Бібліятэка як музей ці як батлейка?

Найлепшыя прадстаўнікі нашай сферы былі адзначаныя да Дня работнікаў культуры. Сярод узнагароджаных — намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Вольга Камендантава. Міністр культуры Анатолій Маркевіч уручыў ёй Ганаровую грамату “За шматгадовую добрасумленную працу і значны ўклад у развіццё і папулярызацыю нацыянальнай культуры”.

— Вольга Макараўна, вы 25 гадоў працуеце ў бібліятэчнай галіне. Якія пачуцці выклікала высокая ацэнка вашай дзейнасці? 

— Я была вельмі рада і ўсцешана не толькі атрыманай узнагародай, але і віншаваннямі ад сваіх калег. Бо насамрэч гэтая ўзнагарода — наша з імі агульная, вынік нашай калектыўнай працы. 

— Якая, на вашу думку, сёння галоўная задача бібліятэк? Прывучыць да кнігі, да чытання? 

— Галоўнае — даць інфармацыю. А ўжо ў якім яна будзе выглядзе, друкаваная ці лічбавая, не так важна. У тым, што ўвесь свет рушыць да лічбавых носьбітаў, нельга не бачыць пазітыву, бо праз гэта інфармацыя становіцца яшчэ больш даступнай. І мы гэта скарыстоўваем! Так, з верасня на нашым сайце з’явіўся чарговы віртуальны праект — “Святыя заступнікі Віцебшчыны”. Друкаванае выданне не мела б такой хуткасці і даступнасці распаўсюджвання. Ці тыя ж рэгіянальныя СМІ, што захоўваюцца ў нас з 1946 года. Старонкі з часам жаўцеюць, сям-там гатовыя нават рассыпацца, бо якасць газетнай паперы была не самай лепшай, а запытаў на газеты зашмат. І мы павінны алічбаваць свае фонды. Ствараем таксама камбінаваную базу дадзеных краязнаўцаў Віцебшчыны. Гэта справа няхуткая, зойме некалькі гадоў напружанай працы. Налета прадставім усе знойдзеныя матэрыялы, што тычацца дарэвалюцыйнага часу, і далей будзем рухацца ў храналагічным парадку. Не забытыя і старыя паштоўкі, якія ўяўляюць краязнаўчую цікавасць. 

— І навуковую таксама! Увогуле любая навуковая дзейнасць пачынаецца з вывучэння матэрыялаў папярэднікаў — а значыць, з бібліятэчных фондаў. 

— Наша бібліятэка таксама разгортвае навуковы кірунак. Так, 23 лістапада ў нас пройдзе ІХ Навукова-практычная канферэнцыя “Віцебскі край”, якая сёлета прысвечана 85-годдзю Віцебскай вобласці. І мы ўжо абмяркоўваем наступную, дзясятую, што будзе прысвечана 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Суарганізатарамі выступаюць Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Віцебскі краязнаўчы музей. Па выніках такіх канферэнцый публікуем зборнік дакладаў, выкладаем яго на сайт. Штогод на нашым сайце з’яўляецца каля дваццаці разнастайных выданняў, бо тыражы бываюць маленькімі, а цікавасць — вялікай. 

— Але ж бібліятэкі цяпер займаюцца яшчэ і непасрэдным выхаваннем, робяць усё больш важкі ўнёсак у арганізацыю вольнага часу насельніцтва. І гэта не толькі сустрэчы з аўтарамі ці абмеркаванне новых твораў, але і самыя розныя віды стасункаў з наведвальнікамі, уключаючы бясплатныя курсы, майстар-класы, конкурсы, віктарыны, тэатралізаваныя імпрэзы і т.п. 

— Так, сацыякультурная дзейнасць бібліятэк — патрабаванне часу. І вельмі важна, каб між рознымі бібліятэчнымі напрамкамі быў захаваны баланс, каб не было перакосу ў той ці іншы бок за кошт ігнаравання астатняга. У нас ладзяцца вечарыны, лекцыі, працуе школа камп’ютарнай пісьменнасці — зразумела, бясплатная. Аднавілі краязнаўчыя курсы, прызначаныя для ўсіх ахвочых: прыходзяць і пенсіянеры, і працоўная моладзь, старшакласнікі, ёсць і краязнаўчыя мерапрыемствы для дзяцей. Прыблізна месяц таму мы адкрылі выставачную залу ExLibris, прысвечаную рэдкім і каштоўным кнігам. Зараз думаем пра пашырэнне экспазіцыі і арганізацыю экскурсійнай дзейнасці. Асабіста я працую над сваёй аўтарскай экскурсіяй, што будзе засяроджана на факсімільных выданнях. Што ж да тэатралізаваных паказаў, дык у велікодныя дні ў нас пачаліся батлеечныя спектаклі. Пакуль у рэпертуары — усяго два найменні: велікодная пастаноўка і аповед пра Еўфрасінню Полацкую. Вядома, будзем пашыраць рэпертуар, бо такія спектаклі карыстаюцца вялікім попытам: іх любяць і зусім маленькія, і дарослыя, прычым вельмі сур’ёзныя па сваім статусе. 

 

— А ў якасці артыстаў — няўжо вашы супрацоўнікі? 

— Вядома! Дружна засвоілі лялькаваджэнне — і атрымліваем ад гэтага неймавернае задавальненне. П’есы часткова складаюцца з аўтарскага тэксту, часткова — з кампіляцыі. Увогуле батлейка — гэта калектыўная праца, і мы не парушаем традыцыі. Я пачынала прасоўваць гэтую ідэю і вельмі рада, што мае калегі яе падтрымалі і працягваюць развіваць. 

— Можа, яшчэ і лялек і скрыню самі выраблялі? 

— Не, у гэтым нам дапамагалі студэнты Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта: лялькі — гэта іх вучэбныя работы, выкананыя вельмі старанна і добра. Бо вынікам былі не толькі адпаведныя адзнакі ў залікоўцы, але і практычнае прымяненне. 

— У вас сапраўднае менеджарскае мысленне і добрая хватка. Як трапілі на бібліятэчную ніву? З дзяцінства марылі пра гэтую прафесію? 

— Ды не, неяк выпадкова склалася. Хаця ў дзяцінстве, вядома, я любіла бібліятэкі, кнігі, чытанне. Але ж адным гэтым мае схільнасці не абмяжоўваліся. У школьным узросце, да прыкладу, у мяне была вялікая цікавасць да арніталогіі, метэаралогіі. А яшчэ я вельмі захаплялася мастацтвам. Нават збіралася паступаць у Акадэмію мастацтваў, але ў той год набору на спецыяльнасць “мастацтвазнаўства” не было. І каб не марнаваць час, я паехала вучыцца ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя Пушкіна (цяпер гэтай навучальнай установы няма, яе далучылі да каледжа мастацтваў). І ведаеце, спадабалася! Бо бібліятэчная справа знаходзіцца недзе на сутыкненні культуры і інфармацыі.

Вольга Камендантава: — 23 лістапада пройдзе ІХ Навукова-практычная канферэнцыя “Віцебскі край”, якая сёлета прысвечана 85-годдзю нашай вобласці.

А яшчэ нагадвае музей, архіў, толькі вельмі жывы, разняволены — разнастайны. Пасля заканчэння я пяць гадоў адпрацавала ў Гомельскай абласной бібліятэцы, бо размеркавалі мяне на радзіму, у мой родны горад. І вось ужо 20 гадоў у Віцебску: пераехала туды разам з будучым мужам. Завочна скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, потым працягнула адукацыю па спецыяльнасці “менеджмент сацыякультурнай сферы”. Але навошта пра мяне? Лепей пра бібліятэку! Чаго нам сёння бракуе, дык гэта рэсурсаў. Немагчыма весці навуковую працу, рабіць сур’ёзныя калекцыі толькі на сваіх матэрыялах. Мы выходзім на фонды Нацыянальнай бібліятэкі, архіваў. Наладжваем супрацоўніцтва з многімі бібліятэкамі Расіі — у прыватнасці, з Прэзідэнцкай імя Ельцына ў Санкт-Пецярбургу, Пскоўскай абласной імя Курбацкага, Смаленскай імя Твардоўскага. І такія кантакты, упэўненая, будуць пашырацца. 

Надзея БУНЦЭВІЧ