Асілак, выканай жаданне!

За паўтысячы гадоў хто толькі не схіляў галаву перад гэтым Асілкам. А знаходзіцца батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння ў вёсцы Сітцы, у таямнічым парку, што прыналежаў калісьці знакамітаму роду Дамейкаў. Ад сядзібы засталіся толькі частка агароджы, уязная брама, рэшткі гаспадарчых пабудоў. І неймаверны дуб, апеты ў вершаваных радках Петрусём Броўкам.

Уяўляеце, якія літаратурныя перформансы могуць ладзіць тут мясцовыя бібліятэкары? Могуць і ладзяць! І гэта толькі адзін прыклад прафесійных адкрыццяў работнікаў культуры Докшыцкага краю. 

КУДЫ ПРЫВЯЛІ СЛЯДЫ 

Мы яшчэ вернемся ў Сітцы. А пакуль гаворка — пра бібліятэкі раённага цэнтра. Месцяцца яны пад дахам тутэйшага Дома культуры. Упершыню я трапіў сюды гадоў 20 таму. Абсалютна выпадкова. Ішоў на другі паверх, аднак заўважыў на падлозе першага намаляваныя слядкі. Яны і прывялі мяне туды, дзе буяе фантазія, дзе казачнае дабро заўжды перамагае казачнае зло… Словам, апынуўся ў дзіцячай бібліятэцы. 

Дазволю сабе адступленне ад асноўнай тэмы. Яно — пра рэкламу, якой бракуе нашым установам культуры. Узяць, да прыкладу, згаданыя слядочкі. Цяпер такая форма прыцягнення ўвагі — справа шэраговая, а тады арыгінальнасць паказальніка інтрыгавала незвычайна. Вось тыя нешматлікія праявы прафесіяналізму. Калі яшчэ і размовы пра буккросінг не было, у калідоры перад бібліятэчным уваходам убачыў стол, засланы сурвэткай, на ім — вазон з краскамі, кнігі, газеты. Гэткія сенцы, дзе можна пачакаць бібліятэкара, прагледзець прэсу, проста супакоіць натомленыя ногі… Чуў я паміж кніжных стэлажоў і музыку. Радаваўся, калі чытачоў частавалі бярозавікам. 

ВЕРШАВАНАЕ КАРАОКЕ 

У 2010 годзе бібліятэчную сістэму Докшыцкага раёна ўзначаліла Ірына Карапанава. З нядаўняга часу яна — галоўны спецыяліст аддзела культуры Докшыцкага райвыканкама. Пра кніжныя скарбніцы ведае ўсё. У раёне, аказваецца, 19 бібліятэчных устаноў, 16 з іх — сельскія. Кожная — па-свойму адметная. Пагаворым спярша пра гарадскія. 

Раённая бібліятэка распачала праект “Літаратурны сквер”. Ці за возерам у парку, ці ля РДК ахвотныя чытаюць лірыку з нагоды самых розных свят і падзей. Нават той, хто не прывучаны да рыфмаванага слова, можа ўзяць тэкст і падысці да мікрафона. Новы жанр вершаванага караоке ўсім аказаўся даспадобы. 

Чарговая прыдумка — вітражныя выставы. У вокнах бібліятэкі экспануюцца тэматычныя фотападборкі, якія таксама прыцягваюць увагу патэнцыяльных наведвальнікаў. 

Яшчэ адзін праект — “Кніга пачынаецца з пісьменніка”. З чытачамі сустракаюцца не толькі мясцовыя літаратары, але і сталічныя… 

КАЛІ СЛОВА — ДОБРАЕ 

Дзіцячай бібліятэкай кіруе Алена Гудзь. Яна ж і дырэктар нядзельнай школы на грамадскіх пачатках. Такая “нагрузка” тлумачыцца проста. І школа, і кніжная скарбніца дзейнічаюць у звязцы, ужо колькі гадоў ажыццяўляюць праект “Добрае слова”, які атрымаў грант ад расійскай праваслаўнай ініцыятывы. На гэтыя грошы набыта новая мэбля, дадатковая літаратура. Бібліятэка стала цэнтрам сямейнага чытання. 

Апрача гэтага, ва ўстанове даўно працуе мультымедыйны цэнтр. Штогод ладзяцца бібліязацемкі. На мерапрыемствы прыходзяць дзеці колішніх дзяцей. 

Па маім цвёрдым перакананні, якой бы ні была прасунутай дзіцячая бібліятэка, старт чытанню хлопчыкаў і дзяўчынак дае сям’я. Кніжная ж скарбніца заўжды павінна аб’ядноўваць сілы. Якія тут патрэбныя тактыка са стратэгіяй, не ведаю. Варта думаць талакой. Адно зразумела: абыякавасць у гэтым выпадку не прыжывецца. 

СЫРЫ АД ДАМЕЙКІ 

У свой час, калі пісаў пра сельскія брэнды, надаваў увагу і бібліятэцы-клубу вёскі Гарадзішча, дзе існуе, так бы мовіць, культ ручніка. Вакол яго, як Зямля вакол Сонца, усё там і верціцца. Сабрана багатая калекцыя ткацтва, адноўлены стагадовыя кросны. Гэта зроблена ў рамках доўгатэрміновага праекта “Ручнік як лёс”. Не магу не адзначыць плённасць творчага саюза бібліятэкара Таццяны Іваноўскай і акампаніятара Раісы Вярцінскай. 

А цяпер — вернемся ў Сітцы. Вельмі ўжо хораша тут увосень! Асабліва ля 500-гадовага дуба. Як яго толькі не называюць: Асілак, Волат, Патрыярх, Выканаўца Жаданняў. 

Жаданне загадаем крыху пазней. Колькі слоў хачу сказаць пра супрацоўніцу мясцовай кніжнай скарбніцы Алену Карповіч. Мы даўно знаёмыя. На многія бібліятэчныя нюансы спадарыня Алена адкрыла мне вочы. І ўвогуле, усё, што яна робіць, здзіўляе. 

На першым паверсе бібліятэкі — музей. У ім адлюстравана гісторыя краю, у тым ліку і эпоха выбітнага Ігната Дамейкі. Адноўлена рэцэптура яго ўлюбёных сыроў. Улетку ля дуба ладзіцца “Сырны разгуляй”. Старадаўні парк гучыць, гучыць і бібліятэка, будынак якой у парку і знаходзіцца. 

НЯХАЙ ЗДЗЕЙСНІЦЦА! 

І апошняе для сённяшняга артыкула адступленне. Я падзяліў бы ўсіх наведвальнікаў кніжных скарбніц на тры ўмоўныя групы. Першая — прафесійны чытач, які ведае, чаго хоча, і якому не варта перашкаджаць. Другая — нясмелы чытач, яго трэба накіроўваць. Трэцяя — чалавек, які нават не здагадваецца, што ён чытач, такога належыць рашуча браць у палон. Слядкі на падлозе, мультымедыйныя цэнтры, вершаваныя караоке і сырныя фэсты — рэкламныя “заманухі” для тых, хто не ведае, як дабрацца да бібліятэкі. Дазнаюцца, зойдуць, застануцца і пачнуць чытаць. 

Асілак, ты чуеш наша жаданне?! 

Яўген РАГІН 

Фота з архіва бібліятэчнай сістэмы Докшыцкага раёна