Высакародная мэта — аб’ядноўваць людзей

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны цырк імя Валерыя Абеля больш за 60 гадоў уражвае майстэрствам. А ўсё пачыналася з невялікага гуртка арыгінальнага жанру пры Палацы культуры Гомельскага шклозавода ў 1961-м. Сёння гэта самы вядомы брэндавы ансамбль Гомельскай вобласці, якую ён прадстаўляе на ўсіх знакавых мерапрыемствах краіны. Цырк імя Абеля — ужо не проста назва, а статус. Пра талент, натхненне і новыя пакаленні творчай сям’і мы паразмаўлялі з мастацкім кіраўніком калектыву Таццянай Валер’еўнай Абель. 

Валерый Абель падчас выступленняВалерый Абель падчас выступлення

— Таццяна Валер’еўна, раскажыце, як пачалася гісторыя цырка. 

— Гісторыя калектыву непарыўна звязана з імем яго заснавальніка і першага кіраўніка Валерыя Аляксандравіча Абеля. Ён шмат зрабіў для фарміравання цырка, станаўлення традыцый, умацавання аўтарытэту. Дзякуючы гэтаму чалавеку калектыў неаднаразова станавіўся лаўрэатам усесаюзных фестываляў і конкурсаў. Творчыя праграмы Валерыя Аляксандравіча вылучаліся вялікай тэматычнай разнастайнасцю, а таму заўсёды былі запатрабаваныя. Масавы тэатралізавана-цыркавы паказ “Пераможным набатам гучы 45-ы!” у 1985 годзе — апошняя праца мэтра, які трагічна пайшоў з жыцця. Мяняліся часы, але традыцыі, назапашаныя за доўгія гады, працягваюцца і прымнажаюцца. Асноўныя жанры — акрабатыка, гімнастыка, жангліраванне, эквілібрыстыка і клаўнада. Школа цырка дастаткова сур’ёзна разраслася. Выхаванцы, якія прайшлі падрыхтоўку ў калектыве, — гатовыя прафесіяналы. Наш рэпертуар штогод становіцца больш размаітым. У 2008-м цырку прысвоена званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. Нашы артысты ўдзельнічаюць у конкурсах, фестывалях і канцэртах па ўсім свеце і неаднаразова атрымлівалі граматы і дыпломы гарадскога, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. 

Кожны з нас адчувае прыналежнасць да вялікай сям’і. Быць артыстам цырка Абеля — найвышэйшая планка, якая прымушае зноў і зноў здзіўляць удзячных гледачоў, дарыць ім захапляльныя эмоцыі, адкрываць невядомыя таленты. 

— Напэўна, за час існавання калектыву здарылася шмат яркіх момантаў. Якія вам прыгадваюцца перш за ўсё? 

— За 60 гадоў мы наведалі сотні фестываляў і конкурсаў, правялі дзясяткі гастроляў. Самае важнае для калектыву — бачыць свае дасягненні і дасягненні іншых. Таму мы заўсёды стараемся не замыкацца ў сваёй спартыўнай зале ці зале Палаца культуры. Грэюць душу зусім нядаўнія ўспаміны. Мы прывезлі перамогу — Гран-пры І Міжнароднага фестывалю-конкурсу аматарскага цыркавога мастацтва, які прайшоў на манежы Гомельскага дзяржаўнага цырка. Вельмі прыемна было атрымаць такую ўзнагароду. Фактычна гэта прызнанне, што наш калектыў — найлепшы з аматарскіх цыркавых у краіне. 

Кіраўнік калектыву — Таццяна Валер'еўна Абель

Кіраўнік калектыву — Таццяна Валер'еўна Абель

— З якога ўзросту прыходзяць да вас? Хто дапамагае дзецям выбраць напрамак? 

— Мы гадуем юных артыстаў з пяці гадоў. У гэтым узросце важна, каб таленавітаму дзіцяці сустрэўся таленавіты педагог. Дзякуючы таму, што ў нашым калектыве прадстаўлены практычна ўсе жанры цыркавога мастацтва, хлопчыкі і дзяўчынкі выбіраюць, быць ім жанглёрамі, акрабатамі, эквілібрыстамі… А можна паспрабаваць сябе ва ўсіх напрамках адразу, калі ёсць жаданне. Самае галоўнае, што трэба мець, каб стаць артыстам цырка, — працавітасць. Другі складнік поспеху — мэтанакіраванасць. Без намаганняў у нашым мастацтве нічога не бывае. 

— Таццяна Валер’еўна, падаецца, менавіта ў цырку вельмі істотную ролю іграе кіраўнік. Падзяліцеся, як вы ствараеце каманду, як узаемадзейнічаеце з артыстамі. 

— У любой справе павінен быць лідар. Ёсць лідар — поспех калектыву забяспечаны. Я ніколі не дзяліла жыццё ў цырку і па-за цыркам. Мы расцём і развіваемся разам. Я, канечне, таксама нечаму вучуся, але, вядома, часцей вучу іншых. Узаемадзейнічаю заўсёды наўпрост, дыхаю з калектывам адным паветрам. І я бачу, што ён зараджаецца маёй энергіяй і маёй бязмежнай любоўю да цыркавога мастацтва. Цырк — наш агульны лёс. Адначасова гэта сукупнасць многіх відаў творчасці. Таму натхніць нас можа што заўгодна. Цыркавы артыст павінен валодаць навыкамі практычна ўсіх кірункаў мастацтва, паколькі пастаноўкі бываюць вельмі разнастайныя. Але самае важнае тут тое, што цырк — найбольш сумленнае мастацтва, у якім ніколі не выступаюць пад фанаграму, а кожны трук выконваецца ўжывую тут і цяпер. Таму галоўнае натхненне — гэта наш глядач і любоў да сваёй справы. 

— Што б вы параілі маладым людзям, якія мараць стаць часткай вялікай цыркавой сям’і? 

— Магчыма, гэта прагучыць банальна, але, каб стаць артыстам цырка, спачатку неабходна яго палюбіць. Палюбіць так, каб цырк быў родным домам. Сапраўдны артыст штодзень адточвае майстэрства. Некаторыя ўдасканальваюць нумары на працягу ўсяго жыцця. Гэта вельмі карпатлівая праца. Доля прафесійнага артыста няпростая яшчэ і тым, што ён увесь час знаходзіцца на гастролях і фактычна не мае стацыянарнага дому. Але калі ты шчыра любіш цырк, то іншага лёсу для сябе ўжо не ўяўляеш. І ўсе гэтыя нюансы прыносяць толькі радасць. 

Рэпетыцыя цыркавога нумара ў дзіцячай групе

Рэпетыцыя цыркавога нумара ў дзіцячай групе

Каб стаць членам нашага калектыву, дастаткова добрай фізічнай падрыхтоўкі, жадання ўпарта працаваць. А любоў узнікне ў працэсе работы дзякуючы намаганням нашых педагогаў, якія гараць сваёй справай. Памятайце адно: цырк не мае меж, ён не ведае моўных, нацыянальных ці ўзроставых адрозненняў. Цыркавое мастацтва зразумелае кожнаму, і менавіта таму яго высакародная мэта — аб’ядноўваць людзей у вялікае кола сяброўства! 

За шэсць дзесяцігоддзяў імя Валерыя Абеля — заснавальніка народнага цырка — абляцела паўсвету. І мы не проста заваёўваем новыя тытулы, папаўняючы скарбонку дасягненняў, мы ўдасканальваемся, вучымся невядомаму, а галоўнае, дорым майстэрства людзям, заводзім цёплыя знаёмствы і знаходзім надзейных партнёраў, пакідаючы часцінку цырка імя Валерыя Абеля ў розных кутках Зямлі.

Ганна САКАЛОВА 

Фота з архіва калектыва