Якім будзе лёс гістарычных муроў на беразе Бярэзіны?

Апошнім часам зноў пачалі актыўна абмяркоўвацца перспектывы рэгенерацыі Бабруйскай крэпасці, унесенай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Комплекс складаюць 48 аб’ектаў, з якіх 32 знаходзяцца ў камунальнай уласнасці і належаць Бабруйскаму краязнаўчаму музею, а 16 — прыватным уласнікам. Канцэпцыю рэгенерацыі і прыстасавання будынкаў распрацоўвае інстытут “Белдзяржпраект”. На тэрыторыі, дзе падчас нацысцкай акупацыі размяшчаўся лагер для савецкіх ваеннапалонных, прадугледжваецца магчымасць стварэння цэнтра патрыятычнага выхавання і музейнай экспазіцыі за кошт сродкаў Саюзнай Дзяржавы. Гэтая гістарычная мясціна бачыла многае. 

ЗНІКЛЫ ГОРАД 

Драўляны замак у Бабруйску ўпершыню згадваецца ў 1387 годзе, хаця, вядома, паселішча на гэтым месцы існавала і раней. У складзе Вялікага Княства Літоўскага Бабруйск, дзякуючы свайму выгоднаму геаграфічнаму становішчу, зрабіўся буйным і заможным, атрымаў магдэбургскае права, тут квітнелі рамёствы і гандаль. Але лёс не заўжды быў літасцівы да горада і яго жыхароў — у сярэдзіне XVII стагоддзя Бабруйск зведаў разбурэнні падчас паўстання пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай. 

У 1793 годзе, у выніку другога падзелу “дзяржавы абодвух народаў”, Бабруйск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. Мірнае існаванне горада і гэтым разам надоўга не зацягнулася — яшчэ да пачатку новай вайны Бабруйск зрабіўся ахвярай падрыхтоўкі да баявых дзеянняў. У 1807 годзе горад быў абраны месцам будаўніцтва магутнага фартыфікацыйнага комплексу — адной з крэпасцей, якія мусілі ахоўваць новадалучаныя тэрыторыі імперыі. 

АПОШНІ СЛЕД 

Стары Бабруйск, як і Брэст, быў зруйнаваны амаль цалкам, а на яго месцы была ўзведзеная агромністая сістэма земляных і мураваных умацаванняў. Зрэшты, збудаваць крэпасць цалкам да пачатку вайны ў 1812 годзе не паспелі, і асноўную частку комплексу ўзводзілі ажно да трыццатых гадоў XIX стагоддзя. Адзіны будынак, які захаваўся на тэрыторыі цытадэлі ад старога горада, — былы касцёл святых Пятра і Паўла, які належаў каталіцкаму ордэну езуітаў, з сучасным адрасам па вуліцы Тэадора Нарбута, 7. 

Узведзены ў сярэдзіне ХVIII стагоддзя, пасля разбурэння старога горада і пабудовы новай крэпасці ён быў перабудаваны пад склад боепрыпасаў. Муры захаваліся толькі да ўзроўню другога паверха, знішчаныя былі і высокія званіцы. Да 2005 года ў гэтым будынку знаходзілася гаўптвахта вайсковай часткі, размешчанай у крэпасці з савецкіх часоў. Апошні гмах старога Бабруйска таксама яшчэ чакае вырашэння свайго далейшага лёсу. 

СВЕДКА ТРАГІЧНЫХ ПАДЗЕЙ 

Новы горад, падзелены на роўныя квадраты кварталаў, вырас на захад ад сцен крэпасці, размешчанай ля ўзбярэжжа Бярэзіны. А тут, дзе некалі віравала жыццё і квітнеў гандаль, на доўгія гады атабарыліся вайсковыя часткі. Бабруйская крэпасць увайшла ў гісторыю таксама як адзін з цэнтраў руху дзекабрыстаў — тут служылі такія вядомыя ўдзельнікі паўстання 1825 года, як Сяргей Мураўёў-Апостал, Міхаіл Бястужаў-Румін і Іван Павала-Швяйкоўскі, якія былі чальцамі Паўднёвага таварыства. 

Дваццатае стагоддзе запісала ў гісторыю крэпасці новыя трагічныя старонкі. У гады Савецка-польскай вайны 1919—1920-х, калі Бабруйск пэўны час знаходзіўся пад польскім кантролем, менавіта тут размяшчаўся лагер, у якім утрымлівалі ваеннапалонных чырвонаармейцаў. У міжваенныя гады, калі Бабруйск увайшоў у склад савецкай Беларусі, тут размяшчаліся вайсковыя часткі. А з пачаткам нацысцкай акупацыі, якая прыйшла ў горад 28 чэрвеня 1941 года, на тэрыторыі крэпасці зноў быў створаны лагер для савецкіх ваеннапалонных, вядомы пад назвай “шталаг № 131”. 

Кульмінацыйным момантам трагедыі лагера была зладжаная гітлераўцамі правакацыя ў ноч на 7 лістапада 1941 года — тады яны адмыслова падпалілі казармы, у якіх утрымлівалі палонных, а калі тыя пачалі ратавацца ўцёкамі — расстрэльвалі іх, знішчыўшы такім чынам каля сямі тысяч чалавек. Гэтыя падзеі, між іншага, красамоўна апісаныя ў рамане Алеся Адамовіча “Карнікі”. Агулам жа за час існавання лагера тут загінулі каля сарака тысяч савецкіх салдат і афіцэраў — і яшчэ столькі ж з ліку мірных жыхароў. 

ШТО ДАЛЕЙ? 

У пасляваенныя гады, як гэта часта бывала, крэпасць, нягледзячы на ўсе жахі, якія тут чыніліся падчас акупацыі, зноў выкарыстоўвалася для размяшчэння вайсковых частак. Старыя ўмацаванні ўсё больш разбураліся пад уздзеяннем часу, значныя змены адбыліся і ў ландшафце крэпасці — некаторыя з будынкаў былі засыпаныя зямлёй. Статус помніка крэпасць атрымала толькі ў 2002-м, яшчэ праз чатыры гады распачаўся працэс перадачы яе аб’ектаў ад Міністэрства абароны ва ўласнасць горада. 

Пасля гэтага пакрысе распачаліся захады па прывядзенні тэрыторыі крэпасці да ладу, дзе-нідзе быў вернуты першапачатковы ландшафт, будынкі расчышчаныя ад наслаенняў зямлі. Наогул жа на тэрыторыі крэпасці да нашых дзён зберагліся з дзясятак двухпавярховых цагляных умацаванняў рознай ступені захаванасці, а таксама каля дваццаці будынкаў гаспадарчага прызначэння. Дайшлі да нашага часу і тыя самыя казармы, якія былі сведкамі трагічнай гібелі вязняў гітлераўскага лагера. У перспектыве мяркуецца рэстаўрацыя з мадэрнізацыяй гаржавога рэдзюіта, аднаўленне Мінскіх варот, фрагментаў унутраных абарончых валоў, добраўпарадкаванне прылеглых тэрыторый. Тут можа размясціцца музейная экспазіцыя, прысвечаная гісторыі крэпасці. 

Крэпасць над Бярэзінай даўно і па праве зрабілася візітнай карткай Бабруйска. Але не варта думаць, што акрамя яе ў горадзе больш няма на што паглядзець аматару помнікаў гісторыі і архітэктуры. Тут захаваўся адзін з найбольш цэласных комплексаў дарэвалюцыйнай гарадской забудовы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. У горадзе яшчэ багата цікавостак: гэта і помнікі драўлянай архітэктуры, такія як знакаміты будынак у стылі мадэрну, вядомы як колішні дом купчыхі Кацнельсон, і сем будынкаў сінагог, якія цудам зберагліся да нашага часу, і Свята-Нікольскі сабор, вядомы, між іншага, тым, што ў савецкія часы ён некалькі дзесяцігоддзяў выкарыстоўваўся як... басейн, і адзін з самых незвычайных з выгляду касцёлаў Беларусі — неагатычны храм, званіца якога ў 1958-м была зруйнаваная, а замест яе прыбудаваны пяціпавярховы адміністрацыйны гмах. Усе гэтыя “разынкі”, якія сведчаць аб багатай і незвычайнай гісторыі горада, несумненна могуць выклікаць зацікаўленасць у любога аматара даўніны. А калі да гэтага турыстычнага патэнцыялу дадаць яшчэ і Бабруйскую крэпасць з яе россыпам загадак і таямніц, Бабруйск можа зрабіцца сапраўдным цэнтрам прыцягнення для гасцей з усёй краіны і з-за яе межаў. 

Антон РУДАК 

Умацаванні Бабруйскай крэпасці 

Фота аўтара