Святло! Камера! “Лістапад”!

Апублiкавана: 29 лiстапада 2023 Стужка Кіно Мінск Кінапрагляд

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

На гэтым тыдні беларуская сталіца стала сэрцам самай яркай і маштабнай кінападзеі года — XXIX Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. Якім ён увойдзе ў гісторыю — у храналогіі яскравых імгненняў форуму.

НА ЧЫРВОНАЙ ДАРОЖЦЫ 

Сёлета ўрачыстая цырымонія адкрыцця “Лістапада” праходзіла ў Доме кіно. На чырвонай дарожцы сабраліся яркія прадстаўнікі беларускага, расійскага, кітайскага кінематографа. У складзе журы — прызнаныя прафесіяналы і вядомыя асобы. Для кагосьці гэты фестываль — ужо традыцыя, для іншых — толькі пачынае ёю станавіцца. 

— Я вельмі рады быць сёння ў Мінску. Гэта мой першы “Лістапад”,— дзеліцца эмоцыямі член журы асноўнага конкурсу ігравых фільмаў, кітайскі акцёр Лэй Хань. — Прыемна, што гэты фестываль дапаможа пазнаёміць вашага гледача з нашымі кінастужкамі. Чаго чакаю? Беларускіх фільмаў, у прыватнасці праект “Кіношнікі”. Я ўжо завочна пазнаёміўся з рэжысёрам і паглядзеў некаторыя яго кароткаметражныя работы. Мне даспадобы яго асаблівае бачанне, нават нейкі новы павеў. Я сам падтрымліваю маладых рэжысёраў, таму зацікавіла карціна Кірыла Халецкага. Да таго ж хачу зразумець, чым жыве беларуская моладзь, каб гэтыя веды дапамаглі нам пры стварэнні сумеснага кітайска-беларускага кінапраекта. 

Аб крытэрыях ацэнкі члены журы расказваюць па-рознаму, але для ўсіх нязменна адно: фільмы павінны мець эмацыйны водгук, бо гэта галоўная задача кіно. 

— Добрыя карціны зоймуць сваё месца. Іншыя — застануцца ў цені. Гэта фестываль, тут немагчыма прадказаць, — не збіраўся “вангаваць” да афіцыйнага старту фестывалю старшыня ММКФ “Лістапад” Аляксандр Яфрэмаў

ЯРКІ СТАРТ 

Фільмам адкрыцця сёлетняга фестывалю стала дэбютная поўнаметражная стужка беларускага рэжысёра Кірыла Халецкага “Кіношнікі”, якая таксама была прадстаўлена ў конкурсе “Кіно маладых”. 

— Калі я даведаўся, што “Кіношнікі” адкрыюць “Лістапад”, мяне ахапіла бура эмоцый. Гэта значыць, нас ацанілі, — гаворыць выканаўца галоўнай ролі фільма Станіслаў Пякарскі. — Крыху нервуюся: гэта мая першая чырвоная дарожка, першыя сустрэчы з бачнымі людзьмі са свету кінематографа. Спадзяюся, фільм усім спадабаецца і выкліча ў гледачоў цёплыя пачуцці. 

Публіка сказала сваё слова — поўная зала і доўгія апладысменты падчас фінальных цітраў, бадай, найлепшая ўзнагарода для маладога рэжысёра і яго каманды. 

Таксама падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця для гасцей і ўдзельнікаў “Лістапада” правялі музычную экскурсію па яго гісторыі: на сцэне прагучалі вядомыя кампазіцыі з культавых савецкіх фільмаў у выкананні Прэзідэнцкага аркестра і салістаў Вялікага тэатра Беларусі. Па традыцыі фестываль адкрылі вітальныя словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі

“Дарагія сябры! 

Сардэчна віншую вас з адкрыццём XXIX Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» — брэндавага дзяржаўнага форуму і прэстыжнай міжнароднай культурнай пляцоўкі. 

Беларусь на некалькі святочных дзён аб’яднае цэлую плеяду зорных і зусім маладых кінематаграфістаў, чыё мастацтва заснавана на высокіх ідэалах праўды і дабра — якасцях, якімі па праве славіцца наша дзяржава. 

Упэўнены, што сёлетнее мерапрыемства пад дэвізам «Ствараем будучыню» падорыць шмат станоўчых эмоцый прыхільнікам сучаснага кінематографа і стане моцным стымулам для далейшай папулярызацыі ідэй міру і дружалюбнасці. 

Жадаю вам выдатнага настрою, невычэрпнага натхнення і поспехаў ва ўсіх пачынаннях”. 

Рашэннем Кіраўніка дзяржавы ў 2023 годзе Спецыяльны прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве” на XXIX ММКФ “Лістапад” прысуджаны кінарэжысёру, Народнаму артысту Беларусі Аляксандру Яфрэмаву. 

— Гэта вялікі гонар і адказнасць, якія я добра ўсведамляю. Наш фестываль пачынаўся дзякуючы сур’ёзнаму ўдзелу з боку Аляксандра Рыгоравіча. Яго ўвага пачэсная і да многага абавязвае. Спадзяюся, што гэты “Лістапад” будзе годным, як і ўсе папярэднія, — адзначыў рэжысёр, прымаючы ўзнагароду. 

МАСТЫ СЯБРОЎСТВА 

Фестываль — гэта не толькі магчымасць пазнаёміцца з фільмамі, але і ўнікальная пляцоўка для развіцця кінарынку і наладжвання супрацоўніцтва. У рамках XXIX ММКФ “Лістапад” Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” падпісала некалькі пагадненняў аб намеры супрацоўніцтва і пачатку сумеснай вытворчасці. 

Сёлета ніці сяброўства пацягнуліся да расійскай кінакампаніі “Ваенфільм”, установы культуры “Татаркіно” і кітайскай Sichuan Blue Eyes Film and Television Culture Media. Падчас падпісання пагаднення з “Ваенфільмам” генеральны дырэктар кінастудыі Ігар Угольнікаў уручыў кіраўніку “Беларусьфільма” першы варыянт сцэнарыя пад працоўнай назвай “Бацька Мінай. Партызанская легенда” — новага сумеснага праекта. 

— Работа над “Брэцкай крэпасцю” 15 гадоў таму стала для мяне каштоўным вопытам супрацоўніцтва з “Беларусьфільмам”. З таго часу ваша кінастудыя моцна змянілася, чаму я вельмі рады. Упэўнены, што сумеснымі сіламі “Ваенфільм” і “Беларусьфільм” дадуць бачны вынік перш за ўсё для гледача. Я буду дамагацца, каб большасць акцёраў на гэтай карціне былі беларусамі. З расійскага боку дапаможам ваеннай тэхнікай, спецыялістамі, задзейнічаем здымачную пляцоўку кінапарка “Маскіно” і студыі “Ваенфільм” і, безумоўна, павільёны “Беларусьфільма”. Спадзяюся, нам удасца прадставіць карціну да 80-годдзя Вялікай Перамогі, — адзначыў Ігар Угольнікаў. 

Што датычыцца супрацоўніцтва з кінастудыяй “Татаркіно”, па словах дырэктара Міляушы Айтуганавай, яно будзе ісці па фестывальным вектары: 

— Наша сяброўства з “Беларусьфільмам” зарадзілася яшчэ ў верасні, калі ў Мінск прыехала дэлегацыя для правядзення Дзён культуры Рэспублікі Татарстан. Ужо тады з’явіліся ідэі наконт далейшага супрацоўніцтва. І сённяшняя дамова — плён трохмесячнай працы. Са свайго боку мы будзем дапамагаць развіваць фестывальны рух у Беларусі. У Татарстане штогод праходзіць дзіцячы анімацыйны фестываль “Мілі МультFest”. Ён з’яўляецца асновай для гадавання маладых кінематаграфістаў ва ўзросце ад 7 да 16 гадоў, якія добра разбіраюцца ў сучасных тэхналогіях, ведаюць, як працаваць з графікай, анімацыяй. Такі ж конкурс, спадзяюся, неўзабаве народзіцца ў Беларусі. Таксама ў нас ёсць Казанскі міжнародны кінафестываль мусульманскага кіно, наступны год якога будзе юбілейным. Мы б хацелі пасябраваць фестывалямі і запрасіць да сябе дэлегацыю з Беларусі, тым больш што зараз ствараецца сцэнарый для першага сумеснага праекта з кінастудыяй “Беларусьфільм”. 

А з Кітайскай Народнай Рэспублікай Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” падпісала ўнікальнае пагадненне аб сумеснай кінавытворчасці. Першая кітайска-беларуская карціна будзе называцца “На векі вечныя” і раскажа пра сяброўства двух народаў праз гісторыю кахання маладых людзей. Старт праекта запланаваны на 20 студзеня 2024 і прымеркаваны да 32-годдзя з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кітаем. 

— Сёння ў Мінску знаходзіцца творчая каманда з Кітая, якая ўжо пазнаёмілася з кінастудыяй, а таксама правяла папярэдні кастынг з беларускімі акцёрамі, — распавядае заснавальніца і дырэктар кампаніі Emy International і прадзюсар будучага фільма Ван Сяомэн. — Што тычыцца здымак, то частка іх будзе праходзіць у Беларусі, другая — у Кітаі, правінцыі Сычуань. Сцэнарый зараз у працэсе дапрацоўкі: творчая дэлегацыя працягвае пошук лакацый у Беларусі, якія падыдуць для гісторыі. 

І хоць усе таямніцы першага сумеснага кінапраекта не раскрываюцца, бясспрэчна адно: у карціны будзе шчаслівы канец. 

— Лейтматыў фільма — каханне і сяброўства паміж народамі, а ў гэтага можа быць толькі шчаслівы канец, — адзначае Ван Сяомэн.

СНД: СУПРАЦОЎНІЦТВА 

Пасяджэнне рабочай групы па кінематаграфіі краін-удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў адбылося 20 лістапада ў штаб-кватэры СНД. У рэжыме відэаканферэнц-сувязі ўдзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Казахстана, Арменіі, Кыргызстана, Таджыкістана, Узбекістана. На мерапрыемства былі запрошаны і госці XXIX Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. 

Сярод пытанняў, якія абмяркоўваліся падчас сустрэчы, было правядзенне міждзяржаўнага фестывалю, што аб’яднае ўсе краіны СНД. З гэтай ініцыятывай выступіў Казахстан. 

Дырэктар дэпартамента кінематаграфіі і лічбавага развіцця Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Давідзенка заўважыў, што неабходна часцей сустракацца, аб’ядноўвацца і дзяліцца сваімі кінакарцінамі. Ён таксама распавёў пра адну з ідэй: 

— Думаю, для вас не сакрэт, што па нашай ініцыятыве распрацоўваецца Еўразійская кінапрэмія і кінаакадэмія, куды ўвойдуць не толькі краіны-ўдзельніцы СНД, але і іншыя дзяржавы, якія прытрымліваюцца традыцыйных каштоўнасцей. 

Значная ўвага была нададзена пытанню супрацоўніцтва кінаархіваў дзяржаў СНД і ўзаемнага выкарыстання кінематаграфічнай спадчыны. 

— Гаворка ідзе фактычна аб стварэнні адзінай нарматыўнай базы па ўзаемным абмене тым кінафондам, які ў нас захаваўся, для вытворчасці новых фільмаў і карцін, якія будуць садзейнічаць умацаванню нашых міждзяржаўных, міжкультурных сувязяў, — адзначыў намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Сяргей Саракач. 

Нагадаем, што працоўная група па кінематаграфіі сфарміравана Саветам па культурным супрацоўніцтве дзяржаў-удзельніц СНД у 2012 годзе. 

ЦЁПЛЫЯ СУСТРЭЧЫ 

Пакуль афіцыйныя асобы абмяркоўваюць перспектывы супрацоўніцтва, для адмыслоўцаў таксама ствараюцца пляцоўкі для наладжвання стасункаў. Адна з такіх — брыфінг рэжысёраў, акцёраў і прадзюсараў. На ім прысутнічалі прадстаўнікі розных краін, у тым ліку Расіі, Казахстана і Арменіі. На сустрэчы, якая прайшла ў фармаце свабоднага дыялогу, кінематаграфісты краін-удзельніц фестывалю абмяркоўвалі сучасныя тэндэнцыі кінарынку і змены ў “культуры кінатэатраў”, а таксама дзяліліся ўражаннямі ад “Лістападу”. 

Вялікую цікавасць выклікала дыскусія вакол фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі: як ствараць карціны, здольныя ўтрымаць увагу маленькага гледача? Рэжысёр фільма “Каця-Каця” конкурсу “Лістападзік” Ганна Чарнакова адзначыла, што галоўная мэта для тых, хто здымае для юнага гледача сёння, — паказаць дзецям, што ў айчынным кіно і ў літаратуры шмат цікавых гісторый. 

Вялікае значэнне падчас такіх дыялогавых пляцовак мае абмен вопытам. Працэсы развіцця кінематографа паўсюль розныя, і каб не вынаходзіць ровар, удзельнікі з розных краін падзяліліся ўласным досведам. Цэнтральная тэма — прасоўванне айчынных праектаў у пракаце і сувязь з гледачом. 

— Што датычыцца казахстанскага кіно, то ў апошнія гады нашы праекты сталі лідарамі па касавых зборах у айчынным пракаце, — адзначае прадзюсар, рэжысёр стужкі “Стэп” Максім Акбараў. — Гэты бум адбыўся праз фільмы камедыйнага жанру. З аднаго боку, добра, што цікавасць да сваіх карцін з’явілася, з іншага — акрэслілася новая праблема: фільмы аднолькавыя, не хапае ўнікальных гісторый. Аднак радуе, што існуе дзяржаўнае фінансаванне для аўтарскіх жанравых карцін за кошт Фонду казахстанскага кіно. Тым не менш пакуль цяжка супернічаць з камедыямі, бо яны запатрабаваныя ў гледача, які прыходзіць у кіназалу адпачыць. 

Але на кожную праблему ёсць вырашэнне, і сітуацыя ў казахстанскім пракаце не выключэнне. Тыя, хто здымае жанравае кіно, адзначаюць, што праз год аўдыторыя перасыціцца аднатыпнымі стужкамі і людзям захочацца больш інтэлектуальных фільмаў, якія будуць на ідэалагічным і маральным узроўні вышэйшымі за камедыі. 

КІНО ЗДЫМАЮЦЬ ТУТ 

У рамках кінафестывалю на Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” упершыню прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй. Гасцей правялі па здымачных павільёнах, паказалі вялікія касцюмерныя цэхі, студыю гуказапісу і склад зброі — адзін з найбуйнейшых сярод кінстудый СНД. 

Акрамя таго, у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва правялі майстр-класы. Пра тонкасці кінамантажу распавёў рэжысёр стужкі “Кіношнікі” Кірыл Халецкі. Разам са студэнтамі ён нанова змантаваў сцэну са сваёй дэбютнай карціны. Маладая мастак-аніматар Таццяна Нагорская правяла майстарклас па тэхніках анімацыі. Таксама падчас Дня адчыненых дзвярэй адбыліся паказы фільмаў кінастудыі: госці ўбачылі карціну Аляксандра Яфрэмава “Ліст чакання” і нядаўнюю навінку рэжысёра Андрэя Хрулёва “На другім беразе”. 

І пакуль госці і ўдзельнікі фестывалю паглыбляліся ў кінематаграфічны сусвет, у сярэдзіне насычанага тыдня прайшла першая цырымонія ўзнагарождання — лаўрэатаў конкурсу “Лістападзік”. 

ЗОРКІ ЗАПАЛЬВАЮЦЦА 

Імя пераможцы “Лістападзіка” прагучала ў кінатэатры “Піянер”. Найлепшым сярод фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі прызналі “Заапарк” з Індыі. 

— Члены журы былі аднадумныя ў сваім рашэнні і прынялі яго адразу. У фільме сумясцілася ўсё: перыяд станаўлення характару маладых людзей, сямейныя каштоўнасці, жаданне пасябраваць і быць зразумелым равеснікамі, імкненне перамагчы і стаць яшчэ лепшым. Карціна адрозніваецца ад таго, якім мы прывыклі бачыць індыйскае кіно: з танцамі, песнямі і прыгожымі касцюмамі. Дарослых экспертаў гэта вельмі ўразіла, — адзначыла старшыня журы дзіцячага кінафестывалю “Лістападзік” Святлана Сухавей

На цырымоніі ўзнагароджання прысутнічаў першы сакратар пасольства Індыі ў Рэспубліцы Беларусь Джэй Султан, які падзякаваў аўдыторыі за высокую ацэнку: 

— Гэта вялікі гонар — атрымаць такую ўзнагароду. Хоць я не рэжысёр, я высока цаню меркаванне прафесіяналаў кінамастацтва. Спадзяюся, што фільм спадабаўся беларускай публіцы, і мы працягнем цеснае супрацоўніцтва ў сферы кіно. 

Нагадаем, што ў конкурсе ўдзельнічала восем стужак. Прыза дзіцячага журы ўдастоены фільм расійскага рэжысёра Рамана Амслера “Лялечнік”. 

Гэтая карціна таксама ўзнагароджана прызам глядацкіх сімпатый. Праграмны дырэктар конкурсу “Лістападзік” Алена Турава падкрэсліла:

— Такі прыз прыраўноўваецца да золата, таму што кіно робіцца для дзяцей. І калі яны выбіраюць фільм, значыць, ён крануў юныя сэрцы, бо ўсе зоркі сёння запальваюцца для гледачоў. 

Дыплом за найлепшы сцэнарый атрымаў фільм “Мішка” з Татарстана. За найлепшую рэжысёрскую працу — расійскі “Як падладзіць ровар”. За мастацкую адаптацыю мастацкай спадчыны — “Альмандар з Альдэрмыша” з Расіі. 

Узнагароду за найлепшую працу дарослага акцёра ў дзіцячым фільме ўручылі Рытвіку Сахары (фільм “Заапарк”). За найлепшую дзіцячую ролю — Яніне Загорскай (“Каця-Каця”). Спецыяльны прыз журы за каларытнае ўвасабленне вобразаў народных герояў — фільм “Паўночныя Амуры”. 

Якія яшчэ карціны ўдастояцца высокіх узнагарод і хто забярэ галоўны прыз — “Золата Лістападу”, — даведаемся ўжо сёння на цырымоніі закрыцця ў Доме кіно. 

Яўгенія ГАБЕЦ 

Настасся ЮРКЕВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА