Як увайсці ў сучасны кінапрацэс?

Апублiкавана: 06 снежня 2023 Стужка Кіно Мінск Круглы стол

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

У рамках XXIX Мінскага міжнароднага фестывалю “Лістапад” у прэс-клубе “Культура і мастацтва” адбыўся круглы стол “Дэбютнае кіно: рэжысура і прадзюсаванне”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел вядомы рэжысёр і прадзюсар з Казахстана Максім Акбараў, дацэнт кафедры кінатэлеаператарства факультэта экранных мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Пётр Крывастаненка і студэнты ўстановы. 

У НАГУ З ЧАСАМ 

Пытанне “Як увайсці ў кіно?” для людзей, што робяць першыя крокі ў прафесійнае асяроддзе, стаіць востра не толькі ў Беларусі. Рынак развіваецца, і калі моладзь не будзе сачыць за яго тэндэнцыямі, то са сваімі ідэямі да вялікага экрана рызыкуе не дабрацца. Масавае кіно ці аўтарскае — на ўвасабленне патрэбныя грошы. Добрая навіна для пачаткоўцаў: можна знайсці прадзюсара. Галоўнае — правільна заявіць пра сябе. 

— Перадусім неабходна зразумець, што вы хочаце зняць: камерцыйны праект або аўтарскі, які будзе прадстаўлены на фестывалях? Ад гэтага і адштурхоўвайцеся ў пошуках спонсараў. Калі кіно масавае — сачыце за тым, што цікава гледачу. Напрыклад, у Казахстане за апошні год выйшла 82 камедыі. Інвестар разумее: на іх можна зарабіць грошы, таму лёгка прафінансуе падобную карціну нават маладых аўтараў, — дзеліцца вопытам Максім Акбараў, рэжысёр, прадзюсар, удзельнік ХХІХ Мінскага міжнароднага фестывалю “Лістапад”. — З аднаго боку, гэта плюс для індустрыі, з іншага — мы страцілі жанравае кіно, бо інвестары не ідуць насустрач аўтарскім праектам. Але кінематаграфіст перш за ўсё творчы чалавек. І нават тыя рэжысёры, якія здымаюць камедыі, чакаюць, калі гэты цяжар скончыцца і яны будуць рабіць інтэлектуальнае кіно. 

Што тычыцца жанравых стужак, у Казахстане ёсць інстытут фінансавання, праз які праходзяць дзяржаўныя субсідыі, — Фонд кіно, — працягвае рэжысёр. — Такая структура падтрымлівае многія дэбютныя праекты, але сістэма падачы заяўкі на пітчынг няпростая. Моладзь, якая не валодае навыкамі падрыхтоўкі каштарыса, сутыкаецца з праблемай. А правільнае запаўненне 300-старонкавага дакумента, які ўключае сцэнарый, каляндарна-пастановачны план і дэталёвы бюджэт, вельмі важнае. Што рабіць у падобным выпадку? Шукаць прадзюсара. Калі такой магчымасці няма, давядзецца вывучаць усё самастойна. Але і ў гэтым ёсць плюсы, бо сфарміруецца ўяўленне пра кіно не толькі як пра мастацтва, але і пра вытворчасць. 

Чаканне моманту, калі на вас звернуць увагу, можа заняць доўгі час, аднак Максім Акбараў раіць: ніколі не апускайце рукі! 

— Сёння мала быць таленавітым аўтарам, трэба валодаць унутранай энергіяй, каб прасоўваць сябе, развіваць прафесійныя навыкі і спрабаваць сілы на замежных пітчынгах і ў кінашколах. Верце ў сябе, свае магчымасці. Шукайце пляцоўкі для рэалізацыі, пастаянна падавайцеся на конкурсы і пітчынгі, напрацоўвайце вопыт — тады ўсё атрымаецца. 

ВАЖНАСЦЬ АДУКАЦЫІ 

Кіно— адна з нешматлікіх індустрый, у якія складана ўвайсці без акадэмічных ведаў. І часта прафесійныя кампетэнцыі спецыяліста не абмяжоўваюцца ўласна яго напрамкам дзейнасці. Напрыклад, рэжысёр павінен валодаць навыкамі мантажу і працы з акцёрамі. У нашай краіне будучых кінематаграфістаў рыхтуюць у некалькіх творчых ВНУ, а самая вялікая кузня кадраў — у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Тым не менш неабходна ўлічваць і важнасць самаадукацыі. Пра гэта кажа аператар, рэжысёр, дацэнт кафедры кінатэлеаператарства факультэта экранных мастацтваў БДАМ Пётр Крывастаненка.

— Адукацыя мае вялікае значэнне, але кожны выбірае дарогу сам. Для рэжысёра галоўнае — развіцца як творчы чалавек. Вельмі важнае і практычнае навучанне ў майстроў. Хоць у моладзі і добрыя ідэі, яна не заўсёды разумее, як іх ажыццявіць і куды ісці з імі. Знайсці спонсара даволі складана. Але існуе дзяржаўнае фінансаванне. І гэты факт яшчэ раз нагадвае пра важнасць самапрэзентацыі. Сёння рэжысёр, сцэнарыст павінны быць напорыстымі. Калі будзеце сядзець і чакаць, пакуль хтонебудзь вам нешта прапануе, страціце час, — адзначае Пётр Крывастаненка.

ПЕРШЫЯ КРОКІ

Сучасная кінаіндустрыя не стаіць на месцы, і яе дасягненнямі трэба карыстацца. Адказ на галоўнае пытанне круглага стала для аўтараў-пачаткоўцаў заключаны ў стрымінгавых платформах, колькасць якіх расце з кожным годам. Разам з ёй павялічваецца і патрэба ў адмыслоўцах.

— У Казахстане ёсць бясплатная стрымінгавая платформа, што прываблівае маладыя кадры, — распавядае Максім Акбараў. — Пляцоўка спецыялізуецца на малабюджэтных серыялах, якія добра прадаюцца і ў нашай краіне, і ў Расіі, часта арганізоўвае пітчынгі. Кінематаграфістам гэта дае прастору для старту, прадзюсарам — для пошуку адмыслоўцаў. Лічу падобную магчымасць карыснай для маладых, каб яны заяўлялі пра сябе і замацоўваліся ў індустрыі. 

Яўгенія ГАБЕЦ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА