Прыгоды італьянца ў Беларусі

Апублiкавана: 18 кастрычнiка 2023 Стужка Музыка Мiнская вобласць Гістарыёграф

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Зміцер

Алясандра Данэзі. Менавіта так звалі гэтага чалавека. Але сталася так, што аўтарства адной з першых беларускіх опер, прэм’ера якой адбылася 17 верасня 1784 года ў Нясвіжы, аддалі іншай асобе. Чаму?

ЗАМАЦУЕМ ПРОЙДЗЕНАЕ 

Налета споўніцца 240 гадоў з першага паказу “Агаткі” на беларускай сцэне. Напэўна, у гонар падзеі ў Мінску і Нясвіжы разгорнуцца святочныя мерапрыемствы. А пакуль — самы час перагледзець шаблоны наконт аўтарства музыкі і вярнуць кампазітару яго твор.

Імя таленавітага італьянскага аўтара Алясандра Данэзі, які 10 гадоў пражыў на нашых землях (у Слоніме і Нясвіжы), абмінута ўвагай. Звесткі аб адмыслоўцу, вельмі і вельмі сціплыя, часам памылковыя. У таямніцах яго жыцця ў 1995-м намагалася разабрацца польская даследчыца Аліна Жураўская-Віткоўская. Яна ж, спасылаючыся на важкія аргументы, паспрабавала вярнуць оперу Данэзі. Але іх, відавочна, не хапіла, бо Голанд, таксама таленавіты музыкант і кампазітар, працягвае трыумфаваць. На старонках “К” у 2020 годзе мы паспрабавалі адлюстраваць жыццяпіс Алясандра ў зборцы, выкарыстаўшы вядомае з дадаткам новых звестак. У тым ліку і архіўных. Але час, як і даследчык, не стаіць на месцы. У гэтым “міні-серыяле” мы прадстаўляем біяграфію Данэзі ў версіі 2.0. 

ТОЛЬКІ НАПЕРАД 

Да таго як у першай палове 1770-х перабрацца ў Рэч Паспалітую Абодвух Народаў, ураджэнец Рыма Алясандра Данэзі дасягнуў немалых поспехаў на радзіме. Прычым знойдзеная намі самая ранняя згадка яго як творцы тычыцца калабарацыі з легендарным італьянскім лібрэтыстам і драматургам, оперным рэфарматарам П’етра Метастазіа. Пазней Данэзі паехаў у Львоў. Да красавіка 1775-га аўтар нібыта займаў пасаду прыдворнага капельмайстра ў Лявона Шаптыцкага, будучага ўніяцкага мітрапаліта.

Рукапіс партытуры оперы "Агатка". Адзіны ацалелы варыянт

Рукапіс партытуры оперы "Агатка". Адзіны ацалелы варыянт

Далей музыкант адправіўся ў польскую сталіцу, каб узначаліць капэлу Варшаўскага тэатра, ствараць оперы і пісаць партытуры. Але ў выніку скандалу, прычынай якога паслужыў злосны характар дырэктара ўстановы — князя Антонія Сулкоўскага, абяцанае месца Данэзі не атрымаў і аказаўся на чужыне без працы, грошай і жылля. Неўзабаве праз пасярэдніцтва варшаўскага мэра Алаізія Бруля, які завабіў Алясандра ў сэрца Рэчы Паспалітай, кампазітар трапляе ў Вялікае Княства Літоўскае. Дарэчы, Бруль быў яшчэ генералам польскай артылерыі, масонам, выдатным музыкантам і някепскім драматургам. Сярод яго твораў — камедыя “Прыезд пана” (1775). Нагадаю, што поўная назва нашай оперы — “Агатка, або Прыезд пана” (гл. “К” № 31, 2023). 

У “СЯДЗІБЕ МУЗ”. 1775—1778 

Гады, праведзеныя Данэзі ў Слоніме на службе ў вялікага гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага, былі надзвычай плённымі. Перш-наперш для рэпутацыі мясцовага аркестра і тэатра. Важны ўнёсак капельмайстра Данэзі ў станаўленне слонімскага тэатра адзначаны ў працах польскіх даследчыкаў Ежы Яцкла, Артура Зёнтка, Карыны Вярбіцкай-Міхальскай. Яны прыводзяць звесткі Гайкінга — ад’ютанта Міхала Агінскага: “Знакаміты аркестр, складзены з вялікай колькасці асоб пад кіраўніцтвам італьянскага дырыжора (Алясандра Данэзі), часта даваў выдатныя канцэрты, і папраўдзе добрая польская опера выклікала захапленне ўсёй Літвы”, “Міхал Казімір Агінскі з дапамогай італьянскага майстра пісаў оперы, з дапамогай Хамінскага (Францішка Ксаверыя) складаў па-польску вершы”. Анджэй Цэханавецкі, аўтар кнігі пра Міхала Казіміра Агінскага, нават прывёў звесткі з плацежных ведамасцей, у якіх Данэзі значыцца сярод адмыслоўцаў, якія мелі ў 1776—1778 гадах самыя высокія ганарары. Магу засведчыць: гэта сапраўды так, пазней я атрымаў электронныя копіі тых дакументаў. Данэзі ўказаны як музыкант і спявак слонімскай капэлы ў калектыўных працах айчынных даследчыкаў “Гісторыя беларускага тэатра” (т. 1, 1983) і “Музыкальный театр Белоруссии” (пад памылковым варыянтам прозвішча “Донеси”, 1990). 

КАНТРАКТ З РАДЗІВІЛАМ 

Чарговая згадка Данэзі датуецца 1782 годам. Сярод асоб, што маюць дачыненне да нясвіжскага тэатра Караля Радзівіла і ўпамінаюцца ў адным дакуменце, фігуруе Аляксандр Данэзі. Гэта “музыкант і спявак”, які “атрымлівае штогод чырвоных злотых 240 і навучае хлопцаў” (з кантэксту вынікае, што ён ўжо некаторы час працуе ў Нясвіжы). Імя Голанда ў гэтай і іншых крыніцах 1780-х не прыводзіцца зусім. Заробак Данэзі (адзін з самых высокіх) у залежнасці ад курса складаў 3840—4320 злотых, што, безумоўна, сведчыць аб узроўні прафесіяналізму. Трошкі пра кошты. Побыт караля Панятоўскага ў Нясвіжы ў верасні 1784-га абышоўся Каралю Радзівілу ў 1 600 000 злотых (злоты роўны 30 грошам), у той час як на харчаванне дзяцей — прыгонных танцоўшчыкаў — выдавалася штодня паўтара гроша. 

Аўтарам лібрэта оперы лічыцца князь Мацей Радзівіл. Але быў яшчэ адзін прэтэндэнт, пра якога мы распавядзем пазней.

На гэты ж перыяд прыпадаюць дзве вельмі цікавыя старонкі з жыцця Нясвіжа і Радзівілаў. У верасні 1783-га, на 100-годдзе бітвы пад Венай, Пане Каханку зладзіў першую ў гісторыі Беларусі публічную выставу (гл. “К” № 4, 2023). А напрыканцы года, едучы з Дубна ў Вільню, на сваю бяду ў Нясвіж завітала трупа Лявона Перажынскага (якая і паставіла “Агатку”). У 1785-м многія акцёры калектыву і сам Перажынскі вымушаны былі ратавацца ўцёкамі з “гасціннага” горада. Засталіся толькі комік Станіслаў Закрэўскі і яго будучая жонка спявачка Марыя Вернер — дзед і бабуля жонкі Станіслава Манюшкі. 

КАРОЛЬ У КАРАЛЯ. ПРЭМ’ЕРА “АГАТКІ” 

Надвячоркам 17 верасня 1784 года ў прысутнасці Панятоўскага адбываецца першы паказ “Агаткі”. Апладысменты, кулісы. Каралеўскі сакратар, вялікі пісар літоўскі Адам Нарушэвіч, расказваючы ў дзённіку пра склад капэлы, расставіў акцэнты так: “Данэці, кампазітар, Голанд, кампазітар, Альберціні, капельмайстар”. Вядома, што пасля оперы публіцы быў прадэманстраваны балет “Арфей у пекле” (музыка Голанда). Як пісала Аліна Жураўская-Віткоўская, “Голанд, якому князь Радзівіл даручыў пісаць музыку да балета «Арфей у пекле», не мусіў быць аўтарам музыкі да оперы, якая папярэднічала балету. Згодна з тагачаснай практыкай, оперу замаўлялі ў капельмайстра або творцы, які ўжо меў рэнамэ ў гэтым стылі, — у Нясвіжы ім быў Данэзі, рымлянін, аўтар фарсэты..., выкананай у Фларэнцыі на карнавале ў 1766 годзе, балетную партытуру даручалі музыканту, ніжэйшаму рангам, у Нясвіжы гэта Голанд, аўтар балета «Гамлет, прынц Дацкі», выкананага ў Гамбургу ў 1776 годзе. Партытура «Агаткі», якая захавалася, пэўна, ёсць справай Голанда, аднак узнікла яна пазней з невядомай мне нагоды, хоць і на тое самае лібрэта”. Таму мяркуем, што расстаноўка Данэзі — Голанд у дзённіку Нарушэвіча адлюстравала старшынства пры двары і аўтарства прадстаўленых твораў. А пра партытуру паразважаем пазней. 

ТРЭЙЛЕР АПОШНЯЙ ГЛАВЫ 

Чыё імя пісалі на афішах варшаўскіх пастановак “Агаткі” ў 1785 і 1788 гадах? Хто сваім аўтарытэтам зацвердзіў у якасці аднаго са стваральнікаў оперы нямецкага кампазітара Ёгана Голанда? Хто яшчэ, акрамя князя Мацея Радзівіла, “прэтэндаваў” на аўтарства лібрэта? Як склаўся далейшы лёс “Агаткі”? Аб гэтым распавядзем у апошняй частцы нашага серыяла. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ