Бібліятэка як феномен культуры

Апублiкавана: 20 кастрычнiка 2023 Стужка Бібліятэкі Мінск

Аўтар: Аўтары

Галоўнай падзеяй года адмыслоўцы назвалі X Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”, што праходзіць днямі ў Мінску.

На форум, які разгарнуўся ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі з 19 па 20 кастрычніка, з’ехалася больш за 400 дэлегатаў з краін блізкага і далёкага замежжа — Азербайджана, Арменіі, Інданезіі, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана, а таксама з Беларусі. 

Гэта кіраўнікі і спецыялісты найбуйнейшых бібліятэк, музеяў, выдавецтваў, навукова-даследчых арганізацый і адукацыйных устаноў, вытворцы праграмнага забеспячэння, тэхнічных сродкаў, інфармацыйнай прадукцыі і прамысловага абсталявання для кніжных скарбніц. 

На працягу 10 гадоў кангрэс з’яўляецца аўтарытэтнай дыскусійнай пляцоўкай для абмеркавання праблем і тэндэнцый у бібліятэчнай супольнасці. Вось і сёлета мерапрыемства прысвечана найбольш актуальным тэмам. На пленарных і секцыйных пасяджэннях, круглых сталах ідзе гаворка пра нацыянальныя асаблівасці і міжнароднае супрацоўніцтва кніжных скарбніц, ролю і месца гэтых устаноў, іх рэсурсаў, сэрвісаў у лічбавай экасістэме. Разглядаецца з’ява электроннай бібліятэкі як элемента лічбавай трансфармацыі бібліятэчнай справы, інавацыйна-праектная, сацыякультурная дзейнасць устаноў, сучасныя напрамкі ў абслугоўванні карыстальнікаў, перспектывы ўзаемаадносін кнігі, чытача і чытання. 

Вынікам кангрэса стане рэзалюцыя, якая зафіксуе прынятыя рашэнні па далейшым развіцці бібліятэчнай галіны, рэалізацыі мэт і задач дзяржаўнай і міжнароднай культурнай палітыкі. 

Форум арганізаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД.