“Не­сцер­ка” на но­вы лад

Апублiкавана: 08 лiстапада 2023 Арт-блог Тэатры Магілёў і вобласць

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Несцерка — герой вандроўны, ён з’яўляецца тут і там. У свой час завітваў на сцэны ледзь не ўсіх нашых тэатраў, уключаючы Музычны, стаў візітоўкай трупы імя Якуба Коласа ў Віцебску, патрапіў у кіно і анімацыю і, нарэшце, паўстаў у аднайменным мюзікле-эскападзе ў Бабруйску — у Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча.

Галоўны рэжысёр установы Зміцер Нуянзін ішоў да гэтага спектакля доўга — яшчэ з 1982-га, калі ўпершыню прачытаў твор Віталя Вольскага. Вядома, у перакладзе на рускую, бо жыў на той час у Расіі. Тады ж і запаліўся ідэяй калі-небудзь зрабіць пастаноўку — а здзейснілася толькі цяпер. Прычым таксама не імгненна: рэпетыцыі доўжыліся аж паўгода. За аснову была ўзята не ўласна п’еса 1940-га, а напісаная паводле яе музычная камедыя знанага беларускага кампазітара Рыгора Суруса, якая амаль 20 гадоў, з 1979-га, ішла ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. У тым лібрэта першапачатковы твор значна скараціўся. Сын літаратара Артур Вольскі напісаў вершы, неабходныя для музычных частак. Па жанры атрымалася штосьці вельмі блізкае да мюзікла: партытура ўключала не толькі песенныя нумары, але і цэлыя сцэны, што рухалі дзеянне і былі пабудаваны па законах музычнай драматургіі. У новым спектаклі ўсё гэта захавана, змянілася толькі аранжыроўка: рэжысёр замовіў яе Паўлу Бойку з Расіі, які крыху “пахуліганіў”, надаўшы некаторым нумарам новае жанрава-танцавальнае аблічча. Злёгку “хуліганяць” і акцёры, рыфмуючы “ў Сарбоне” і “ў Смаргоні” ці замяняючы прозвішча Несцяровіч (зблытанае па сюжэце імя Несцеркі) — на Парфяновіч, што выклікае смех у зале, бо так завуць вядучага артыста бабруйскага калектыву. 

Перад акцёрамі стаяла няпростая задача: яны ў гэтым мюзікле не столькі размаўляюць, колькі спяваюць і танчаць — цягам усяго спектакля. Таму ў штаце тэатра з’явілася хормайстар Ганна Паўлюкевіч, якая займаецца з трупай і цяпер. Балетмайстрам выступіла артыстка Рыта Папруга, якая і раней прыдумляла для пастановак пластычнатанцавальнае аздабленне. Гэтым разам яна з’яднала эстрадную стылістыку з фолкам, і атрымалася даволі ўдала: танцы папраўдзе “заводзяць” публіку. 

Сцэнаграфія Андрэя Меранкова, які працуе галоўным мастаком Музычнага тэатра, даволі ўмоўная, але вельмі трапная — у традыцыях беларускай выцінанкі. Былі скарыстаны нават арыгінальныя ўзоры, падгледжаныя ў музейных калекцыях. Кожная выцінанка, што спускаецца зверху, так ці іначай перагукаецца са сцэнічнымі падзеямі. Праз гэта ўзнікае быццам дадатковае сюжэтнае адгалінаванне, у якім побытавая гісторыя набывае сувязь з біблейскімі павевамі і, яшчэ глыбей, з язычніцкай архаікай. Ды і тыя “выцінанкі”, што ўстаноўлены на перасоўных панэлях і малююць месца дзеяння, трансліруюць менавіта беларускія рэаліі: справа — абрысы царквы, злева — касцёла. Нават месяц, што з’явіцца ў час любоўнага дуэта, — у выглядзе самаробнага дыванка. А ўся мэбля — простыя вясковыя табурэты, здольныя ператварацца ў подыум. 

У сцэнічных строях рэжысёр прапанаваў мастаку спыніцца на валошках — і ўзнікла адметнае спалучэнне сучаснай моладзевай моды з фальклорнымі элементамі. Васількі, выявы якіх набліжаны да каляднай зоркі, да сімвалаў прыгажосці і дабрабыту ў нацыянальным арнаменце, расцвілі на байках з капюшонамі. Да джынсаў дадаліся старадаўнія паясы ды анучы пад лапці. Спадніцы і сарафаны адсылаюць да пэчворку, а з вясковай хусткі, як аказалася, вельмі лёгка зрабіць выкшталцонае балеро. Такая сумесь мінуўшчыны і сучаснасці апраўдана яшчэ і сюжэтна: дзеянне пачынаецца з таго, што штукары раздаюць ролі. І ўсё далейшае — быццам спектакль у спектаклі. Батлеечнае прадстаўленне, для якога былі створаны вялізныя плоскія лялькі, становіцца спектаклем аж трэцяй ступені. 

Шкаляр (Дзмітрый Тужакоў) вырашаны парадыйна: ён заляцаецца не столькі да Насці (Марыя Дарагабед), колькі да яе маці Мальвіны (Таццяна Дарагабед). У ім ёсць штосьці ад няўдалага чарцяняці. Невыпадкова ў вопратцы героя чорны спалучаецца з чырвоным і колерам фуксіі, а валасы пад капелюшом сабраны ў маленькія хвосцікі з каляровымі рызінкамі — бы рожкі. Несцерка (Аляксандр Ціханаў) зусім не стары, а яго адзенне наўпрост перагукаецца з касцюмам Юрася (Данііл Данілаў). Яркія вобразы ёсць і сярод другасных персанажаў. Тая ж Марго Марахоўка (жвавая дзяўчынка) магла б прэтэндаваць і на ролю Насці. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота з архіва тэатра