Пад шатамі пальмы першынства

Апублiкавана: 31 кастрычнiка 2023 Стужка Музыка Мінск Максіма маладых

Аўтар: КАСЦЮНІНА Ульяна

Чацвёртакурсніца Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Даніэла Цеплякова паспрабавала некалькі творчых напрамкаў: дзевяць гадоў займалася сучаснымі танцамі, пяць — гімнастыкай… Але цяпер галоўную ролю ў жыцці таленавітай дзяўчыны іграе вакал. Нядаўна яна заваявала першае месца на конкурсе выканаўцаў моладзевай песні XVI фестывалю “Моладзь — за Саюзную дзяржаву”.

ТВОРЧАСЦЬ З КАЛЫСКІ 

Дзяцінства Даніэла Цеплякова апісвае з асаблівай цеплынёй: 

— Маю энергію бацькі накіроўвалі ў мірнае рэчышча, таму я займалася плаваннем, спартыўнай гімнастыкай, танцамі і, вядома ж, музыкай. Спевы і фартэпіяна пачала асвойваць у музычнай школе, калі мне было шэсць гадоў. Не скажу, што гэта адразу прынесла плён. 

Першым вакальным спаборніцтвам Даніэлы стаў Рэспубліканскі фестываль-конкурс дзіцячага мастацтва “ЛьВёнок”, на якім яна ўдастоілася трэцяга месца. 

— У падлеткавым узросце я зразумела, што хачу звязаць будучыню са спевамі, — дзеліцца ўспамінамі наша гераіня. — Бацькі заўсёды падтрымлівалі мае пачынанні і выбар. І да гэтага часу ідуць поплеч, радуючыся маім творчым перамогам. 

Спартыўнае мінулае, паводле слоў Даніэлы, прыдалося ў вакальнай кар’еры. Дзякуючы танцавальным навыкам і развітой пластычнасці спявачка адчувае сябе на сцэне больш упэўнена, не баіцца тэхнічнай імправізацыі. 

— Скажу шчыра: перад выступленнем хвалююся заўсёды, але бяру сябе ў рукі і канцэнтруюся на задачах, якія павінна выканаць. З досведам і павелічэннем колькасці выхадаў да публікі страх перарастае ў задавальненне ад таго, што раблю.

БЕЗ АДРЫВУ АД ВУЧОБЫ 

Даніэла скончыла школу мастацтваў у Гомелі, а хутка завершыць падрыхтоўку ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў па спецыяльнасці “Мастацтва эстрады (спевы)”. 

— Вучоба ў каледжы дае добрую базу, што ні ў якім іншым месцы я б не атрымала. З педагогам па вакале Святланай Аляксандраўнай Борахавай працуем ужо чацвёрты год. Настаўнік не толькі дапамагае з пастаноўкай голасу і выбарам песень, але і падтрымлівае. Дзякуючы Святлане Аляксандраўне, ува мне выпрацаваўся стрыжань, карысны на ўсіх выступленнях. 

На рахунку маладой вакалісткі прызы многіх беларускіх і міжнародных творчых спаборніцтваў. Так, Даніэла — лаўрэат другой ступені IX Адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок-2021” і пераможца Міжнароднага вакальнага конкурсу-фестывалю “Зорка эстрады”. Сёлета ў нашай гераіні таксама багата дасягненняў: акрамя як першым месцам на конкурсе выканаўцаў моладзевай песні XVI фестывалю “Моладзь — за Саюзную дзяржаву”, дзяўчына ўганаравана спецыяльным прызам ад Парламенцкага Сходу Беларусі і Расіі. 

— Фестываль застанецца ў маёй памяці надоўга, добрыя эмоцыі пакінулі арганізацыя мерапрыемстваў, горад і госці. Гэта ўдзельнікі з розных куткоў Беларусі і Расіі, што з’ехаліся ў Смаленск, моцныя вакалісты. Нягледзячы на канкурэнцыю, з многімі паспела пазнаёміцца і нават пасябраваць. 

Самым яркім момантам форуму Даніэла лічыць цырымонію ўзнагароджання. 

— Пачуўшы сваё імя, перажыла поўны спектр розных станаў — ад моцнага шоку да абсалютнага шчасця. Разумела, што выступіла годна, аднак такая высокая ўзнагарода стала сюрпрызам. Выконваючы першы нумар, вельмі хвалявалася, але да другога выхаду на сцэну ўзяла сябе ў рукі. Я паглыбілася ў атмасферу песні, у яе змест і адпусціла трывогу. 

Перш за ўсіх пра перамогу напісала Святлане Аляксандраўне, бо гэты шлях мы прайшлі разам. Педагог падабрала музычныя творы, якія поўнасцю раскрылі мой тэмбр, дыяпазон і дазволілі прадэманстраваць тэхніку выканання ў цэлым. 

КУРС — НА ВЯЛІКУЮ СЦЭНУ 

Даніэла падкрэслівае, што мэты дасягаюцца толькі праз самаразвіццё і пастаянную вучобу. 

— Пасля каледжа планую працягнуць адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Надаю ўвагу не толькі тэарэтычным ведам — сачу за іншымі выканаўцамі беларускай і замежнай эстрады. Нешта вылучаю для сябе і сваёй творчасці. 

Вакалістка расказала, што хоча стаць артысткай вялікай сцэны і дзяліцца мастацтвам з людзьмі. 

— Прыадкрыю сакрэт: мая першая аўтарская песня ўжо запісана. Веру, што неўзабаве змагу прадставіць яе на розных пляцоўках! 

Ульяна КАСЦЮНІНА 

Фота аўтара