Шчы­рае сло­ва пра звон­кую глі­ну

Слова — прыгожае кніжнае. Гліна — лёгкая поразаўская. А ўсё разам — чарговы праект бібліятэкараў Свіслацкага раёна. Абавязкова знойдуцца скептыкі, якія заўважаць з веданнем справы: “Бібліятэкары павінны займацца кнігавыдачай! А фларыстыка, фітапаслугі і лясная скульптура на стэлажах — гэта прафанацыя!”

Адказ у мяне напагатове: прафанацыя, калі ва ўстанове культуры невыносна сумна. На родных абсягах бачыў бібліятэкі з зімовымі садамі, акварыумамі, жывымі куткамі і карціннымі галерэямі. Адтуль нават сыходзіць не хацелася. Бібліятэчнае краязнаўства — паняцце бязмежнае. Апроч экалагічных пытанняў, уваходзіць у яго і адраджэнне традыцыйных рамёстваў. І ўвогуле, свой край трэба чытаць, як кнігу. Менавіта таму ў гарадскім пасёлку Поразава аднаўляюць мясцовыя прыёмы вырабу чорназадымленай керамікі. 

КОЛА НЕ РУХАЕЦЦА? 

Сераднякі — на пяць літраў, скліпнікі — на тры, зусім маленькія — пітушкі. Аднак не толькі гаршкі рабіў Іосіф Шопік. Яшчэ — мяліцы, збаны, гарлачы, патэльні, вазоны, кубкі… І ўвесь гэты посуд задымлены. І выгляд — незвычайны, і малако доўга не псуецца. 

У майстры Шопіка прысвяцілі ў 16 гадоў. Блаславіў ксёндз. Выбітны ганчар стаў адным з дзвюх соцень такіх адмыслоўцаў, што праславілі Поразава. Спадар Іосіф заставаўся апошнім з іх. У 2021-м у раёне адзначылі стагоддзе з дня нараджэння выдатнай асобы. Тады і загаварылі пра тое, што ганчарнае кола ў гарадскім пасёлку спынілася. Паспяшаліся… 

Ёсць у Поразаве бібліятэка — цэнтр краязнаўства. Тут кіруе душамі і сэрцамі чытацкімі Ірына Сарай. Сваяк кабеты таксама быў керамістам. Ды ці знойдзецца ў пасёлку хата без задымленага посуду? А ў Ірыны Уладзіміраўны яшчэ і прафесійны інтарэс да ганчарнай справы, паколькі яна — неад’емная частка мясцовага народнага мастацтва. Так і з’явілася ініцыятыва старадаўнюю традыцыю адрадзіць менавіта ў поразаўскай кніжнай скарбніцы. 

Раённыя бібліятэчныя метадысты распрацавалі праграму дзеянняў. У 2016-м амбіцыйны праект пачалі рэалізоўваць. 

ВЕРШЫ ПРА ГАНЧАРОЎ 

У яе юны голас пяшчотнай старшакласніцы. Летуценная душа не дае розуму супакаення. Гэта я пра Ірыну Сарай. Пра кабету варта асобна. За творчыя дасягненні ў сферы культуры спецыяліста ўганаравалі абласной прэміяй імя Аляксандра Дубко — колішняга губернатара Гродзеншчыны. (Заўжды турбавала пытанне, чаму ў іншых рэгіёнах краіны няма аналагічнай па важкасці ўзнагароды для адданых бібліятэкараў, клубнікаў ды музейшчыкаў… Калі памыляюся, папраўце мяне, спадарства.) 

У культуры Ірына Уладзіміраўна з 1978 года. Бібліятэкарам быць вучылася, можна сказаць, усё жыццё і без адрыву ад працы. Скончыла бібліятэчны тэхнікум у Магілёве і Інстытут культуры ў Мінску. А нарадзілася ў вёсцы Гурчыны, што непадалёк ад Поразава. З тутэйшай керамікай сутыкалася з маленства. Аднак сапраўдная слава аб гэтым краі буяла ў пазамінулым стагоддзі… Ірына Уладзіміраўна — адна з тых, хто вырашыў, што ганчарнае кола ў Поразаве закруціцца зноў… 

Мы разгаварыліся з ёй пра беларускія творы, прысвечаныя апрацоўцы гліны. Акрамя “Казкі пра Івана-ганчара…” Анатоля Грачанікава я нічога згадаць не змог. Поразаўская бібліятэкарка хуценька, як той казаў, падцерла мне нос. Аказваецца, пісалі пра наша старадаўняе рамяство Казімір Камейша, Артур Вольскі, Васіль Зуёнак… Яшчэ адзін красамоўны доказ, што журналісцкі нос трэба заўжды трымаць па ветры. Віват, Ірына Уладзіміраўна! 

ШТО ТАКОЕ ГОРАН 

У выніку было вырашана стварыць музейны пакой ганчарства. І для таго, каб мясцовае рамяство пакрысе адрадзіць, і з той прычыны, што праз Поразава мусіў пралегчы турыстычны маршрут. Гарадскі пасёлак славіцца не толькі задымленымі глечыкамі, але і румянай банкухай — традыцыйным вясельным караваем конусападобнай формы. Але кулінарныя цікавінкі — парафія мясцовых клубнікаў. А мы працягнем гаворку пра гліну і ганчароў. 

Дык вось… Музейны пакой у бібліятэцы Поразава назвалі “Мастацтва гліны і агню”. Установа набыла дадатковую, так бы мовіць, спецыялізацыю. Цалкам апраўданы маркетынгава-рэкламны ход. Наведваў я раённыя і сельскія кніжныя скарбніцы з геадэзічным ухілам (уплыў Дугі Струвэ), з прысядзібнымі дзялянкамі для вырошчвання лёну (было такое аматарскае аб’яднанне), з музеямі рэдкіх выданняў… Таму поразаўская бібліятэка-цэнтр краязнаўства з ганчарным акцэнтам выглядае досыць натуральна. 

Пакой адкрылі ў 2017 годзе. Сабралі посуд, адшукалі даўняе ганчарнае кола, зрабілі макет горна (старажытная земляная печка для задымлення гліны). Праз два гады бібліятэка атрымала прэзідэнцкі грант для пашырэння і ўдасканалення экспазіцыі. У раённай кніжнай скарбніцы пачала дзейнічаць краязнаўчая гульня-экспедыцыя “Мастацтва ганчарнага рамяства”. 

АД А ДА Я 

Дзякуючы гранту бібліятэка набыла электрычнае ганчарнае кола. І закруцілася! — Не, я не стала прафесійным рамеснікам, — кажа Ірына Сарай. — Але як карыстацца прыладай, пакажу… 

Ахвотных паглядзець і павучыцца хапае. Цяпер у гуртку — сем школьнікаў-чытачоў. Займаюцца яны па двухгадовай праграме, у якой любая рамесніцкая драбніца прапісана ад а да я. Тэорыю выкладае Ірына Уладзіміраўна. Практыку — майстры Раённага дома рамёстваў на чале з таленавітай Аксанай Васілька. Без такога творчага ўзаемадзеяння не абысціся. І слава Богу! Такое супрацоўніцтва ў нас спрадвеку называюць талакой. 

Пойдзем далей. Пра задымленне керамікі ва ўмовах Поразава казаць яшчэ рана. І зусім не таму, што муфельная печка ёсць толькі ў Раённым доме рамёстваў. 

— Для гэтага патрэбны горан — земляная печка, вынесеная на вуліцу, — тлумачыць Аксана Мікалаеўна. — Будзе горан — будзе і задымленая кераміка. 

Ад сябе дадам, што супрацоўнікі РДР літаральна гараць жаданнем дапамагчы поразаўскім чытачам. Складзены нават каштарыс будучых работ, падрыхтаваны эскіз земляной печы, сітуацыя абмеркавана з прадстаўнікамі Міністэрства надзвычайных сітуацый. Цяпер (натуральная справа!) вядзецца пошук інвестара. Хочацца верыць, што ўсё атрымаецца. 

САМЫЯ АДДАНЫЯ 

Чаму найлепшыя чытачы Поразава сталі найлепшымі ганчарамі? Не мной сказана, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Варта пералічыць самых адданых адмыслоўцаў: Максім Анісеня, Насця Угляніца, Міша Барынаў, Іван Глякоўскі… Апошняму сам Бог наканаваў узяцца за звонкую поразаўскую гліну. Вельмі хутка з-пад рук Івана-ганчара пачнуць з’яўляцца фірмовыя задымленыя глякі. Трэба будзе прыдбаць адзін. 

Яўген РАГІН 

Фота з архіваў герояў матэрыялу