Першы. Аж у трэцяй ступені

Апублiкавана: 30 лiстапада 2023 Стужка Музыка Мінск Максіма маладых

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

На І Міжнародным конкурсе маладых оперных выканаўцаў імя Ф. Шаляпіна ў Санкт-Пецярбургу — у творчым спаборніцтве паўдзельнічала 219 чалавек — першую прэмію атрымаў першакурснік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Іосіф Нікіценка. І разам з узнагародай — шэраг вельмі прэстыжных запрашэнняў на некалькі міжнародных фестываляў.

— Першая прэмія, першы курс, конкурс таксама — першы. Атрымліваецца гэткая адзінка ў трэцяй ступені. Чым не містыка? У вашым жыцці бывалі нейкія неверагодныя здарэнні? 

— Ды на гэтым конкурсе, напрыклад. Я вельмі хваляваўся, што нічога не атрымаецца: папярэдні адбор па дасланых запісах, далейшыя тры туры, вельмі вялікая колькасць удзельнікаў, усе добра падрыхтаваныя, з багатым вопытам. Прайшоў у другі тур — ужо добра, бо адсеў быў проста велізарны. Патрапіць у трэці — ці ж гэта магчыма? І раптам сасніў старшыню журы — Ільдара Абдразакава, уладальніка звання “Найлепшы бас свету” і безлічы іншых узнагарод. Ён сказаў мне: “Пройдзеш” — быццам блаславіў, і гэта надало мне веры ў сябе. А пасля ўзнагароджання маці падзялілася: ёй таксама Абдразакаў прысніўся і паведаміў, што прысудзіць мне першае месца. 

— Думаю, тыя сны былі разумовым увасабленнем вашых жаданняў. 

— Хіба падсвядомым, бо хваляваўся я да апошняга. Пасля трэцяга тура, у які патрапілі 12 фіналістаў, прыкінуў, што павінна быць бронза. І вось нясуць дыплом трэцяй ступені — аказалася, не мне. Адразу думка: усё прапала! Потым другое месца — таксама не мне. І раптам — першае! У гэта немагчыма было паверыць! А яшчэ Абдразакаў запрасіў мяне на свой VII Міжнародны музычны фестываль, які зладзяць у наступным годзе. Дзмітрый Удовін, мастацкі кіраўнік Маладзёжнай опернай праграмы Вялікага тэатра Расіі, — на XVIІ Зімовы міжнародны фестываль мастацтваў Юрыя Башмета ў Сочы. Дабрачынны фонд Аксаны Фёдаравай прапанаваў запісаць тры сольныя праграмы. Паклікалі і на вучобу ў пецярбургскую кансерваторыю, і на працу ў Вялікі тэатр Расіі. 

— Значыць, беларускі спявак хутка стане расійскім? 

— Я збіраюся ў армію пайсці — служыць у Акадэмічным ансамблі песні і танца Узброеных Сіл Беларусі. Там працягну займацца сваёй справай — спяваць. Магчыма, паўдзельнічаю ў фестывалях і конкурсах. Яны многа даюць для музычнага развіцця, становяцца чарговай прыступкай у прафесійным удасканаленні, падштурхоўваюць да новых, больш высокіх мэт. А сваю краіну пакідаць не збіраюся. Я вельмі люблю Беларусь! Шмат даводзілася ездзіць — па тых жа конкурсах. 

— Так, літаральна напярэдадні, у пачатку кастрычніка, вы атрымалі бронзу на ХVII Маладзёжных Дэльфійскіх гульнях краін СНД у Бішкеку — сталіцы Кыргызстана. 

— Куды ні завітаю — усё там чужое. Безумоўна, цікава пазнаёміцца з іншымі дзяржавамі, культурамі, але ж свой край — найлепшы. Дома і пяецца лепш! Нават у Расіі адчуваю сябе не так. І моўнага бар’ера няма, і гэта найбліжэйшая, здавалася б, суседняя краіна, з якой нас многа звязвае. А розніца ёсць. На конкурсе Шаляпіна былі створаны ідэальныя ўмовы: нас пасялілі ў гатэль, вельмі клапаціліся. Усяго тыдзень, а па радзіме засумаваў. У маім рэпертуары шмат беларускай музыкі — найперш песні Ігара Лучанка, рамансы Рыгора Пукста, народныя песні. У тым жа Бішкеку выконваў беларускую народную “А ў полі вярба”. У Беларусі ўсё роднае, сваё! Аж на генным узроўні. І тут добрая музычная адукацыя. 

— Сапраўды, наша краіна ганарыцца трохступеннай адукацыяй, якая дазваляе развіваць музычныя здольнасці з самага дзяцінства: школа мастацтваў — каледж — Акадэмія музыкі ці Універсітэт культуры і мастацтваў. Хто з педагогаў паўплываў на вас больш за іншых? 

— Лічу сваім настаўнікам Георгія Юрэвіча. У Акадэмію музыкі я паступіў нядаўна — у клас заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь прафесара Міхаіла Зданевіча. За яго плячыма — багатая сольная практыка ў нашым Вялікім тэатры, амаль 30-гадовае кіраўніцтва кафедрай опернай падрыхтоўкі, уласныя пастаноўкі ў опернай студыі. Але я толькі-толькі прыйшоў да Міхаіла Аляксандравіча, і мая цяперашняя перамога — плён ранейшай вучобы. 

— Той, што пачалася ў дзіцячай музычнай школе Касцюковічаў? Вы там нарадзіліся, з пэўнага часу шмат выступалі на розных пляцоўках, атрымалі званне “Залаты голас Касцюкоўшчыны”. 

— Я вучыўся па класе духавых, іграў на барытоне, у тым ліку ў народным духавым аркестры. Але музычную школу не скончыў, бо спяваць мне падабалася куды больш. І маляваць. Я і цяпер захапляюся жывапісам, люблю ў Касцюковічах рыбачыць, але вольнага часу ўсё менш. А вакальнай падрыхтоўкай я цалкам абавязаны Георгію Іларыёнавічу. 

— Я так разумею, менавіта з той прычыны вы паступалі не ў Магілёўскі каледж мастацтваў, куды бліжэйшы да дому, а ў Маладзечанскі музычны імя Агінскага. 

— Так, я абіраў не навучальную ўстанову, а педагога. Ён літаральна па адной нотцы выбудоўваў мне дыяпазон. Памятаю, колькі радасці было, калі я навучыўся браць вярхі. 

— Мяркуючы па выкладзеных у інтэрнэт-запісах, раней вы імкнуліся да ніжніх нот, ледзь не да басовых. 

— Я лічыў сябе барытонам, арыентаваўся на Дзмітрыя Хварастоўскага, Мусліма Магамаева, пераймаў манеру кожнага з іх. А Юрэвіч паслухаў і сказаў: “Ты ж тэнар! Будзем вярхі развіваць”. Я давяраю выкладчыку, карыстаюся яго парадамі, што тычацца не толькі вакалу, але і розных жыццёвых абставін. 

Увогуле, каледж у Маладзечне даў мне вельмі многа. Менавіта там я ўпершыню заспяваў з аркестрам — і са студэнцкім сімфанічным, якім кіруе Рыгор Сарока, і асабліва з аркестрам рускіх народных інструментаў на чале з Тамарай Бяльковай. Падчас вучобы я ўпершыню выканаў партыю Ленскага з оперы “Яўген Анегін” Чайкоўскага, атрымаў Гран-пры XII Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі”. 

— Перадсмяротную арыю Ленскага вы спявалі і цяпер, у трэцім туры і на заключным гала-канцэрце, у Вялікай зале Санкт-Пецярбургскай філармоніі з аркестрам “Паўночная сімфонія” пад кіраўніцтвам Фабіа Мастранджэла. Я бачыла той запіс — ён не падобны на конкурсны. Па эмацыйнай выразнасці, глыбіні разумення, пранікнення ў псіхалагічны стан героя ў вас атрымаўся сапраўдны фрагмент нават не проста оперы, а добра зрэжысіраванага опернага спектакля. 

— Дзякуй, але яшчэ раз паўтару: без майго выкладчыка Юрэвіча нічога гэтага не было б. Адукацыя, як і ўсё ў мастацтве, — гэта найперш выбітныя асобы. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота з архіва героя