Мікалай Гусоўскі і “Песня пра Зубра”

500 гадоў таму выйшла з друку “Песня пра зубра”, напісаная пра наш край на лацінскай мове. 50 гадоў таму яе ўпершыню пераклалі на беларускую, але ўвага да паэмы і яе аўтара не сціхае і па сёння. 

Вось як выказаўся ў 1887 годзе адзін з перакладчыкаў паэмы Артур Лейст: “Многія народы Еўропы, якія маюць дзяржаўную незалежнасць і якія яшчэ спадзяюцца яе атрымаць, з нязвыклай удзячнасцю пакланіліся б ад сябе і ад нашчадкаў таму свайму сыну, які б пакінуў ім у спадчыну падобны твор, незалежна ад мовы, якой такі твор мог быць напісаны. І першымі сярод іх беспамылкова можна было б назваць славян-беларусаў, старажытная культура якіх пакуль што яшчэ вельмі мала вядомая адукаванаму свету, але якія яшчэ ў рамках сумеснай сваёй феадальнай дзяржавы з Літвою мелі такога буйнога паэта, як Мікалай Гусавянін з яго «Песняй пра зубра», напісанай на старажытнай латыні”. Праўда, прайшло амаль стагоддзе, перш чым “Песня” загучала па-беларуску ў перакладзе Язэпа Семяжона. З цягам часу з’явілася яшчэ некалькі перакладаў (у тым ліку з лаціны Уладзіміра Шатона). Далучыліся да папулярызацыі асобы Гусоўскага і мастакі. Таму сёння Мікалай Гусоўскі ў Беларусі не менш вядомы, чым яго сучаснік Францішак Скарына, наш першадрукар. Дарэчы, яднае іх і тое, што жыццярысы абодвух выдатных дзеячаў маюць вялікую колькасць г. зв. белых плям. 

СВЕТАМ КІРУЮЦЬ ВЫПАДКІ 

З тэкстам паэмы Артур Лейст пазнаёміўся толькі дзякуючы збегу абставін. У 1855 годзе намаганнямі пецярбургскай Імператарскай публічнай бібліятэкі было падрыхтавана перавыданне “Carmen de statura feritate ac venatione bisontis” (“Песня пра постаць, лютасць зубра і паляванне на яго”). Шкада, у ім не знайшлося месца эпіграмам і вершам, якія меліся ў арыгінале. Перавыданне было зробленае з асобніка 1523-га, у 1853 годзе падараванага бібліятэцы былым берасцейскім ксяндзом Юзафам Малышэвічам. Адкуль у ксяндза ўзялася кніга, якая ўжо ў XVIII стагоддзі была надзвычай рэдкай нават у магнацкіх кніжных зборах, даследчыкі, на жаль, не даведаліся.

УРЫЎКІ З ЖЫЦЦЯРЫСУ 

Пытанне паходжання Мікалая Гусоўскага сёння абмінём. Выкажам толькі меркаванне, што паходзіў ён, хутчэй за ўсё, з Падляшша, якое ў тыя часы было ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Гэтым можна патлумачыць шчыльную сувязь Гусоўскага з віленскім ваяводам, князем Святой Рымскай імперыі на Гонядзі і Мядзелі Мікалаем Радзівілам і Эразмам Цёлкам, пробашчам і канонікам Віленскай капітулы, плябанам у Гонядзі, пазней плоцкім біскупам. 

Лічылася, што Гусоўскі нарадзіўся недзе ў 1475—1480-х. Новую дату прапанаваў польскі гісторык Веслаў Урубель, які мяркуе, што паэт прыйшоў на свет каля 1490-га. Гэта пасуе да знойдзеных ім звестак пра з’яўленне ў Кракаўскай акадэміі ў 1505 годзе нейкага Мікалая сына Мікалая з Кошава (Урубель лічыць, што назва “Гусаў” тут запісана з памылкай). Мікалай з Кошава, відаць, не давучыўся, бо сярод бакалаўраў яго імя адсутнічае. Але з’яўленне на сцэне 22 жніўня 1515 года перамышльскага клірыка і публічнага натарыуса Мікалая Мікалаевіча Гусоўскага, які склаў тастамент кароннага вялікага падскарбія Андрэя Касцельскага, наводзіць на роздум. Ці не быў гэта наш герой, якому ў юнацтве склалі пратэкцыю Радзівіл і Цёлак? Бо ад таго часу і да 1520-х Гусоўскі, Радзівіл і Цёлак былі шчыльна звязаныя міжсобку. Глядзіце самі: 29 ліпеня 1518 года Мікалай Гусоўскі знаходзіцца ў Воўпе, што блізу Ваўкавыска, бо луцкі біскуп Павел Гальшанскі даручыў яму важную місію — скласці тастамент маці Сафіі Гальшанскай (дваюраднай сястры Мікалая Радзівіла). З задачай Гусоўскі справіўся: 9 чэрвеня 1519 года ён ужо як радзівілаўскі натарыус рыхтуе ліст ад віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла да Яна Славінскага адносна яго маёнтка ў Падляшскім ваяводстве. А далей мы Гусоўскага сустракаем у атачэнні Цёлка ў Рыме, куды ён мог прыбыць, хутчэй за ўсё, у 1521-м. 

У ВЕЧНЫ ГОРАД 

Акалічнасці “пасольства” Гусоўскага ў Рым застаюцца ў прыцемках. Вядома толькі адно: з даручэння Эразма Цёлка Мікалай Гусоўскі мусіў напісаць паэму. Паэму разам з пудзілам літоўскага зубра Цёлак меў намер падараваць Папу Рымскаму Льву Х, зацятаму паляўнічаму. Чаму хочацца лічыць праўдай тое, што паведамляе пра сябе Гусоўскі? Паэма выйшла пад яго ўласным імем. Пэўна, выхваляку, які распавядаў бы пра паляўнічыя прыгоды, а сам у руках ні мяча, ні лука не трымаў ды зубра ад дзіка не адрозніў, прасіць пісаць паэму не сталі б. Смех у зале — гэта не тое, на што разлічвалі Цёлак і Радзівіл, патроны Гусоўскага. Сэнсам місіі Цёлка ў Рыме было яднанне хрысціянскага свету супраць агульнага ворага. Вось чаму ў паэме гэтая думка ідзе чырвонай ніцявінай і гучыць ледзь не як прамовы самога Цёлка на соймах ці папскіх аўдыенцыях. Праўда, паспяховай апошнюю місію Цёлка, якая пачалася ў 1518-м, не назавеш. Спярша, 12 студзеня 1519 года, памёр імператар Максіміліян, які меўся ачоліць крыжовы паход на туркаў. За ім, 1 снежня 1521 года, адышоў у лепшы свет Папа Рымскі. На пачатку 1522-га не стала Мікалая Радзівіла. А 9 верасня таго ж года пакрочыў за імі і Эразм Цёлак. Таму ўся справа, у тым ліку і сімвалічны падарунак пудзіла вялізарнага зубра, і паэма, поўная непрыхаваных палітычных заклікаў, стала неактуальнай. З’ехаўшы з Рыма ў Кракаў, Гусоўскі дапісвае паэму, прысвячае яе ўжо не Папу Рымскаму, а каралеве Боне і яе сакратару, і выдае ў друкарні Ераніма Віетэра твор, які ўславіць яго імя праз вякі. Цягам двух наступных гадоў Гусоўскі напіша яшчэ дзве паэмы, некалькі прысвячэнняў, звароты да чытачоў і вершы. 

АПОШНІ СЛЕД 

Мікалай Гусоўскі з Пултуска 11 лютага 1531 года шле ліст да Яна Карнкоўскага, перамышльскага біскупа, свайго даўняга знаёмага і апекуна. У ім стары паэт прасіў прабачэння, што нячаста піша, бо нічога вартага ўвагі ў яго жыцці не адбывалася, а займаць час суразмоўцы пустымі размовамі ён не наважваўся. Гусоўскі паведамляў, што здароўе яго не паляпшаецца, а пакуты ён аблягчае заняткамі, увесь час чытаючы або нешта пішучы (!). У 1533-м у чужых кніжках выйшлі два вершы Мікалая Гусоўскага. Далей жыццярыс паэта абрываецца. Ці памёр ён у Пултуску, які быў не так ужо далёка ад Падляшша, ці лёс закінуў яго ў іншы горад, — невядома. 

ТВОРЧЫ НАРОБАК 

Сярод беларускіх даследчыкаў няма аднагалосся, колькі твораў (14 ці 17) пакінуў нам у спадчыну Гусоўскі. У 2011-м выйшла кніга літаратуразнаўцы Сяргея Кавалёва “Літаратура Вялікага Княства Літоўскага XVI — пачатку XVII ст. Феномен культурнага памежжа”, у якой аўтар абгрунтавана прапануе спыніцца на лічбе 17. У гэтую колькасць уваходзяць тры паэмы — “Песня пра постаць, лютасць зубра і паляванне на яго” (1523), “Новая і надзвычайная перамога над туркамі ў ліпені месяцы” (1524), “Пра жыццё і подзвігі святога Гіяцынта” (1525). Рэшту складаюць вершы і эпі- грамы, сярод якіх прысвячэнні каралеве Боне, Эразму Цёлку, Людовіку Альфію, Яну Карнкоўскаму. Цікава, што большая частка творчасці Мікалая Гусоўскага знаходзіцца пад адной вокладкай — паэма “Песня пра зубра” і 11 вершаў. Апошнія вядомыя сёння творы Гусоўскага — “Да чытача” і “Заахвочванне пастараў да апекі над Гасподняй паствай” — друкарскі варштат адціснуў у 1533-м. Ёсць сумневы, што гэта ўсё, што зрабіў Мікалай Гусоўскі за дзесяць гадоў літаратурнай дзейнасці. Але пакуль даследчыкі вышукваюць яе сляды ў архівах, ці не варта было б падумаць над выданнем усёй вядомай спадчыны паэта пад адной вокладкай? Зачакаліся! 

Зміцер ЮРКЕВІЧ