Аўтапартрэт юнай мастачкі, што ўразіў “Дэльфы”

Маладыя таленты, якія ярка засвяціліся на міжнародным небасхіле. Менавіта пра іх распавядаем у нашай рубрыцы. Паліна Шэмагонава — срэбны прызёр ХVІІ Маладзёжных Дэльфійскіх гульняў у намінацыі “Выяўленчае мастацтва”. Мы пагаварылі з 19-гадовым жывапісцам аб паездцы ў Кыргызстан, навучанні ў Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А. К. Глебава і натхненні.

— Як і калі вы пачалі цікавіцца мастацтвам? 

— У дзяцінстве вельмі любіла майстраваць, а яшчэ — бавіць час на прыродзе, разглядаць малюнкі ды ілюстрацыі ў кніжках. Дарэчы, з ранніх гадоў мне падабалася чытаць, як ствараюцца розныя рэчы. Ніхто ў маёй сям’і не звязаны з мастацтвам. Нягледзячы на гэта, бацькі актыўна падтрымлівалі мае пачынанні: паказвалі рэпрадукцыі карцін вядомых мастакоў, вадзілі ў музеі і распавядалі незвычайныя факты з гісторыі. 

— Калі вы ўпершыню ўзялі ў рукі фарбы? 

— Колькі сябе памятаю, заўсёды малявала. Я любіла адлюстроўваць навакольны свет, старалася захаваць усё, што запомнілася і здзівіла. Таму ў мастацкую школу трапіла ў 11 гадоў. А маляванне заўжды было неад’емнай часткай майго жыцця, якое я з дзяцінства хацела звязаць з творчасцю. 

— У мастацкай школе вы працягнулі развіваць навыкі… 

— Так, хаця быў момант, калі ўзнікла жаданне асвоіць іншую спецыяльнасць, нават не творчую. Аднак выразна ўсвядоміла: выяўленчае мастацтва захапляе мяне больш за ўсё, і я не гатова адмовіцца ад яго. У 2020-м пайшла ў Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава: карысна атрымаць моцную акадэмічную базу для паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову. 

З прадметаў мяне найбольш зацікавіла кампазіцыя. Распавядаючы праз яе сваю гісторыю, многае спазнаю ў сабе. Таксама вывучаю творчасць мастакоў і з’явы, пра якія аўтары расказваюць у карцінах. Гэта спосаб камунікацыі — не словамі, а візуальнымі вобразамі і сімваламі. Рэдка малюю сябе, аднак у гэтым семестры мы робім аўтапартрэт. Я пачала дэталёва даследаваць свой свет і вельмі захапілася. Мне здаецца важным адлюстроўваць характар асобы ў яе выяве, у навакольных прадметах. Да паступлення ў каледж не любіла працаваць у жанры партрэта, але цяпер намаляваць чалавека для мяне — займальная задача. 

Навучанне ў Глебаўцы стала пераломным і вельмі важным этапам. Тут вельмі дружалюбная атмасфера, і я заўсёды з ахвотай прыходжу сюды, асабліва на спецыяльныя прадметы. У гэтым месцы я знайшла сапраўдных сяброў, атрымліваю бясцэнны вопыт. У каледжы я зразумела, наколькі значнае ў маім жыцці мастацтва.

— Чаму аддаяце перавагу, калі малюеце? 

— Навакольнаму свету — яго прапускаю праз сваё ўспрыманне. Таму любая мая праца ў нейкай ступені адлюстроўвае мяне. Але больш за ўсё падабаецца пісаць прыроду. Кожны яе стан унікальны, ён здзіўляе прыгажосцю. Я імкнуся захаваць тое, што ўражвае, перадаць эмоцыі, якія адчуваю, гледзячы на звыклыя рэчы: лес, неба, раку. Для мяне дзіўная іх зменлівасць і непаўторнасць. 

— Чым запомніліся Дэльфійскія гульні? 

— Раней я ўдзельнічала толькі ў выставах, якія арганізоўваў каледж. За графічную працу я атрымала першае месца на Міжнародным дзіцяча-юнацкім конкурсе выяўленчага мастацтва “КрасаWEEK”. На такое маштабнае мерапрыемства, як Дэльфійскія гульні, з’ездзіла ўпершыню, гэта новы займальны вопыт. 

Бішкек уразіў вельмі цікавай канструктывісцкай архітэктурай. Нас сустрэлі цёпла, арганізатары былі ветлівыя. Самай запамінальнай славутасцю для мяне стаў парк Ала-Арча, які здзівіў прыгажосцю гор, яркай прыродай, маляўнічай ракой і выдатнай сонечнай далінай. У намінацыі “Выяўленчае мастацтва” я прадстаўляла аўтапартрэт “Сезон туманаў” — напісала сябе на фоне лістоты, паказаўшы сваю любоў да прыроды, — а таксама “Восеньскі нацюрморт” у тэхніцы алейнага жывапісу. На гэтай карціне я намалявала прадметы побыту: традыцыйны беларускі збан, гарбуз, саламянага каня, зробленага ўручную. Падчас конкурсу трэба было выканаць кампазіцыю на тэму “Край святла і колеру” — я выявіла сябе на фоне сонечнага Мінска. Увесь час жыву ў гэтым горадзе, таму рашыла, што павінна адлюстраваць месца, дзе вырасла. Мне вельмі падабаецца гуляць па старой частцы нашай сталіцы, вывучаць архітэктуру. На карціне я паказала сваю сувязь з гэтым значным для мяне пунктам на карце Беларусі. У той момант максімальна сканцэнтравалася на працы і не задумвалася, якое месца атрымала, але страшэнна ўзрадавалася такому высокаму выніку. Паездка мяне вельмі натхніла, і як мастачка я была ўражана мясцовай прыродай, культурай і традыцыямі. 

— А хто для вас эталон у выяўленчым мастацтве? 

— Мяне натхняюць многія аўтары. Асабліва хацелася б вылучыць Дыега Веласкеса і Яна Вермеера — сапраўдных майстроў жывапісу. Таксама захапляюся творчасцю Мікалая Фешына. З пейзажыстаў вельмі кранае Ісак Левітан. Яшчэ цікаўлюся сучаснымі аўтарамі, сярод іх шмат таленавітых. 

— У чым цяпер заключаецца роля мастака? 

— Наша прызначэнне — пошук ідэі. Мы раскрываем свае задумы з дапамогай візуальных вобразаў. Можна працаваць у любой тэхніцы, з любым матэрыялам. Важна, што паслужыла імпульсам для напісання карціны. Мэта мастацтва — маральнае і культурнае выхаванне чалавека. Прыгожае не толькі вучыць па-іншаму ўспрымаць рэчаіснасць, але і дае пажытак для аналізу. Добрая ступень нагледжанасці таксама падштурхоўвае да распрацоўкі і рэалізацыі ўласных задум. Выяўленчае мастацтва закранае найважнейшыя праблемы грамадства, звяртае на іх увагу, не дае магчымасці іх ігнараваць. 

— Якія ў вас планы на найбліжэйшую будучыню? 

— Цяпер усе думкі сканцэнтраваны на дзвюх рэчах — навучанні ў каледжы і выбары тэмы для дыпломнай працы. Таксама я засяроджана на паступленні ў мастацкую ВНУ і далейшым развіцці таленту. 

Настасся ЮРКЕВІЧ 

Фота з архіва гераіні