На­што му­зею ага­род…

Цікава, як, калі і навошта ўзнік першы музей. Кажуць, яго прататып пад назовам "Музеён" праславіў Александрыю аж у 290 годзе да нашай эры. Як ні дзіўна, асновай стала Александрыйская бібліятэка. Былі тут нават абедзенныя залы. Чым не падстава для гаворкі пра сінтэтычныя ўстановы культуры будучыні? Новае, як вядома, — забытае старое…

Паўнацэнныя музеі ўтварыліся з прыватных калекцый. Такім чынам, можна меркаваць, што першы беларускі музей узнік з калекцыі зброі Гедыміна і Кейстута, узоры якой захаваў і перадаў унукам вялікі князь Вітаўт. Для чаго я гэта? Для стварэння адпаведнага музейнага настрою. Урачыстага, святочнага, непрадказальнага ў чаканні адкрыццяў. 

НЕ ПАЎТАРАЦЦА! 

Спачатку я не паверыў. Потым ад душы ўразіўся. Яшчэ праз час зразумеў, што музейшчыкі ў Клічаве не толькі захоўваюць гісторыю. Яны яе ствараюць. Але не ўсё адразу… 

Музей у Клічаве стварылі ў 1969 годзе. Знайшлі падыходзячы будынак, зрабілі прыбудову. Спачатку суседнічала бібліятэка. Было ўсё, можна сказаць, як у Александрыі. Бібліятэка праз час атабарылася ў іншым месцы. Музей у выніку перабудоў і дабудоў займеў восем пакояў. Але заходзіць сюды пакуль не будзем. Пагуляем ля. А гідам пагадзілася стаць Наталля Храмянкова, якая працавала тут не адзін дзясятак гадоў, а з 2005-га і да сёлетняга сакавіка служыла дырэктарам краязнаўчага музея. 

Аптэкарскі гарод

Аптэкарскі гарод

— Мая папярэдніца Лідзія Агіновіч, — распавядае Наталля Уладзіміраўна, — не хацела, каб наша ўстанова была падобная на іншыя. І ў яе ўсё атрымалася. А словазлучэнне “Не паўтарацца!” стала музейныя дэвізам на доўгія гады… 

Дык вось, гуляем. Справа ад галоўнага фасада — аптэкарскі гарод. Я яго ўпершыню пабачыў — адчуў шок. Век жыві— век вучыся. Цягам журналісцкіх вандровак выпрацавалася формула пачуццяў, якія павінен адчуць наведвальнік паўнацэннай установы культуры. Вось тыя пачуцці ў храналагічным парадку: шок — радасць — катарсіс — жаданне спрычыніцца да агульнай справы. Хто хоча паспрачацца з маёй формулай — спрачайцеся! 

У гародчыку на сёння — сотня лекавых і дэкаратыўных раслін. Вырошчваюць іх ці не ўсім раёнам. Навошта? Тлумачу: тут ёсць расліны ад усіх хвароб, галоўная ж — ад абыякавасці — “расце” ў музеі. А сам агарод — і рэклама здаровага ладу жыцця, і магчымасць прыдбаць у дадатак да традыцыйнага магніціка яшчэ і насенне ўпадабанай зёлкі… Гуляем далей. 

РУХАВІК БАМБАРДЗІРОЎШЧЫКА 

З левага боку ад фасада — рухавік бамбардзіроўшчыка на пастаменце. З’явіўся ён, падаецца, пасля 2017 года. “К” пісала пра гэта досыць шмат, асабліва паўтарацца не буду. Аднак нагадаю, што музейшчыкі разам з пошукавікамі знайшлі і выцягнулі з мясцовай багны савецкі бамбардзіроўшчык, адшукалі прозвішчы загінулых пілотаў. Музейная справа — гэта не толькі ціхія экскурсіі з указкай, але і няпростая фізічная праца ў полі з рыдлёўкай ці кайлом… 

Вы зразумелі, што нават на дворыку пануе атмасфера музейнай лагоднай гасціннасці, якая нічога агульнага не мае з запыленасцю музейных запаснікаў. Больш за тое, вось пад яблынькай — прыгожая лава, пад нагамі — акуратны брук. Можна пасядзець, падумаць, памарыць, урэшце можна пачакаць тую, якой прызначыў тут спатканне. Музеі і існуюць для таго, каб супакоіцца, натхніцца і парадавацца жыццю. 

Прысядзьце і вы. Калі прыслухацца, можна пачуць, як за музейным акном гучыць урачыстая музыка. Гэта працуе літаратурна-музычны салон. Калі пабачыце жанчын у вячэрніх сукнях ды мужчын у строгіх гарнітурах, не здзіўляйцеся — такі дрэс-код салонных стасункаў… Але пачуць і пабачыць усё гэта можна будзе пазней, а пакуль рабочы дзень у разгары. За музейнымі шыбкамі — шум экскурсійны. 

ЗАМОЖНЫМ БЫЦЬ ВЫГАДНА 

Лепей пра людзей пісаць, а не пра лічбы. Таму пра эканоміку я вельмі караценька. Па словах Наталлі Уладзіміраўны, за год у музеі бывае да дзесяці тысяч наведвальнікаў. Гэта 6-7 тысяч рублёў даходу. Грошы не такія ўжо і малыя. Самае галоўнае, што яны цалкам ідуць на музейныя патрэбы. І тут варта вылучыць на першы план вось што. 

Наталля Храмянкова ў свой час дамаглася, каб Клічаўскі краязнаўчы музей (ці не першы ў вобласці) набыў статус юрыдычнай асобы. З’явіліся бухгалтар на палову стаўкі і рахунак у банку. Самі зарабілі — самі выкарысталі. Усе музейныя гаспадарчыя патрэбы былі задаволеныя. 

Зала гісторыі Клічаўскай партызанскай зоны

Зала гісторыі Клічаўскай партызанскай зоны

…Я мог бы працягнуць наш шпацыр па музейных залах і заняць гэтым расповедам вялізную газетную плошчу. Аднак навошта? Вы на ўласныя вочы павінны пабачыць тутэйшыя экспанаты. Яны сапраўды ўнікальныя. Але пра адну залу ўсё ж напішу (трохі пазней), бо ўтрымацца проста немагчыма. Адначасова выкажуся пра тое, якім, на мой капыл, павінен быць сённяшні музейшчык. 

ПРА ЎМЕННІ 

Ён абавязаны любіць людзей, бо менавіта яны робяць гісторыю. І гэта толькі адно (хоць і галоўнае) уменне музейшчыка. Астатнія звязаны з прафесійным стаўленнем да выканання непасрэдных абавязкаў. 

Наталля Уладзіміраўна адным часам вельмі ўважліва адсочвала тэлеперадачы крымінальнай хронікі. Калі гаворка заходзіла пры мытны канфіскат, дырэктарка музея занатоўвала кожную драбніцу інфармацыі. Потым тэлефанавала, ехала, прасіла і патрабавала. У выніку Міністэрства культуры давала “дабро” на безахвярнае набыццё той ці іншай калекцыі. 

Храмянкова ва ўсім старалася быць першай. Такім чынам раслі аўтарытэт і павага. Ва ўсіх пытаннях кіраўніцтва ішло насустрач. Дарэчы, тут крыецца яшчэ адно важнае ўменне работніка культуры. 

КОШТ ДАБРАЧЫННАСЦІ 

А цяпер — пра залу, наяўнасць якой з’яўляецца яшчэ адной яркай фарбай у агульным музейным партрэце. Рэйтынг установы літаральна падскочыў пасля рэалізацыі праекта сацыяльнай важнасці. Музейшчыкі здолелі адкрыць выставачную залу для творцаў з інваліднасцю. Яны, як вядома, малююць, лепяць, вышываюць, вяжуць… Але творчых кантактаў часам не стае. Вось Храмянкова і вырашыла стварыць для гэтага спрыяльныя ўмовы. Спачатку меркавалася, што выстаўляцца будуць 30 чалавек, аднак свае творы прапанавалі 60, а праз час назбіраліся ўжо ўсе 1209. Прыйшлося абмяжоўваць ахвотных на конкурснай аснове. Калі хтосьці не трапіў на агульную выставу, абавязкова меў персанальную. Калі вакол музея пануе ажыятаж, музей — жывы. 

Эканоміка культуры складаецца не толькі з лічбаў грашовых прыбыткаў. Вельмі дорага каштуюць эмоцыі. Станоўчыя. Сваімі я падзяліўся. 

Яўген РАГІН

Фота з архіва Клічаўскага музея