Кі­нош­ны рэ­жы­сёр і яго ка­ман­да

Апублiкавана: 19 снежня 2023 Стужка Кіно Мінск Кінапрагляд

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

З 14 снежня ў вялікі пракат выходзіць фільм “Кіношнікі”. Гэта дэбютны поўны метр маладога рэжысёра Кірыла Халецкага. Журы XXIX Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” высока ацаніла карціну — стужка атрымала спецыяльны прыз арганізатараў і ўзнагароду “За шчырасць і жыццярадаснасць”.

“К” пабывала на перадпаказе ў сталічным кінатэатры “Мір”. Запрошаныя госці змаглі пагутарыць з акцёрамі і здымачнай групай, зрабіць памятнае фота і атрымаць эксклюзіўны аўтограф, а мы — сабраць уражанні і спадзяванні віноўнікаў урачыстасці. 

— Мне пашчасціла ўдзельнічаць у трох праектах ад Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”: серыял “Ілюзіі”, фільмы “Падрыў” і “Кіношнікі”. Калі здымаўся ў “Падрыве”, думаў, што лепшай здымачнай групы не знайсці, а цяпер так кажу пра “Кіношнікаў”. Спадзяюся, мы створым і другую частку, бо я вельмі палюбіў свайго персанажа,— дзеліцца эмоцыямі Уладзіслаў Соладаў, які сыграў найлепшага сябра галоўнага героя Мікалая. 

На думку рэжысёра Кірыла Халецкага, стартавую лінію карціна перайшла менавіта цяпер, а не на “Лістападзе”, і прэм’ера сімвалічна праходзіць напярэдадні святкавання Дня беларускага кіно і яго 100-годдзя. 

— Было шмат розных падзей, праз якія фільм мог не адбыцца. Наша каманда склалася дзякуючы мноству маленькіх выпадковасцей, якія не выпадковыя. Я чуў меркаванне ад прафесійнага журы, крытыкаў, вопытнага і звычайнага гледача. Усе адзначаюць агульную атмасферу: светлая, добрая карціна. Прыемна, калі разумееш, што працавалі нездарма. І ў першую чаргу мы рабілі гэта для вас, дарагія гледачы. Я заўсёды кажу, што кіно робіць не рэжысёр, а каманда. У дадзеным выпадку для нас гэта крыху менш за год працы, а для вас — 85 хвілін, — звярнуўся са сцэны рэжысёр. 

Яшчэ адной прыемнай навіной для прыхільнікаў стануць гастролі Кірыла Халецкага і акцёра Станіслава Пякарскага па абласных гарадах Беларусі, бо кінастужку запыталі больш за 75 кінатэатраў па ўсёй рэспубліцы. 

— Мы будзем калясіць па краіне, каб прэзентаваць нашу працу ўсім без выключэння. Плануем стасавацца, фатаграфавацца і прыслухоўвацца да гледачоў, — з радасцю распавядае Кірыл.— Калі зразумеем, што фільм людзям спадабаўся і яны прагнуць убачыць герояў на экране зноў, то з задавальненнем здымем другую частку. Працяг я ўжо напісаў! 

Назва “Кіношнікі” атрымалася вельмі ёмістай і адразу ж падказвае жанр: камедыя пра авантурыстаў са сферы кінематографа. Пагаворваюць, што слова стала намінальным, а фразы са стужкі цытуюць усе калегі, нават генеральны дырэктар “Беларусьфільма”. 

— Калі два чалавекі чуюць і могуць аргументавана даказаць свой пункт гледжання, тады ўзнікае добры вынік, — дзеліцца меркаваннем мастацкі кіраўнік і акцёр фільма Іван Паўлаў. — Момант “я мастак, я так бачу” працуе толькі ў аўтарскім кіно. Мне не падалося, што гэта быў дэбют рэжысёра і аператара. Яны ведалі, што робяць, таму акцёры маглі ім даверыцца. Я не ўпершыню выступаю мастацкім кіраўніком на карціне. І гэтым разам не бачыў разгубленасці ў вачах таварышаў. Прывяду лічбы, каб вы разумелі маштаб праведзенай працы. Паралельна я здымаўся яшчэ ў адным праекце, дзе выпрацоўка была пяць хвілін у дзень, а тут каманда рабіла па восем (пры норме дзве хвіліны для дэбютантаў). А яшчэ дзякуючы Кірылу я прымерыў на сябе пяць розных вобразаў. Хтосьці сказаў, што я выразна адчуў стыль, бо ў момант, калі быў акцёрам, я адключаў мастацкага кіраўніка і безумоўна слухаўся рэжысёра. 

Як усё атрымалася? Нацешыцца атмасферай унутранага жыцця на здымачнай пляцоўцы можна, паглядзеўшы “Кіношнікаў” у кінатэатрах свайго горада! 

Настасся ЮРКЕВІЧ