Пры­го­ды іта­ль­янца ў Бе­ла­ру­сі. Частка 3

Апублiкавана: 25 кастрычнiка 2023 Стужка Музыка Мiнская вобласць Гістарыёграф

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Зміцер

(Завяршэнне. Пачатак у “К” №№ 31, 37, 2023) 

“Гісторыя са старонак газеты просіцца на кінаэкран”. Так адрэагаваў на нашы публікацыі, прысвечаныя оперы “Агатка”, адзін са сталых чытачоў. Шматпланавая дзея, якая разгортваецца на тле шырокай панарамы айчыннай гісторыі канца XVIII стагоддзя, мае ўсе складнікі блокбастара. І апісаныя перыпетыі — гэта не выдумка сцэнарыстаў, а сапраўднае жыццё.

У ранейшых частках мы распавялі, якім дзіўным чынам занесла ў слынныя цэнтры культурнага жыцця Вялікага Княства Літоўскага ўраджэнца Рыма Алясандра Данэзі. Спачатку музыкант трапіў у Слонім Агінскіх, а потым і ў радзівілаўскі Нясвіж. Сёння пагаворым пра лёс “Агаткі” пасля першага паказу, які адбыўся ў Нясвіжскім замку 17 верасня 1784-га... 

Каля ста гадоў таму ў Львове выйшла кніга Teatr, dramat i muzyka za Stanislawa Augusta (два тамы, 1925). Аўтарам фундаментальнай працы, прысвечанай тэатру часоў караля Станіслава Панятоўскага, быў гісторык польскай літаратуры, бібліятэкар, бібліёграф і дырэктар фонду Асалінскіх Людвік Бернацкі. У главе “Афішы Нацыянальнага тэатра 1778— 1798” аўтар прывёў храналогію жыцця ўстановы па днях. З кнігі вынікае: праз год пасля прэм’еры “Агатка” адправілася ў турнэ па Рэчы Паспалітай. У нядзелю, 30 кастрычніка 1785-га, адбываецца варшаўская прэм’ера. На афішы напісалі цэлую гісторыю: “Опера ў 3 актах «Агатка», тая самая, якая некалі, падчас векапомнага, міласцівага ў Нясвіжы, у князя Радзівіла, побыту Найяснейшага Пана, была дадзена на панскім прыёме. Музыку напісаў пан Данэзі, прыдворны капельмайстар Яснаасвечанага князя Радзівіла, віленскага ваяводы”. Гэта першае важнае сведчанне на карысць сапраўднага аўтара Данэзі. 

Францішка Уршуля Радзівіл, маці беларускага нацыянальнага тэатра, партрэт ХІХ ст.

Францішка Уршуля Радзівіл, маці беларускага нацыянальнага тэатра, партрэт ХІХ ст.

А вось і другое — 17 красавіка 1788-га нясвіжская трупа ізноў у Варшаве. Дэманстравалі, паводле Бернацкага, “оперу арыгінальную «Агатка», у якой у ролі Агаткі дэбютуе новапрыбылая актрыса Закрэўская” (бабуля жонкі кампазітара Станіслава Манюшкі). 23 верасня зладзілі яшчэ адзін паказ “оперы арыгінальнай у трох актах, з музыкай пана дэ Данэзі «Агатка»”. 

Спектакль прадставілі ў чарговы раз 8 снежня 1791-га — як “оперу ў 3 актах, арыгінальным вершам напісаную, з музыкай, у краіне зробленай, «Агатка»”. Пазней былі іншыя паказы ў розных гарадах. Магчыма, бачылі пастаноўку і ў Гародні і Вільні (вось толькі звестак пра гэта пакуль не адшукана). 

То-бок у XVIII стагоддзі, пры жыцці ўсіх датычных да напісання “Агаткі”, імя аўтара музыкі Алясандра Данэзі ні ў кога не выклікала сумневаў. І толькі калі памерлі замоўца оперы Караль Радзівіл (1790), галоўны прадстаўнік мэтавай аўдыторыі кароль Панятоўскі (1798), лібрэтыст Мацей Радзівіл (1800) і, верагодна, сам Данэзі, Ёгана Давіда Голанда сталі пазначаць стваральнікам музыкі да “Агаткі”. 

У 1820-м выйшла “Гісторыя Нацыянальнага тэатра” знака- мітага акцёра, рэжысёра і драматурга Войцаха Багуслаўскага. Ён расказвае, як даў старт тэатральнаму сезону ў Львове ў 1796-м: “Адкрыў новы амфітэатр операй, таксама нацыянальнай, — «Агатка, або Прыезд пана», на прыёме ў Нясвіжы св. памяці караля Станіслава Аўгуста князем Мацеем Радзівілам напісанай, з музыкай надворнага тых князёў капельмайстра, Голанда”. З гэтага моманту ўсе (за малым выключэннем), хто ў ХІХ—ХХІ стагоддзі ўпамінаў “Агатку”, называлі аўтарам яе музыкі Ёгана Голанда. Ці ўжо стары на той час Багуслаўскі банальна памыліўся? Ці за імем іншага кампазітара стаяла нешта праўдзівае? 

Магло здарыцца і тое, і гэтае. Па-першае, да самай смерці Мацея Радзівіла (1800) Голанд быў пры князю капельмайстрам і жыў у Паланечцы (гл. “К” №3, 2023). Адсюль і шырокая вядомасць творцы як колішняга капельмайстра Радзівілаў. Пра Данэзі, які займаў пасаду не такі працяглы тэрмін, на пачатку ХІХ стагоддзя ўжо забыліся. Па-другое, вядома, што Войцах Багуслаўскі напрыканцы XVIII стагоддзя адаптаваў “Агатку” да новых умоў і пераўтварыў яе ў двухактовую оперу, якая атры- мала назву “Добры пан — бацька для падданых”. Відавочна, мусіла змяніцца і партытура. Не выключана, што, як асоба, набліжаная да князёў Радзівілаў, за гэтую справу ўзяўся Голанд. Ці магло стацца, што імя Голанда і захавалася ў памяці Багуслаўскага, якому Войцах надаў ганаровы тытул стваральніка першай нацыянальнай оперы? Тэарэтычна — так. 

На цяперашні момант мы сабралі чатыры лібрэта “Агаткі” (адно ідзе разам з партытурай трохактовай оперы). Два з іх добра вядомыя даследчыкам (на вокладцы не пазначаны стваральнікі музыкі і лібрэта). Два іншыя амаль ідэнтычныя, але маюць і некаторыя цікавыя адрозненні. І, што самае важнае, аўтарам гэтых варыянтаў лічыўся зусім не Мацей Радзівіл. 

У 1900-м Багуслаў Пул’яноўскі, што працаваў у Радзівілаў, адшукаў у архіве аўтограф лібрэта з назвай “Камедыя народная”, перапісаў яго і дадаў у сшытак з матэрыяламі, датычнымі да гісторыі нясвіжскага тэатра і балета. Вось які зага- ловак Пул’яноўскі пакінуў на тытульным аркушы: “Народная камедыя, арыгінальная, напісана княжной Францішкай Уршуляй з Вішнявецкіх Міхаловай Радзівілавай (?)”. Пазней, у 1958-м, імя Уршулі было перакрэслена і нехта дадаў: “Мацей Радзівіл, лібрэта аперэткі «Агатка», музыка Голанда…” 

Тэкст, з якім працаваў Пул’яноўскі, паходзіў са сшытка лібрэта Францішкі Уршулі Радзівіл. Словы “Агаткі” змешчаны напрыканцы і напісаны іншым почыркам. Хто і калі дабавіў іх у гэты зборнік, прымусіўшы дасведчанага радзівілаўскага архівіста схібіць? А раптам… Пул’яноўскі тады не памыліўся і “Агатка” сапраўды належала пяру Францішкі Уршулі Радзівіл — маці беларускага тэатра? Ці маглі нашчадкі, дапрацаваўшы рукапіс, вярнуць да жыцця яе твор, так і не пастаўлены на сцэне? Адказу на пытанне мы пакуль не маем. Затое маем намер пацешыць чытача выданнем усіх чатырох лібрэта “Агаткі” пад адной вокладкай. 

І яшчэ цікавінка. Ёсць звесткі пра два творы Алясандра Данэзі, якія сёння захоўваюцца ў адной з бібліятэк у Базелі (Швейцарыя). Але што гэта за кампазіцыі, нам пакуль даведацца не ўдалося. Трымаем руку на пульсе. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ