. Дарэчы, лідскія музейшчыкі рупліва збіраюць кожную такую вестку з мінулага. На аснове гэтых ўспамінаў навуковы супрацоўнік і куратар гістарычнай гасцёўні ў доме Валянціна Таўлая Анастасія Каладзяжная падрыхтавала кнігу “Памяць — галоўны сведка”. Выданне ўключае аповеды дзясяткаў маленькіх сведкаў вайны — тых, хто жыў з сям’ёй на акупаванай тэрыторыі ці ў блакадным Ленінградзе, хто трапіў у канцлагер або быў вывезены на прымусовую працу ў Германію, чые бацькі былі партызанамі або вайскоўцамі. Неўзабаве можа пабачыць свет і другі том. 

Музей — у кожны аграгарадок

Музей — у кожны аграгарадок

Плённым сталася супрацоўніцтва музея з пракуратурай. Агульнымі намаганнямі была створана часовая экспазіцыя аб генацыдзе беларускага народа “Памяццю жывыя”, што ўключае больш за 30 прадметаў. Да таго ж структуры абменьваліся інфармацыяй. Як вядома, падчас расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады вайны ўдалося раскрыць шмат эксклюзіўных фактаў.

ЗНАЁМСТВА З РОДНЫМ ГОРАДАМ 

Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага заклікае кожнага свайго карыстальніка: “Ведай і любі сваё!” Так называецца інтэрактыўны краязнаўчы праект, які ўключае ажно чатыры кірункі. Найперш супрацоўнікі ладзяць тэматычныя выставы. Як расказала дырэктар Марына Ігнатовіч, нярэдка яны носяць мабільны характар: праходзяць у навучальных установах і на прадпрыемствах абласнога цэнтра. Ярка і змястоўна раскрыць гісторыю старадаўняга горада дапамагае супрацоўніцтва з прыватнымі калекцыянерамі. Такім чынам атрымліваецца насыціць выставы не толькі літаратурай, але і разнастайнымі прадметамі матэрыяльнай культуры. Цікавейшай віртуальную вандроўку па эпохах робяць таксама макеты Каложскай царквы, Фарнага касцёла Святога Францішка Ксаверыя і іншых славутасцей. 

База даных "Гродзенская губерня"

База даных "Гродзенская губерня"

Яшчэ адзін кірунак — разнастайныя інтэрактыўныя падзеі. Да прыкладу, карыстальнікам прапануюць паспаборнічаць у веданні свайго горада ў бібліябатле “Аўтастопам па Гродне” — віктарыне кшталту “Сваёй гульні” з маляўнічымі ілюстрацыямі на вялікім сэнсарным экране. 

Шанец перамагчы ў такім выпрабаванні адназначна большы, калі вы бывалі раней на лекцыях-шпацырах ад абласной бібліятэкі. Напрыклад, падчас прагулкі “Знаёмы незнаёмы Гродна” ахвотныя дазнаюцца, дзе размяшчаліся першыя кінатэатры горада або якая плошча за сваю гісторыю змяніла назву восем разоў. Распрацаваныя таксама пешыя тэматычна-аглядныя лекцыі па літаратурных мясцінах, аб яўрэйскіх старонках мінуўшчыны, гісторыі ўстаноў адукацыі і нават па развіцці піваварэння. Такая форма, дарэчы, дапамагае бібліятэцы атрымліваць прыбытак. 

Лекцыяшпацыр па гродзенскіх вулках

Лекцыяшпацыр па гродзенскіх вулках

Не забываюцца адмыслоўцы на працу ў анлайн- прасторы. Установа распрацавала агульнадаступную базу даных “Гродзенская губерня”, дзе адлюстраваны дакументы аб палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці краю. Гэта асобныя выданні і артыкулы з іх на беларускай, рускай і польскай мовах, выдадзеныя з 1801 па 2020 год. Усяго выкарыстана больш за 600 матэрыялаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, Нацыянальнага гістарычнага архіва ў Гродне ды іншых скарбніц. Падзеленыя дакументы на тэматычныя калекцыі: “Адукацыя”, “Этнаграфія”, “Літаратурнае жыццё” і інш. Такім чынам, рэсурс дапаможа школьнікам, студэнтам, краязнаўцам-аматарам і прафесійным навукоўцам у даследаваннях мінуўшчыны старадаўняга горада. 

Данііл ШЭЙКА