Усё мяняецца, а музыка вечная

Працягваем знаёміцца з таленавітай моладдзю, якая яскрава прадставіла Беларусь на XVII Дэльфійскіх гульнях дзяржаў-удзельніц СНД. Залатая медалістка Айрыс Шадрына з дзяцінства ведала пра сваё прызначэнне: кранаць людскія сэрцы гукамі фартэпіяна. Цяпер ёй дзевятнаццаць гадоў, яна студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і пераможца прэстыжных конкурсаў.

— Як вы прыйшлі да музыкі? 

— У раннім узросце я шмат чым цікавілася. Мне падабаліся чытанне кніг, фатаграфія, падарожжы. Але ў тры гады, пасля таго як я пачула ўжывую фартэпіяна, сказала бацьку, што хачу быць толькі піяністкай, пра іншыя інструменты ніколі не было і гаворкі! Ужо ў чатыры ў мяне з’явіўся дома свой інструмент, і я не адыходзіла ад яго гадзінамі: спрабавала нешта складаць і напяваць. Памятаю, як пачула 7-ю сімфонію Брукнера і заплакала падчас выканання адажыа. Тады тата спытаў: “Што здарылася?” А я адказала: “Гэта праз музыку”. Стала ясна, што для мяне яна не проста набор гукаў, а мноства эмоцый і пачуццяў. Мы ўзяліся за вывучэнне нот, якія я пачала чытаць раней, чым літары. І да гэтага часу мне лягчэй выказаць нешта пры дапамозе мелодыі, чым перадаць словамі. 

— Чаму з вялікай разнастайнасці інструментаў вы абралі менавіта фартэпіяна? 

— Бо яно можа перадаць афарбоўку любога іншага інструмента з аркестра. Яшчэ зручна, што з-за кантрасту чорных і белых клавіш вельмі лёгка арыентавацца ў самым віртуозным творы, нават калі не валодаеш добрым зрокам. 

— Ці ўзнікалі ў вас калі-небудзь думкі спыніць заняткі музыкай? 

— Шчыра кажучы, я некалькі разоў задумвалася пра гэта, але своечасова ўсведамляла, што мой настрой зменлівы, а музыка вечная. І было б вельмі неразумна паддавацца нейкім кароткатэрміновым эмоцыям. Да таго ж усе кажуць, што ў мяне вялікі талент і абсалютны слых, дадзеныя лёсам, мабыць, нездарма. Так што падобныя разважанні хутка знікалі, бо музыкай я займаюся кожны дзень, акрамя некаторых свят. 

— Чым запомніліся гады навучання ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі? 

— У 2012-м я паступіла ў РМК, а да гэтага два гады вучылася там жа на падрыхтоўчым аддзяленні. Кожны дзень мне даводзілася ездзіць з Заслаўля, дзе тады жыла мая сям’я, у Мінск на маршрутцы, у якой мяне ўгойдвала. Профільных прадметаў было шмат, але яны прыносілі радасць, а вось агульнаадукацыйныя не заўсёды. Там я навучылася шмат чаму ад педагогаў па фартэпіяна. Ад светлай памяці Лары Паўлаўны Васільевай — без страху выходзіць на сцэну і граць без боязі памыліцца. Ад Арыядны Мікалаеўны Гужалоўскай — працаваць над якасцю гуку, праслухоўваючы кожную ноту. Аляксандр Яўгенавіч Палякоў паказаў, як іграць свабодна, эфектна, цэласна, з максімальнай аддачай. 

Самае галоўнае, што я зразумела, — трэба ісці да сваёй мэты і дасягаць яе, нават калі навакольныя сумняваюцца ў табе і падсоўваюць падручнік матэматыкі замест любімага музычнага інструмента. Немагчыма быць выдатным ва ўсіх галінах адразу. Трэба рабіць выбар паміж тым, што табе сапраўды трэба, і тым, што належыць ведаць для азнаямлення. 

— Цяпер вы першакурсніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Ці ўбачылі адрозненне паміж навучаннем у вышэйшай навучальнай установе і гімназіі-каледжы? 

— Розніца вельмі адчувальная. У Акадэміі музыкі я ўсведамляю вялікую адказнасць за свае словы і ўчынкі. Тут няма лішніх прадметаў і не трэба шукаць кабінет, каб пазаймацца на інструменце. Да нас ставяцца ўжо як да дарослых людзей! 

— З якім рэпертуарам вы часцей за ўсё выступаеце? 

— Вядома ж, з Шапэнам! Я выконвала мноства твораў майго любімага кампазітара: фантазію-экспромт, шмат яго эцюдаў, канцэрт e-moll па частках і цалкам у філармоніі ў Мінску і Гомелі, у Вялікім Ноўгарадзе, у Самары. Таксама грала любімую баладу f-moll у Маскве, Самары, Бішкеку, іншых гарадах. У рэпертуары былі Бах, Бетховен, Рахманінаў, Шуман, Мендэльсон, Грыг, Пракоф’еў, Дэбюсі, Равэль. Мае прыярытэты — выкананне больш позняй музыкі Стравінскага, Месіяна, Бартока, Пуленка, Сезара Франка. 

— Раскажыце пра свае самыя значныя перамогі. 

— Памятаю першы сольны канцэрт у сем гадоў. Ён складаўся з паловы твораў з “Дзіцячага альбома” Чайкоўскага і “Полькі” Рахманінава. Я тады зусім не хвалявалася на сцэне і вельмі радавалася кожнай магчымасці дзе-небудзь выступіць. Вельмі яркія ўспаміны ў мяне засталіся ад Міжнароднага конкурсу маладых піяністаў памяці Уладзіміра Горавіца ў 2018 годзе. Тады я сур’ёзна захварэла, але з тэмпературай змагла сыграць тры туры і заваяваць бронзавы медаль і паездку ў Парыж у залу Корта. Таксама памятаю Міжнародны конкурс юных піяністаў імя Таццяны Нікалаевай, дзе я ўзяла гран-пры. Быў нават нейкі ступар, калі мяне абвясцілі пераможцай. Моцна адбіўся ў памяці конкурс “Маладыя таленты Беларусі”, дзе я заняла першае месца. Тады я страціла свайго педагога па фартэпіяна і займацца са мной было няма каму, але выпрабаванне, наадварот, надало мне сіл, і я паказала свой максімум. 

— Падзяліцеся ўражаннямі ад паездкі ў Кыргызстан. Якое гэта адчуванне — стаць залатой медалісткай Дэльфійскіх гульняў? 

— Раней у гэтым конкурсе я не ўдзельнічала, але ў Бішкеку нас вельмі цёпла прынялі і арганізавалі ўсе ўмовы для камфортнага знаходжання ў такой цудоўнай краіне, як Кыргызстан. У першым туры выконвала Баха — прэлюдыю і фугу з ХТК f moll, а таксама Шапэна — эцюд з сачынення 10 cis moll. У другім — баладу f moll Шапэна і чатыры эцюды Рахманінава: з 33 сачынення — g moll, d moll, c moll і з 39 — D dur. 

Калі я чакала свой выхад перад кожным турам, міжволі даводзілася чуць, як выступаюць астатнія ўдзельнікі. Праз гэта пачынала моцна хвалявацца. Самым складаным было граць на раялі, які гучаў выдатна, але яго клавіятура была крыху нязвыклай, верхні рэгістр з цяжкасцю паддаваўся педалізацыі. У цэлым гэта мне дапамагло палепшыць якасць гуку. Калі аб’яўлялі вынікі конкурсу, я абсалютна ні на што не спадзявалася. Разумела, што зрабіла ўсё магчымае, але была настолькі знясіленая, што ніякіх эмоцый не заставалася. Вось абвясцілі дыпламантаў: на першым месцы — я! Ледзь не задыхаючыся ад радасці, з захапленнем пракрычала: “УРА!!!” Пасля гучных апладысментаў нас віншавалі і фатаграфавалі. Затым быў гала-канцэрт пераможцаў. Па словах майго педагога Уладзіміра Андрэевіча Дулава, я сыграла яшчэ лепш, чым на конкурсе. Вялікі дзякуй настаўніку, бо ўсяго за пару месяцаў працы са мной ён змог прыкметна палепшыць якасць майго выканання. 

— Якія творчыя планы вы маеце? 

— У галаве — вялікі пералік новых конкурсаў і рэпертуару, а таксама мноства выступленняў. З радасцю ўсіх чакаю на канцэртах з маім удзелам, дзе на сцэне імкнуся перадаць усё тое багацце эмоцый, якія зведвалі кампазітары пры напісанні сваіх твораў і якія цяпер адчуваю я. 

Настасся ЮРКЕВІЧ 

Фота з архіва гераіні