Самае страшнае — нічога не адчуваць

Апублiкавана: 22 лiстапада 2023 Стужка Кіно Мінск Кінапрагляд

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

XXIX Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”, які сёлета пройдзе пад слоганам “Ствараем будучыню”, у самым разгары. Адной з асноўных падзей форуму стала прэм’ера дэбютнай карціны Кірыла Халецкага “Кіношнікі”. “К” сустрэлася з выканаўцам галоўнай ролі, Станіславам Пякарскім, каб даведацца, чаго чакаць ад фільма.

— Станіслаў, віншуем з заканчэннем здымак. Гэта ваш першы сумесны праект з Кірылам Халецкім? Як працавалася з рэжысёрам і камандай? 

— Сапраўды, гэта наш з Кірылам дэбют у тандэме “рэжысёр — акцёр”. Падчас здымак мы часта размаўлялі пра майго персанажа, разам дапрацоўвалі яго. Напэўна, Кірыл не чакаў, што будуць такія змены. Але гэта натуральна, таму што сцэнарый ствараецца на паперы, а калі героя ўвасабляе жывы чалавек, то ён прыўносіць нешта сваё ў вобраз. Што тычыцца каманды, то фільм стаў выклікам для ўсіх. Было шмат перашкод, з якімі раней не сутыкаліся. Але, нягледзячы на цяжкасці, абышлося без канфліктаў. Мы вучыліся на памылках, падтрымлівалі адзін аднаго. Здараліся невялікія зрывы праз нервы, бо на псіхалагічным стане адбіваўся жорсткі графік. Але гэта толькі ў асобныя моманты. Калі працоўны дзень заканчваўся, мы адпускалі стрэс і сыходзілі дадому ў добрым настроі. На фінальных этапах нават марылі, як будзем ствараць стужку “Кіношнікі-2”. 

— Чым запомніўся праект? 

— Я ніколі не забуду, як на маёй галаве рабілі непранікальны кокан налакіраваных валасоў (смяецца). А калі шчыра, то ў нас была цудоўная сцэна танца, якую здымалі ў павільёне “Беларусьфільма”. Не забуду і яркія сцэны сноў майго персанажа, Колі, дзякуючы якім я быццам пражыў 10 розных жыццяў. Коля, як творчая асоба, часта непакоіцца пра сябе і кінамастацтва так, што хваляванні не адпускаюць яго нават у сне. Гэтыя эпізоды — самыя маляўнічыя, у іх задзейнічана шмат розных персанажаў, у тым ліку гістарычных. 

— Што адчуваеце пасля заканчэння здымак? 

— Да “Кіношнікаў” я рыхтаваўся з выкладчыкам па акцёрскім майстэрстве Ганнай Палупанавай, якая падзялілася вельмі цікавай думкай. Калі ў артыста галоўная роля, ён успрымае сябе як цэнтр сусвету. Але як толькі на фінальнай змене прагучыць “стоп”, з’яўляецца пачуццё адзіноты. Цягам усяго праекта я трымаў гэтую думку ў галаве. І ў апошні дзень здымак пасля каманды рэжысёра я зразумеў, пра што была гаворка. Я бачыў, як усе кудысьці разыходзяцца: па справах, да родных, сяброў, каханых. 

Вядома, у мяне багата знаёмых, але ў той момант я застаўся сам-насам з пякучай самотай і зразумеў: я больш не цэнтр. Безумоўна, усё трохі ўтрыравана, але гэтае пачуццё было настолькі моцным, што я анямеў. І тады згадаліся іншыя словы педагога: не трэба бегчы ад свайго стану, варта зафіксаваць гэты этап для сябе. 

Я, праўда, люблю пражываць эмоцыі. Самае страшнае для мяне — нічога не адчуваць. Эмоцыі не заўсёды павінны быць станоўчымі, нават адмоўнымі трэба ўпівацца. Здарылася дрэннае — прапусці гэта праз сябе, бо яно і робіць цябе жывым. 

— Ці змяніліся вашы адносіны да героя? 

— Змяніўся я сам. Коля пакінуў на мне адбітак: я пачаў больш паглыбляцца ў сябе, больш рэфлексаваць у нейкія моманты. Падчас здымак усвядоміў, што мая энергія не бязмежная, і пачаў факусавацца канкрэтна на працэсе, берагчы рэсурсы па-за кадрам. Думаю, што гэтую рысу характару свайго персанажа — сур’ёзны погляд на жыццё — я пакіну. 

— А як вы сталі акцёрам? 

— Я прыйшоў у кіно са спорту — са зборнай Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы. У маёй сям’і склалася дынастыя: усе лёгкаатлеты. Але ў пэўны момант у мяне здарылася стагнацыя ў выніках, і я зразумеў, што трэба нешта мяняць. Аднойчы з сябрам гулялі па Магілёве, убачылі аб’яву аб наборы ў тэатральную студыю “Факел” і проста зайшлі туды. З гэтага ўсё і пачалося. Гурток зрабіўся для мяне аддушынай, і я ўсё часцей задумваўся: а чаму б не стаць акцёрам, калі мне гэта падабаецца? Паехаў на курсы ў Мінск, потым у Маскву. Спрабаваў сябе ў масоўках, здымаўся ў рэкламах, набываў сувязі. І ўсё закруцілася. 

— Ці можа акцёр годна выканаць ролю, каб вобраз не паўплываў на самога выканаўцу? 

— Вядома. Гэта называецца прафесіяналізм. Я лічу, што сапраўдны майстар той, хто здольны не падключацца да героя цалкам і менавіта паказваць, а не перажываць эмоцыі персанажа. Уявіце, што трэба сыграць складаную сцэну, у якой памірае ваша дзіця. І здымаць будуць 15 дубляў. Калі вы ўсе 15 разоў перажывяце смерць дарагога чалавека ўсур’ёз, вы з’едзеце з глузду. Ды ў вас у прынцыпе не хопіць рэсурсу, каб столькі разоў прапусціць праз сябе ролю. Акцёрскае майстэрства заключаецца ў тым, каб адлюстраваць эмоцыю, не трацячы самога сябе. 

— Які вобраз падаецца вам самым складаным? 

— Напэўна, антаганіст, бо яны заўсёды розныя, унікальныя. Аднак я і Колю стараўся не рабіць занадта правільным: у яго праскокваюць адмоўныя рысы, уласцівыя ўсім людзям недахопы. Праз гэта персанаж становіцца больш цікавым, шматгранным. 

— Як не выгараць у прафесіі? 

— Эмацыйнае знясіленне можа прыйсці ў любы момант, таму трэба пераключацца на іншыя справы. Вельмі дапамагаюць блізкія людзі. Я прыехаў на гэтыя здымкі з Масквы, у мяне ў Мінску няма родных, але ёсць сябры. Таму, калі выпадаў вольны час, я прыязджаў да іх і адпачываў, дзякуючы гульням, фільмам, хорар-квэстам. Побач з выгараннем у прафесіі акцёра стаіць спусташэнне на здымачнай пляцоўцы ў межах адной сцэны. Такое часта здараецца, калі трэба паказаць моцную эмоцыю і робіцца некалькі дубляў. У такіх сур’ёзных сцэнах вельмі важна не патраціць сябе спачатку. У мяне быў вопыт, калі праз няведанне я ўрываўся ў першы дубль і выдаваў максімум дыяпазону. Пакуль даходзіла да буйнога плана, я проста выдыхаўся. Трэба памятаць, што акцёрства — быццам гонка, у якой трэба размяркоўваць сілы. 

— Ваш персанаж у “Кіношніках” — малады рэжысёр. Не з’явілася жаданне змяніць амплуа? 

— Не ў найбліжэйшы час. Цяпер няма такога творчага парыву. Я здымаў некалькі кароткіх метраў як аматар, але мне падабаецца быць у кадры самому. Так што пакіну рэжысуру таму, хто без яе не можа. 

— Што вас натхняе? 

— Людзі, гісторыі, фільмы, вельмі зараджаюць падарожжы. Назіраючы за рознымі асобамі, я заўважаю, наколькі наш свет цікавы. У ім столькі ўсяго неабсяжнага, чароўнага. Для мяне гэта бяздонны калодзеж натхнення. 

Яўгенія ГАБЕЦ 

Фота з архіва героя