Новае жыццё храма

Гістарычныя будынкі ў Беларусі аднаўляюць сістэмна. Гэтыя намаганні, накіраваныя на захаванне спадчыны, — значны ўнёсак у развіццё айчыннай культуры і мастацтва.Асаблівую ролю адыгрываюць рэстаўраваныя храмы. Яны не толькі выконваюць традыцыйную рэлігійна-духоўную функцыю, але і атрымліваюць шанц стаць новымі цэнтрамі культурнага жыцця.

Яскравы прыклад гэтага — Спаса-Праабражэнская царква Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку. Аднаўленчыя работы вядуцца тут з сярэдзіны 1990-х. Выдзелены ўжо многія мільёны рублёў. У чарговы раз рэстаўрацыя храма была ўнесена ў дзяржпраграму “Культура Беларусі” на 2021—2025-ы. Толькі ў 2023 годзе ў адпаведнасці з праектна-каштарыснай дакументацыяй плануецца выдаткаваць больш за 1,6 млн рублёў з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў. Усе працы павінны завяршыцца налета, каб у 2025-м манастыр ва ўсёй красе адзначыў 900-годдзе. 

Брыгадай мастакоў установы “Белрэстаўрацыя”, якія шчыруюць над аднаўленнем роспісаў Спаса-Праабражэнскай царквы, кіруе вядомы беларускі майстар манументальнадэкаратыўнага мастацтва Юрый Іванавіч Маліноўскі. Дарэчы, менавіта гэтае ўнікальнае айчыннае прадпрыемства вырабляе ўсе мастацкія элементы аздаблення храма. З 2006-га ў аднаўленні першапачатковага аблічча Спаса-Праабражэнскай царквы ўдзельнічаюць таксама спецыялісты маскоўскага Міжабласнога навукова-рэстаўрацыйнага мастацкага ўпраўлення. 

Шматлікія спецыялісты некалькіх беларускіх арганізацый выконваюць архітэктурныя і агульнабудаўнічыя работы. Традыцыйна менавіта такія адмыслоўцы першымі прыходзяць на аб’ект. Але ў гэтым выпадку здарылася наадварот: прыярытэты падчас рэстаўрацыі вызначалі мастакі. Дзякуючы таму Спаса-Праабражэнская царква мусіць стаць унікальным помнікам усходнеславянскага жывапісу XII стагоддзя. 

— Храм мае шматслаёвую гісторыю, — распавядае Юрый Маліноўскі. — За 900 гадоў ён перажыў мноства рамонтаў. Унутры — тры пласты жывапісу: фрэскі XII стагоддзя, каталіцкія сюжэты XVIII стагоддзя і праваслаўныя працы XIX стагоддзя. 

Дзякуючы раскопкам высветлілася: цяперашні храм першапачаткова быў унутраным памяшканнем. Мы дакладна ўстанавілі, што ўздоўж бакавых фасадаў (паўднёвага і паўночнага) існавалі так званыя галерэі шырынёй каля чатырох метраў, заходні фасад таксама быў шырэйшы на чатыры метры і меў бабінец, аб’ём якога невядомы. Адзіная нязменная частка — апсіда, дзе знаходзіцца алтар. Мы называем страчаныя аб’ёмы “галерэямі”, але на самай справе гэта паўнавартасныя шматпавярховыя збудаванні, распісаныя знутры. Яны складалі адзіны комплекс, што даказваюць выяўленыя і часткова адкрытыя намі роспісы на сучасных фасадах. Адпаведна, можна зрабіць выснову, што адразу храм быў амаль у два разы большы, чым сёння. 

Па словах спецыяліста, цяперашні выгляд царква набыла прыкладна ў XVII—XVIII стагоддзях. Езуіты выканалі яе капітальны рамонт, максімальна захаваўшы святыню. Узводзілі мураваны будынак Полацкага езуіцкага калегіума, рэстаўравалі Спаса-Праабражэнскую царкву і аднаўлялі Сафійскі сабор запрошаныя італьянскія майстры. Ім варта аддаць належнае за беражлівыя адносіны не толькі да архітэктурных элементаў, але і да фрэсак. Дзякуючы працы адмыслоўцаў з замежжа ў наш час беларускім мастакам- рэстаўратарам удалося ўзнавіць старажытныя творы і зберагчы гістарычную каштоўнасць царквы. 

— Храм, першапачаткова задуманы Ефрасінняй Полацкай, у значнай ступені згублены, — кажа Юрый Маліноўскі. — Мы ўяўляем, як ён мог выглядаць, але застаецца шмат невядомага. Многія з захаваных зыходных элементаў знаходзяцца ніжэй за ўзровень зямлі. Напрыклад, сучасны ўзровень вонкавай тэрыторыі вышэйшы за першасны, XII стагоддзя, на адзін метр. А цяперашняя падлога храма на 70 сантыметраў вышэйшая за арыгінальную. І жывапіс, які мы сёння бачым знутры, на гэтай вышыні схаваны ад нас. Фігуры людзей у кампазіцыях насценных фрэсак калісьці былі цалкам навідавоку. 

Спаса-Праабражэнская царква ўнутры

Праз тое, што ўсе работы мяркуецца завяршыць да 900-гадовага юбілею Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, спецыялісты будуць працаваць і зімой. Храм ужо абсталяваны электрычнымі канвектарамі, што дазваляюць рэстаўраваць фрэскі і ў халодную пару. 

Юрый Маліноўскі паведаміў, што ў 2024-м на знешняй частцы царквы плануюць выканаць меднае пакрыццё на бабінцы, зандажы паміж пілястрамі на паўднёвым і паўночным фасадах запоўняць рэстаўрацыйным жывапісам. 

Акрамя таго, неабходна будзе падрыхтаваць да экспанавання ўчасткі, на якіх аднаўляўся жывапіс, ад падлогі да вышыні чатырох метраў унутры храма па ўсім яго перыметры. Паверхні часткова адрэстаўравалі і закансервавалі ў 2006 годзе. Але цяпер гэтыя ўчасткі трэба дадаткова падрыхтаваць да вялікага патоку турыстаў і паломнікаў, як і фрэскі ў нефах, дзе шырыня праёмаў — усяго метр. Там будуць устаноўлены спецыяльныя агароджы, каб наведвальнікі не пашкодзілі роспісы. 

— Сёння няма такіх пакрыццяў, якімі можна закансерваваць старажытныя фрэскі на стагоддзі, — удакладняе Юрый Маліноўскі. — Храм падобны да жывога арганізма. Ён пабудаваны так, што павінен “дыхаць”. Інакш пачынаюцца працэсы разбурэння. У першую чаргу яны знішчаюць роспісы. Затым і ўсё астатняе. Таму патрэбны пастаянны клопат чалавека. Гэта падтрыманне аптымальных рэжымаў тэмпературы і вільготнасці, пэўны ахоўны рэжым і своечасовы рамонт. Храмы руйнуюцца вельмі хутка, калі з іх сыходзяць людзі. 

Сёння беларускія рэстаўратары адраджаюць не проста самую старажытную царкву нашай краіны. Раней такія аб’екты выкарыстоўваліся выключна па прамым прызначэнні — для правядзення рэлігійных абрадаў, а цяпер выконваюць яшчэ і культурную функцыю. У нашы дні непасрэдна службы займаюць каля 10 % усяго часу, калі чалавек кантактуе з храмам. Да 90 %, на думку Юрыя Маліноўскага, адводзіцца турыстам і паломнікам, якія па сутнасці таксама экскурсанты. Гэта вельмі вялікая нагрузка на гістарычны будынак. 

— Цяпер наша галоўная задача — максімальна магчымае аднаўленне першапачатковага аблічча царквы, — кажа адмысловец. — І мы выканаем гэтую задачу да юбілею. Затым, верагодна, будзе адаптацыя святыні да пастаяннага патоку турыстаў. 

У выніку рэстаўрацыі зусім хутка храм здабудзе новую, культурную, функцыю. Гэта адкрые дадатковыя магчымасці для адукацыі і творчасці, паспрыяе развіццю турызму і эканамічнаму росту рэгіёна. Спаса-Праабражэнская царква — не толькі сімвал веры, але і цэнтр, у якім сустракаюцца і пераплятаюцца гісторыя, культура і мастацтва. 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота з архіва рэстаўратараў