Чым прывабіць вандроўнікаў Гродзеншчына?

Апублiкавана: 09 лiстапада 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: РУДАК Антон

Удзельнікі калегіі Міністэрства культуры на чале з міністрам Анатоліем Маркевічам 26 кастрычніка наведалі Гродзенскую вобласць. На выязным пасяджэнні, якое адбылося ў Астраўцы, прайшло абмеркаванне інвестыцыйнай праграмы, работ па капітальным рамонце на аб'ектах культуры, якія фінансуюцца за кошт рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, а таксама ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы. Удзел у пасяджэнні ўзялі начальнікі структурных падраздзяленняў Міністэрства культуры і ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў ды Мінскага гарвыканкама, а таксама заказчыкі і падрадчыкі па выкананні работ на гістарычных помніках.

ВЯРТАННЕ КНЯЖАЦКАЙ ВЕЖЫ 

Але перш госці Гродзеншчыны наведалі два значныя аб’екты, на якіх сёння працягваюцца аднаўленчыя работы, — Крэўскі і Гальшанскі замкі. Як адзначыў міністр культуры Анатолій Маркевіч, гэтыя помнікі — сведчанні глыбокай гістарычнай мінуўшчыны і багатай культурнай спадчыны нашай краіны. Дзяржава надае вялікую ўвагу аднаўленчым работам, на гэтыя мэты выдзяляюцца істотныя фінансавыя сродкі. Напрыклад, у аднаўленне Крэўскага замка ўжо ўкладзена больш за 5,5 мільёнаў рублёў. Работы выконваюцца вельмі дынамічна, прытым з захаваннем усіх неабходных норм. У наступным годзе мы выйдзем на завяршальны этап па абнаўленні перыметра замка. Пасля гэтага ў планах рэстаўрацыя Княжацкай вежы і яе музеефікацыя. У асноўнай экспазіцыі будуць прадстаўленыя артэфакты, знойдзеныя тут падчас археалагічных даследаванняў. 

Сустрэча ў Астраўцы

Сустрэча ў Астраўцы

У Крэве ўдзельнікаў калегіі віталі старшыня райвыканкама Генадзь Харужык, намеснік старшыні Ігар Шчасны і начальнік аддзела спорту і турызму Аляксандр Лобан. Як паведаміла начальнік аддзела культуры Таццяна Ражава, да канца бягучага года мусіць быць завершаная кансервацыя з рэстаўрацыяй паўднёва-заходняй сцяны замка. На гэты момант завершаны каменны мур, які выканалі работнікі ААТ “Белрэстаўрацыя”, наступным этапам будзе аднаўленне паўднёваўсходняй сцяны. Сёлета замак наведалі больш за пяць тысяч турыстаў, толькі на брэндавым свяце “Керамiка Крэва” пабывалі больш за паўтары тысячы чалавек. 

АДЗІНЫ МАРШРУТ 

Затым удзельнікі калегіі прыехалі ў Гальшанскі замак Ашмянскага раёна. На гэтым аб’екце вядуцца работы па кансервацыі з фрагментарнай рэстаўрацыяй. На паўночнаўсходнім корпусе завяршаюцца работы па рэстаўрацыі цаглянага мура, кансервацыі вонкавых сцен, на паўночна-заходнім корпусе — супрацьаварыйныя і кансервацыйныя работы. Завершана будаўніцтва Паўночнай вежы, у якой дзейнічае музейная экспазіцыя. 

Гасцей сустрэлі намеснікі старшыні Ашмянскага райвыканкама Андрэй Клышэўскі і Юрый Снесар. Як адзначыла начальнік сектара культуры Вольга Барысенка-Рабко, дзякуючы падтрымцы дзяржавы руіны замка паступова набываюць новае жыццё, робячыся не толькі месцам, авеяным легендамі і паданнямі, але і цэнтрам культурна-пазнавальнага турызму ў рэгіёне. За час работы філіяла з мая 2021 па верасень 2023 года экспазіцыю ў Паўночнай вежы ўбачылі больш за 47 тысяч турыстаў з Беларусі і замежных краін. Колькасць наведвальнікаў штогод павялічваецца, укараняюцца новыя паслугі і формы работы. 

Адноўлены камін у вежы Гальшанскага замка

Адноўлены камін у вежы Гальшанскага замка

Як адзначыла начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч, вельмі важна, што ўсе аднаўленчыя працы, якія вядуцца на гістарычных аб’ектах Гродзеншчыны, не закрываюць магчымасць наведвання іх турыстамі. Гальшанскі замак — асабліва паказальны прыклад у гэтым дачыненні, тут умела спалучаюць гэтыя два напрамкі работы, прытым выкарыстоўваюць аб’ект і для гістарычных экскурсій, і як пляцоўку для масавых мерапрыемстваў. Анатолій Маркевіч падкрэсліў, што важна наладжваць узаемадзеянне паміж раёнамі і сумесна распрацоўваць турыстычныя маршруты — такі сістэмны падыход дапаможа больш пагрузіць турыстаў у гісторыю рэгіёна. 

ТРАДЫЦЫЙНЫ ПАЧАСТУНАК 

У Астраўцы ўдзельнікі калегіі азнаёміліся з работай шматфункцыянальнага комплексу сацыяльна-культурнага прызначэння і творчасці моладзі, дзе кампактна размясціліся цэнтр культуры, аддзел рамёстваў, гісторыка-краязнаўчы музей, 3D-кінатэатр, бібліятэка і памяшканні для гуртковай работы. Гасцей тут сустракалі караваем са збожжа новага ўраджаю. Загадчык Рымдзюнскага сельскага клуба-бібліятэкі Наталля Недалтоўская распавяла пра захаванне народных традыцый у гервяцкім краі, а фальклорны калектыў “Жыльвіціс” пацешыў гасцей народнымі песнямі і танцамі. Было чым здзівіць удзельнікаў калегіі і майстрам цэнтра культуры і народнай творчасці — яны зладзілі паказ адзення ручной работы, а ў бібліятэцы госці паглядзелі пастаноўку з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” і пачаставаліся кавай з жалудоў. 

Як адзначыў у сваім выступе на пасяджэнні калегіі Анатолій Маркевіч, пытанні будаўнічага комплексу заўжды знаходзяцца ў цэнтры ўвагі кіраўніцтва і супрацоўнікаў сферы культуры. Гэта не проста аб’екты, за гэтым стаіць глыбокі сэнс, які заключаецца ў тым, наколькі мы з’яўляемся праваднікамі ідэй, звязаных з захаваннем гістарычнай памяці і культурнай спадчыны, наколькі глыбока пранікаем у нашу гісторыю. Штогод у дзяржаўнай праграме з’яўляецца шэраг аб’ектаў, якія падлягаюць рэстаўрацыі ці рэканструкцыі, сёлета такіх налічваецца 13, станам на пачатак кастрычніка на іх выдзеленыя з рэспубліканскага бюджэту 33,2 мільёна рублёў.

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

З асноўным дакладам выступіў начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Міністэрства культуры Аляксандр Бартошык. Сёлета працягваюцца работы ў комплексе Нацыянальнага мастацкага музея, з пачатку работ на гэты аб’ект вылучана 38,7 мільёна рублёў. На будаўніцтва корпуса Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава накіравана 19,4 мільёна рублёў, будаўнічая гатоўнасць аб’екта сёння складае 70 %. На работы ў палацава-паркавым комплексе ў Ружанах Пружанскага раёна было накіравана больш за 5 мільёнаў рублёў, будаўнічая гатоўнасць таксама складае 70 %.

На рэстаўрацыю касцёла Божага Цела ў Нясвіжы з пачатку работ накіравана 13,7 мільёна рублёў, а на рэканструкцыю і рэстаўрацыю Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку — 3,8 мільёна рублёў, сёння тут працягваюцца работы па рэстаўрацыі фасадаў і роспісаў у інтэр’еры. Па комплексе былога калегіума езуітаў у Юравічах Калінкавіцкага раёна вядзецца распрацоўка праектнай дакументацыі, завершаныя работы па распрацоўцы праектна-сметнай дакументацыі для рэстаўрацыі Свята-Аляксандра-Неўскай царквы ў Мінску. На работы ва Успенскім саборы ў Жыровічах з пачатку работ вылучана 10,6 мільёна рублёў, будаўнічая гатоўнасць аб’екта складае 90 %. На работы на Навагрудскім замку вылучана 5,5 мільёна рублёў, будаўнічая гатоўнасць складае 70 %, сёння працягваюцца работы па ўмацаванні руін вежаў і аднаўленні замкавага мура. На работы ў канцэртным зале “Віцебск” вылучана 24,1 мільёна рублёў, будаўнічая гатоўнасць аб’екта складае 50 %.

Крэўскі замак

Крэўскі замак

За дзевяць месяцаў 2023 года арганізацыямі культуры і ўстановамі адукацыі ў сферы культуры закуплены 383 музычны інструмент на агульную суму 1,8 мільёна рублёў. Пад кіраўніцтвам намесніка міністра Сяргея Саракача была праведзеная істотная работа ў гэтым напрамку і распрацаваная новая методыка падліку забяспечанасці музычнымі інструментамі. Таксама для закупкі піяніна была зладжаная дабрачынная акцыя, прымеркаваная да Міжнароднага дня абароны дзяцей, і задзейнічаная спонсарская дапамога. Акрамя таго, закуплена светлавое, гукавое і іншае абсталяванне, а таксама музычныя інструменты на суму 15,2 мільёна рублёў.

Падчас пасяджэння таксама быў адзначаны шэраг пытанняў, якія патрабуюць вырашэння для паспяховага завяршэння работ на аб’ектах. Удзельнікі калегіі завяршылі сваё знаёмства з Астравеччынай, наведаўшы пасля помнікаў гісторыі яшчэ і адзін з найцікавейшых сучасных аб’ектаў рэгіёна — Беларускую атамную электрастанцыю, дзе здолелі азнаёміцца з гісторыяй гэтага прадпрыемства і работай яго персаналу. Так госці здолелі пераканацца, што рэгіён развіваецца і, абапіраючыся на даўнія традыцыі, упэўнена глядзіць у будучыню. Раім усім наведаць гістарычныя мясціны Гродзеншчыны і таксама ўпэўніцца на ўласным досведзе, які магутны турыстычны патэнцыял мае гэтая зямля.

Антон РУДАК