Быць цыркавымі — пакліканне

Цэнтр цыркавога мастацтва “Арэна” ў Мазыры — адзіны ў нашай краіне спецыялізаваны клуб. У пачатку 2000-х прафесійныя артысты цырка, муж і жонка Барыс і Марыя Кузняцовы, адкрылі ў горадзе на Прыпяці студыю, у якой сталі вучыць хлопчыкаў і дзяўчынак свайму мастацтву. Так адмыслоўцы заклалі падмурак беларускага дзіцячага цырка і ператварылі куточак Палесся ў “месца сілы” артыстаў-пачаткоўцаў. Спярша клуб трымаўся на энтузіязме кіраўнікоў, выхаванцаў і іх бацькоў. Сёння заслужаны аматарскі калектыў “Арэна” — брэнд не толькі Мазыра, Гомельшчыны, але і ўсёй Беларусі.

ЯК ПАЧЫНАЛАСЯ ГІСТОРЫЯ 

Для мастацкага кіраўніка “Арэны” Марыі Мікалаеўны Кузняцовай Мазыр — родны горад. Яе муж Барыс Рыгоравіч, рэжысёр-пастаноўшчык, вырас у Данецкай вобласці. Раней яны разам выступалі, аб’ездзілі палову Зямлі. У скарбонцы пары — самая высокая ў свеце цыркавога мастацтва ўзнагарода. Гэта прыз “Залаты арол” за найлепшае шоу (ЛасВегас, ЗША). Доўгі час сям’я нават жыла ў Амерыцы, аднак даўняй мары сужэнцаў пра дзіцячую студыю наканавана было спраўдзіцца менавіта на Палессі. Зрабіць прафесію сапраўднай “цыркавытворчасцю” сям’я задумала адразу пасля вяселля. На тое, каб зразумець і правільна пабудаваць гэты механізм, спатрэбілася некалькі гадоў. Досвед выступленняў у цыркавых праграмах на найлепшых манежах Беларусі ды краін блізкага і далёкага замежжа сур’ёзна дапамог кіраўнікам калектыву. 

Педагогі калектыву "Арэна" Сяргей і Ганна Кузняцовы

Педагогі калектыву "Арэна" Сяргей і Ганна Кузняцовы

У першы год пасля заснавання “Арэна” паўдзельнічала ў тэлевізійным праекце “Спявай, душа”. Крыху пазней адбыўся дэбютны сольны канцэрт. З часам у цэнтра значна павялічылася колькасць жанраў: акрабатыка, эквілібрыстыка, гімнастыка, жангліраванне і арыгінальны жанр. Трукі змяняліся, станавіліся больш складанымі. У нумарах з’явіліся дакладна адпрацаваныя ідэйныя і сюжэтныя лініі. Пільную ўвагу Барыс і Марыя Кузняцовы надавалі сцэнічным касцюмам выхаванцаў, музычнаму суправаджэнню і тэатралізацыі цыркавых праграм. 

З ПАЛЕССЯ — У ВЯЛІКІ СВЕТ 

Спачатку адзінай рэкламай цэнтра было сарафаннае радыё. З гадамі папулярнасць стала расці. Ужо ў 2007-м калектыў “Арэна” ўпершыню адправіўся пакараць міжнародныя пляцоўкі. Сёння ўстанова на чале з Кузняцовымі — унікальная для Беларусі. 

Прадстаўнікі калектыву заваявалі ўжо звыш 60 узнагарод. Мазырскія творцы — уладальнікі Гран-пры і спецыяльных прызоў, чэмпіёны, медалісты, дыпламанты размаітых конкурсаў. 

За час існавання “Арэны” хлопцы і дзяўчаты з Палесся паўдзельнічалі ў фестывалях цыркавога мастацтва ў Італіі, Кітаі, Расіі, Германіі, Украіне, Казахстане, Ізраілі, Літве, Латвіі… У кампліментах беларускім паветраным гімнастам рассыпалася сама прынцэса Манака — Стэфанія. У 2017-м упершыню для нашай краіны на V Міжнародным юнацкім цыркавым фестывалі “Новае пакаленне” ў Монтэ-Карла мазыране атрымалі тры спецыяльныя прызы. Праз год артысты пацвердзілі перамогу — удастоіліся “Сярэбранага юніёра”, самай высокай узнагароды за ўсю гісторыю цырка ў Беларусі, а на творчым форуме European Youth Сirсuѕ у Германіі былі адзначаны бронзавым медалём. Пасля ў горадзе Ухань (Кітайская Народная Рэспубліка) на прэстыжным Міжнародным фестывалі акрабатычнага мастацтва выхаванец Кузняцовых, эквілібрыст Максім Бабёр, таксама атрымаў “бронзу”. У выступленні ён выкарыстаў восем шпулек, віртуозна ўтрымліваў раўнавагу. Яшчэ адно знакавае дасягненне ў скарбонцы цэнтра — Гран-пры Міжнароднага фестывалю CIRCUBA (2017) у Кубе. 

За шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё цыркавога мастацтва, высокія прафесійныя дасягненні Барыс і Марыя Кузняцовы ўзнагароджаны медалямі Францыска Скарыны, нагруднымі знакамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Гэта — вынік паспяховай работы ўсяго калектыву. 

НОСЬБІТЫ СТАРАЖЫТНЫХ ВЕДАЎ 

Дзень за днём у Мазыры, на вуліцы Інтэрнацыянальнай, бурліць сапраўднае жыццё артыстаў. Тут нараджаюцца і адточваюцца да беззаганнасці шэдэўры. 

У рэпертуары юных творцаў — некалькі дзясяткаў разнажанравых нумароў. Палітра вельмі яркая. Назіраючы за трэніроўкамі і ацэньваючы выступленні, многія дзівяцца, што не дарослыя прафесіяналы, а дзеці выконваюць такія неверагодна складаныя трукі. Але гэта рэальнасць. Узрост удзельнікаў калектыву — ад 6 да 20 гадоў. Дарэчы, сябе артысты называюць толькі “цыркавыя”, а на “цыркачоў” могуць нават пакрыўдзіцца. Цыркавыя — асаблівая “нацыянальнасць”. Яны — носьбіты старажытных ведаў, перанятых за гады трэніровак. 

Каб уступіць у шэрагі “арэнаўцаў”, неабходна дачакацца запрашэння. Чарга расцягваецца на год-паўтара. Хлопчыкаў і дзяўчынак, якія жадаюць бясплатна вучыцца цыркавому мастацтву, у Мазыры вельмі шмат. Усе патэнцыйныя выхаванцы праходзяць адбор, бо, каб стаць артыстам цырка, трэба мець пэўны ўзровень фізічнай падрыхтоўкі, сілу, цягавітасць і маральную ўстойлівасць. Але нават гэта не галоўнае. У дзіцяці павінна быць жаданне займацца, пераадольваць цяжкасці, магчымыя няўдачы і рухацца наперад. 

АДНА МАРА НА ЎСІХ 

Год таму “Арэна” панесла страту. Не стала Марыі Мікалаеўны. Сёння яе муж працягвае супольную справу, у цэнтры выкладаюць і сын з нявесткай — Сяргей і Ганна Кузняцовы. Яны часта задумваюцца пра будучыню выхаванцаў. Мара агульная — стварыць прафесійны цыркавы калектыў. Усім артыстам хацелася б, каб і пляцовак для выступленняў станавілася больш. Тады досвед і рост не прымусяць сябе чакаць. 

Кузняцовы прызнаюцца: некаторыя бацькі лічаць, што цыркавы артыст — не прафесія, забіраюць хлопцаў і дзяўчат са студыі, прымушаюць асвойваць іншую спе¬ цыяльнасць. Хаця гэтыя дзеці — вельмі здольныя. Яны пераможцы міжнародных конкурсаў, лаўрэаты і стыпендыяты фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Велізарнае жаданне Кузняцовых — каб такія бацькі зразумелі: быць цыркавым — пакліканне, якое можа стаць справай усяго жыцця! 

Ганна САКАЛОВА 

Фота з архіва калектыву