Фільмы, якія робяцца для гледача

Апублiкавана: 17 лiстапада 2023 Стужка Кіно Мінск

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Ужо сёння ў Доме кіно адбудзецца ўрачыстае адкрыццё XXIX Мінскага міжнароднага фестывалю “Лістапад”. На цырымоніі публіцы прадставяць дэбютную працу маладога беларускага рэжысёра Кірыла Халецкага — фільм “Кіношнікі”.

Конкурсныя паказы традыцыйна пройдуць у сталічных кінатэатрах “Піянер”, “Цэнтральны”, “Беларусь”. Міжнароднае журы абярэ найлепшыя карціны ў пяці праграмах: ігравых, неігравых і анімацыйных стужак, “Кіно маладых”, фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік”. 

— Цяперашні год стаў для нас рэкордным, аб чым сведчаць вялікія лічбы — 2087 заявак са 107 краін. Гэтыя паказчыкі гавораць пра аўтарытэт кінафестывалю, — адзначыў Валерый Грамада, першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь, падчас прэс-канферэнцыі 13 лістапада. — У рамках пазаконкурснай праграмы пройдуць дні кіно, у якіх паўдзельнічаюць прадстаўнікі пасольстваў Расіі, Казахстана, Пакістана. Гасцям беларускай зямлі будзе прапанавана культурная праграма — наведванне Нацыянальнага мастацкага музея, Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, храма-помніка ў гонар Усіх Святых, замкавага комплексу “Мір” і па жаданні любых іншых нашых устаноў культуры. 

Традыцыйна ў межах “Лістапада” арганізуюць цырымоніі ўручэння спецыяльных прызоў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве” і “За гуманізм і духоўнасць у кіно”. Першую зладзяць падчас адкрыцця фестывалю, другую — на закрыцці. 

— Сёлета нас чакае адзінае адкрыццё па ўсёй рэспубліцы, — распавяла пра навінкі “Лістапада-2023” выканаўчы дырэктар кінафоруму Алеся Жорнікава.— Мінск застаецца афіцыйным цэнтрам, але адкрыццё таксама пройдзе на больш як 80 пляцоўках нашай краіны. Мы прыклалі ўсе намаганні, каб абласныя кінатэатры былі забяспечаны і конкурснымі, і пазаконкурснымі стужкамі. Такім чынам спадзяёмся прыцягнуць увагу да мерапрыемства і павялічыць колькасць гледачоў. 

Акрамя кінатэатраў, праграма фестывалю ахопіць і іншыя ўстановы культуры. Напрыклад, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў правядуць дні адчыненых дзвярэй. Цягам акцыі пакажуць найлепшыя студэнцкія кароткаметражныя фільмы. Запланаваны майстар-класы з удзелам прадстаўнікоў “Ленфільма” і выкладчыкаў Усерасійскага дзяржаўнага ўніверсітэта кінематаграфіі імя С. А. Герасімава, а таксама творчая сустрэча з маладым рэжысёрам Кірылам Халецкім, выпускніком БДАМ. 

Шмат падзей адбудзецца непасрэдна на “Беларусьфільме”. У прыватнасці, мяркуюць зладзіць творчыя сустрэчы з прадзюсарам Ігарам Угольнікавым, артыстам Аляксандрам Алешкам, паказ карціны “Хітроўка. Знак чатырох”. Таксама чакаецца падпісанне дамовы аб сумеснай кінавытворчасці студыі “Беларусьфільм” і кітайскай кінакампаніі. 

— Прыемна, што “Лістапад” становіцца фестывалем кіно, якое робіцца для гледача і гаворыць пра яго, — заўважыў Аляксандр Яфрэмаў, народны артыст Беларусі. — Кожная краіна прадстаўляе стужкі, распавядаючы пра ўласны народ. Але дзіўна, што праблемы, узнятыя ў нацыянальных карцінах, адзіныя для ўсіх людзей. 

Настасся ЮРКЕВІЧ