Як папулярызаваць кнігу і чытанне? Найлепшыя прыклады — з сельскай бібліятэкі

Апублiкавана: 09 кастрычнiка 2023 Стужка Бібліятэкі Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

У верасні адзначылі сваё свята бібліятэчныя работнікі. А напярэдадні найлепшых з іх узнагародзілі ў“алмазе ведаў”. Сярод пераможцаў ХХХІ Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” — і Алена Дзянішчык.

Алену Уладзіміраўну ўшаноўвалі ў намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання”. Дарэчы, 15 верасня для нашай гераіні — двайная радасць. Разам з прафесійным святам Алена Дзянішчык спраўляе і ўласны юбілей. Далучаемся да віншаванняў, якімі сёння шчодра адорваюць імянінніцу, і перадаём слова дырэктару Зэльвенскай раённай бібліятэкі Святлане Жамойцінай, якая і расказала нам пра руплівіцу з кніжнай скарбніцы аграгарадка Елка. 

— Папулярызацыя кнігі і чытання — прыярытэтны напрамак дзейнасці любой бібліятэкі, — пачынае аповед Святлана Антонаўна. — Аднак метады і формы гэтага кірунку ў апошнія гады істотна змяніліся. Сёння бібліятэкары актыўна шукаюць нестандартныя формы для развіцця чытання, уносячы ў традыцыйную працу новыя ідэі. Работніца Елкаўскай сельскай бібліятэкі Зэльвенскага раёна Алена Дзянішчык стараецца зацікавіць дзяцей кнігай, абудзіць у іх інтарэс да літаратурных твораў, а моладзі і людзям старэйшага ўзросту вярнуць асалоду чытання. 

Гэтае памкненне падштурхнула Алену Уладзіміраўну да распрацоўкі і рэалізацыі літаратурна-адукацыйнага праекта “Я гэты край Радзімаю заву”. У яго межах праведзены шэраг мерапрыемстваў, такіх як марафон “20 кніг пра Беларусь”, краязнаўчы круіз “Я крочу па родным краі”, гульні-падарожжы “Маленькім беларусам — пра любую Беларусь”. Вялікая колькасць энцыклапедычных даведнікаў, грамадска-палітычных і навукова-папулярных выданняў, якія знаёмілі чытача з гісторыяй, сучасным эканамічным і культурным жыццём радзімы, была прадстаўлена цягам бібліятэчнай хвілінкі “Беларусь! Я табой ганаруся” і выставы-прагляду “Бачу Беларусь такой”. Моладзь паўдзельнічала ў літаратурна-музычным вечары “Я — грамадзянін сваёй краіны”. 

Наша гераіня актыўна папулярызуе і творчасць беларускіх пісьменнікаў. З гэтай мэтай ладзілася гадзіна “Ляціць, гучыць Купалаў голас”, марафон “Чараўнік беларускага слова”, паэтычны калейдаскоп “Зямля мая, нябёсаў родных сінь”. Абудзіць цікавасць маленькіх наведвальнікаў дапамаглі літаратурны боўлінг “Адпачывай, але чытаць не забывай”, “БібліяБуфет”, дзякуючы якому адбылася дэгустацыя друкаваных навінак “Беларускія пісьменнікі — дзецям”. Найлепшыя выданні з фонду прыцягвалі ўвагу чытачоў у кніжных экспазіцыях “Юбілейныя карункі” — творамі дзіцячых літаратараў — юбіляраў 2022-га, “Песняры зямлі беларускай” да 140-годдзя з дня нараджэння Я. Коласа і Я. Купалы ды ў іншых. 

А каб падмацаваць паважлівае стаўленне да набыткаў айчынных выдавецтваў, быў праведзены цыкл заняткаў “Адкуль кніга на Беларусь прыйшла”. Сярод маштабных мерапрыемстваў — “Дзень чытача беларускай кнігі”. Пазнаёмілі дзяцей і падлеткаў з дасягненнямі нацыянальнага прыгожага пісьменства “Кніжны рэйтынг”, гучная акцыя “Чытаем разам, чытаем услых!”, літаратурнае караоке “Край радзімы навекі любімы”. 

Героіка-патрыятычная тэма займае асобнае месца. Зладжаны літаратурна-музычная гадзіна “Аб подзвігу, аб доблесці, аб славе”, гадзіны мужнасці “Мы ўспомнім усіх вас пайменна”, “Маленькія салдаты вялікай вайны”… Самыя актуальныя выданні наведвальнікам прапанавалі ў час літаратурнага вернісажу “Мы пра вайну вершамі гаворым”, квэста “Пройдзем дарогамі вайны” ды іншых. Гэтыя імпрэзы падштурхнулі чытачоў больш актыўна звяртацца да твораў аб Вялікай Айчыннай. Як вынік — атрымаўся сапраўдны марафон ваеннай кнігі “Чытаў я кнігу аб вайне”. Не застаюцца па-за ўвагай Алены Дзянішчык і людзі сталага ўзросту. Для іх зладзілі вечар “Аб вайне напісана не ўсё…”, на якім кожны згадаў сваякоў, што прайшлі праз ліхалецце. 

Актуальная сёння тэма генацыду была раскрыта падчас урока памяці “Званы Хатыні”, на якім гаварылі і пра трагедыю вёскі Франкова, што на Зэльвеншчыне. Выстава “Жалобны звон Хатыні” пазнаёміла з мастацкай літаратурай, дакументальнымі выданнямі, якія распавядаюць аб жудаснай падзеі. Інфармацыю аб сучасным мемарыяльным комплексе “Хатынь” прадставілі ў асобным раздзеле. Міжнароднаму дню вызвалення вязняў канцлагераў быў прысвечаны ўрок “І помніць страшна, і забыць нельга”. На выставе-панараме “Аб гэтым нельга забываць” экспанавалася больш за 40 гісторыка-дакументальных выданняў, што сведчылі аб пакутах палонных. 

— Прыярытэтным кірункам работы Елкаўскай сельскай бібліятэкі можна лічыць і далучэнне дзяцей да духоўнай спадчыны, — адзначае Святлана Жамойціна. — На тэрыторыі сельсавета, у Сынкавічах, знаходзіцца царквакрэпасць Святога Архангела Міхаіла — унікальны помнік архітэктуры XV—XVI стагоддзяў. Доўгі час Алена Дзянішчык цесна супрацоўнічае з настаяцелем храма. 

Ладзіліся мерапрыемствы і ў адукацыйнай установе: інфармхвілінкі “Сацыяльныя сеткі: плюсы і мінусы”, “Класікі літаратуры аб дабраце і зле” і іншыя. Кожнае суправаджалася кніжна-ілюстрацыйнымі экспазіцыямі і аглядамі духоўных выданняў. Таксама Алена Дзянішчык надае ўвагу адраджэнню традыцый. У фальклорнай вечарыне “Ходзіць, ходзіць Каляда ад двара і да двара”, гульнявой праграме “Велікодныя забавы”, бібліяпанараме “Спас Мядовы, Яблычны і Хлебны” ўдзельнічаюць жыхары Елкі ўсіх ўзростаў. 

Сярод актуальных кірункаў таксама фарміраванне ў дзяцей пазітыўнага погляду на здаровы лад жыцця і экалагічнай свядомасці. Гэтаму садзейнічалі кейс “Знаўцы прыроды”, пазнавальна-гульнявая гадзіна “Жыла-была котка” ды іншыя. 

Актыўнае далучэнне хлопчыкаў і дзяўчынак да чытання адбывалася і на летніх канікулах — працаваў праект “Бібліятэчны кантынент”. 

— Яшчэ Алена Уладзіміраўна прапанавала “Кніжную сераду” для навучэнцаў Елкаўскай сярэдняй школы, — Святлана Жамойціна не шкадуе слоў, распавядаючы пра руплівіцу. Згадвае ўвагу бібліятэкара да літаратурнай дзейнасці мясцовых пісьменнікаў, выдавецкую справу, новы напрамак — экскурсійна-турыстычнае краязнаўства. Усе шматлікія напрацоўкі Алены Дзянішчык назапашваюцца для стварэння віртуальнага краязнаўчага бюро “Гід па Елцы: ад мінулага да сучаснасці”. 

— Адмысловец са стажам, большым за 30 гадоў, мае багаты вопыт, — адзначае Святлана Антонаўна. — І недарма Алена Дзянішчык сёлета стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу ў другі раз. Мясцовая супольнасць паважае яе за адданасць прафесіі і актыўны ўдзел ў грамадскім жыцці. Несумненна, Алена Уладзіміраўна і надалей будзе асвойваць новыя формы працы і напаўняць сучасным зместам старыя, каб падтрымаць цікавасць да бібліятэкі, папулярызаваць кнігу і чытанне.