Тры дзесяцігоддзі пошуку

Апублiкавана: 24 снежня 2023 Стужка Музеі Мiнская вобласць

Аўтар: Аўтары

Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку “Нясвіж” споўнілася 30. Урачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да юбілею, адбылося ў залах палацавага ансамбля. 

Да прысутных звярнуўся першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада. Ён павіншаваў супрацоўнікаў са знамянальнай датай і пажадаў поспехаў у ажыццяўленні задум. Валерый Іванавіч уручыў Ганаровую грамату Міністэрства культуры за шматгадовую плённую працу, выдатныя дасягненні і значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры начальніку аддзела экскурсійнай і інфармацыйнай дзейнасці Таццяне Скаражонак, а таксама ўзнагародзіў шэраг супрацоўнікаў падзякамі ведамства. 

Цёплыя, шчырыя віншаванні выказаў архімандрыт Сергій, сакратар Слуцкай епархіі, і перадаў калектыву музея-запаведніка “Нясвіж” грамату Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна ў блаславенне за працу на славу Беларускай праваслаўнай царквы. 

Свята працягнулася канцэртнай праграмай. Гледачам прадставілі вакальныя і танцавальныя нумары вядучых музычных калектываў краіны. 

На першым этапе станаўлення музея яго спецыялісты рэстаўравалі гісторыка-культурныя аб’екты Нясвіжа, запаўнялі адноўленыя інтэр’еры экспазіцыямі. На наступным этапе — прыцягвалі наведвальнікаў і займаліся тым, каб установу прызнала сусветная супольнасць. 

Прыярытэты цяперашняга часу — распрацоўка новых музейных праектаў, удасканаленне экспазіцыі, актыўная культурна-асветніцкая работа і пастаянны пошук, без якога немагчымае стварэнне.