Маленькімі крокамі да вялікіх перамог

Апублiкавана: 20 кастрычнiка 2023 Стужка Харэаграфія Мінск Максіма маладых

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Нядаўна беларуская дэлегацыя вярнулася з XVII Маладзёжных Дэльфійскіх гульняў, якія праходзілі ў Бішкеку. З Кыргызстана нашы суайчыннікі прывезлі не толькі прыемныя ўспаміны, але і сем медалёў. Сярод пераможцаў — ансамбль народнага танца “Крокі”. Як дасягнуць поспеху і заматываваць юных талентаў на высокі вынік, распавяла кіраўнік калектыву Таццяна Шчучко.

— Таццяна Мікалаеўна, прыміце шчырыя віншаванні! Калі ласка, раскажыце, як вы пазнаёміліся з танцам. 

— Я дачка ваеннага ўрача, і так атрымалася, што ў часы СССР мы ездзілі па розных краінах. Я нарадзілася на Далёкім Усходзе, хоць бацькі — карэнныя беларусы. Там і ўзнікла любоў да танца, калі мяне прывялі ў ансамбль “Вихрята”. Пазней усёй сям’ёй вярнуліся ў Беларусь, і я паступіла ў Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў. 

Затым працягнула адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў на кафедры харэаграфіі. Пасля два гады па размеркаванні працавала ў звычайнай школе, але заўсёды марыла навучаць таленавітых дзяцей у Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. І вось ужо 12 гадоў выкладаю народны танец у гэтым цудоўным месцы. 

— А як зарадзілася ідэя стварыць ансамбль? 

— Калектыў складаецца з маіх вучняў. Я набіраю новыя курсы і пачынаю працаваць з імі. Заняткі праходзяць у каледжы мастацтваў у вольны ад навучання час. У 2019 годзе мы ўпершыню паспрабавалі сілы на конкурсе Folk of dance у Маскве. Пасля паспяховага выступлення ў галаве круцілася думка: у якім фармаце працягнуць дзейнасць? Затым стала традыцыяй штогод выязджаць на размаітыя творчыя спаборніцтвы. Былі розныя наборы дзяцей, адпаведна, усе склады ансамбля непадобныя. Цяпер у калектыве 19 чалавек ва ўзросце 18—19 гадоў. 

— Якія ў “Крокаў” апошнія дасягненні на айчынных і міжнародных творчых пляцоўках? 

— Летась мы сталі лаўрэатамі другой ступені І Рэспубліканскага конкурсу харэаграфічнага мастацтва “Дэнс кангрэс”. Тады вырашылі не здавацца, карпатліва працавалі і ў гэтым годзе атрымалі дыплом першай ступені. Таксама занялі першае месца і ўзялі спецпрыз на фестывалі “Тэрыкон” у Салігорску. Вясной ездзілі ў Санкт-Пецярбург на “Неўскія перспектывы” — удастоіліся Гран-пры. Але, вядома ж, самы яркі і свежы ўспамін — залаты медаль на XVII Маладзёжных Дэльфійскіх гульнях. 

У гэтым плане я вельмі актыўная. Нават калі назапашваецца стома і здаецца, што трэба больш працаваць у класе, рыхтавацца да іспытаў, мы ўсё роўна не спыняем удзелу ў конкурсах. Кожнае выступленне на падобных мерапрыемствах — гэта пашырэнне меж, знаёмства з іншымі культурамі. Ды і ўдзельнікі калектыву растанцоўваюцца, становяцца больш упэўненымі і вучацца новаму. 

ПАЛІНА ПЛОТНІКАВА:

— Кыргызстан сустрэў надзвычай цёпла. Нас уразіў горад, народ, прыём. І канкурэнты, таму што яны былі вельмі выхаваныя і добразычлівыя, што не заўсёды ўласціва такой абстаноўцы. Калі ехалі ў Бішкек, не разлічвалі на перамогу, проста хацелі годна прадставіць краіну. Конкурс быў моцны, і ён падштурхнуў нас да развіцця. Мы адзіныя паказвалі беларускі танец і выклаліся на ўсе 110 %.

— А ці адрозніваюцца беларускія і замежныя гледачы? 

— Мы пастаянна ўдзельнічаем ва ўсіх святочных праграмах у Палацы Рэспублікі, а таксама ў канцэртах, прымеркаваных да Дня горада, Дня народнага адзінства. Наогул, у Беларусі цёплы і ўдзячны глядач, бо ў нас у менталітэце закладзена лагоднасць і спагадлівасць. Напрыклад, у Бішкеку ўсе адзначылі нашу цёплую энергетыку. Беларуская творчасць для замежнікаў — экзатычная. Яны могуць доўга разглядаць вышыўку на касцюмах і ўвесь час просяць сфатаграфавацца. У нашых традыцыях — актыўна перамяшчацца па сцэне і ствараць эфект лёгкасці, што заўжды выклікае захапленне ў любой публікі. 

СОФ’Я МАКАРАНКА:

— Дух саперніцтва адчуваўся, бо на конкурсе сабраліся лепшыя з лепшых усёй СНД. У нас было восем чалавек, а ў іншых ансамблях — вялікая колькасць танцораў. Мы хваляваліся, таму што іх харэаграфія выглядала вельмі ярка. Момант перамогі памятаю цьмяна: эмоцыі зашкальвалі. Калі выйшлі на сцэну, было радасна пачуць воклічы падтрымкі і апладысменты ад канкурэнтаў. Бо ўсе гаварылі на адной мове — танца.

— Давайце больш падрабязна пагаворым аб паездцы на Дэльфійскія гульні. Якія нумары вы прадстаўлялі і як калектыў сустракалі ў Кыргызстане? 

— З Беларусі нас ляцела 25 чалавек. Усе былі настроены добразычліва, падтрымлівалі адзін аднаго, бо творчыя людзі многае разумеюць без слоў. 

У Бішкеку каманду сустрэлі на найвышэйшым узроўні і вельмі душэўна: забяспечылі годныя ўмовы пражывання, пазнаёмілі з нацыянальнай кухняй, правялі экскурсіі, а ў апошні дзень арганізавалі незабыўную паездку ў горы. 

На творчым форуме мы паказалі тры нумары: традыцыйныя “Крыжачок” і “Лявоніху”, ігравы-вобразны “Аднойчы ля ракі” (у каледжы аркестр запісаў для выступлення музыку — гэта аранжыроўка песняроўскіх “Ручнікоў”). Конкурс у намінацыі “Народны танец” праходзіў у Бішкекскім харэаграфічным вучылішчы, дзе мы трапілі ў знаёмую атмасферу. Кожнаму калектыву выдзелілі светлы клас для рэпетыцый. У Кыргызскай дзяржаўнай філармоніі праводзілі закрыццё Гульняў, на якім мы паказалі пераможныя нумары. Мяркую, нягледзячы на доўгі пералёт, мае вучні выступілі цудоўна: гэта было акадэмічна і вельмі эмацыйна. 

— Калі ласка, падзяліцеся планамі на найбліжэйшы час. 

— Хацелася б стварыць асобны пастаянны ансамбль у Мінскім каледжы мастацтваў. Мае танцоры, несумненна, крыніца натхнення, бо дзякуючы іх здольнасцям мы разам дасягаем вышынь. Не буду ўтойваць, што я шмат патрабую ад удзельнікаў калектыву, але ў адказ бачу вочы, напоўненыя энергіяй і прагай новых падзей. Упэўнена, наперадзе нас чакае багата працы, яркіх выступленняў і запамінальных перамог! 

Настасся ЮРКЕВІЧ