Твор­чая, здольная, за­ці­каў­ле­ная!

Ангеліна Талканіца, 17-гадовая ўраджэнка Свіслачы, віртуозна грае на цымбалах і дорыць людзям шчасце чуць старадаўні беларускі інструмент. У кастрычніку талент дзяўчыны высока ацаніла журы конкурсу “Славься, Отечество”, які праходзіў у Санкт-Пецярбургу. Мы пагаварылі з юным выканаўцам аб поспехах на міжнароднай арэне, навучанні ў Гродзенскім музычным каледжы і яркіх перамогах.

— Вы былі творчым чалавекам з дзяцінства? 

— Адназначна! Мяне заўсёды зачароўвала музыка, хаця бацькі не звязаны з гэтай сферай: мама — настаўніца пачатковых класаў, а тата выкладае ў школе гісторыю і грамадазнаўства. Памятаю, як у маленстве я лавіла целам музычны рытм і рухалася пад песні, што даносіліся з кухоннага радыёпрыёмніка. 

— А чаму выбралі менавіта цымбалы? Якое было адчуванне, калі ўпершыню сыгралі на іх? 

— Мяне прыцягнуў незвычайны выгляд інструмента: драўляная глянцавая трапецападобная дэка з мноствам нацягнутых струн на калках і штыфтах, тры доўгія ножкі. І, вядома, зачаравала гучанне цымбалаў, поўнае абертонаў. Вельмі спадабаліся малаточкі, з дапамогай якіх здабываецца гук. 

Успомніць першы ўрок цяжка, бо ён здарыўся аж у 2013-м у Свіслацкай дзіцячай школе мастацтваў. Але, відавочна, занятак мяне захапіў, і я з галавой паглыбілася ў свет музыкі. А ўсё дзякуючы маёй першай настаўніцы па класе цымбалаў Алене Эдуардаўне Максімовіч і канцэртмайстру Вікторыі Эдуардаўне Кашлей. 

— Ці ўзнікала калі-небудзь жаданне кінуць музыку? 

— Аднойчы я апынулася перад складаным выбарам: ісці ў музычны каледж пасля 9 класа або скончыць агульнаадукацыйную школу, атрымаць атэстат і паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову на іншую спецыяльнасць. Я параілася з бацькамі, настаўнікамі школы мастацтваў і ў выніку аддала перавагу першаму варыянту. 

— Цяпер вы навучэнка 3 курса Гродзенскага музычнага каледжа. Перака- наліся ў правільнасці таго выбару? 

— Вядома! Хаця вучыцца тут больш складана. Але з усім можна справіцца, калі адказна падыходзіць да падрыхтоўкі і паважліва ставіцца да навакольных. Не падаць духам і быць у форме дапамагаюць згуртаваны калектыў аднагрупнікаў, вечна творчая, рабочая атмасфера, спагадлівыя выкладчыкі, а таксама частыя мерапрыемствы, што праходзяць у нашым каледжы і дазваляюць назапасіць сцэнічны вопыт. 

— Які рэпертуар выконваеце? 

— На беларускім нацыянальным інструменце можна іграць арыгінальныя кампазіцыі сола альбо ў суправаджэнні фартэпіяна, таксама перакладанні твораў для іншых інструментаў, напрыклад для скрыпкі, флейты, фартэпіяна. Больш за ўсё люблю Скрыпічную санату сі мінор у чатырох частках Джузэпэ Тарціні, другую частку з Канцэрта №4 для скрыпкі з аркестрам Нікола Паганіні. Прывабліваюць і канцэрты №№ 1—3 для цымбалаў з аркестрам Дзмітрыя Смольскага, скерца Вячаслава Кузняцова. 

— Калі ласка, раскажыце пра свае самыя значныя перамогі. 

— У мінулым снежні ў Маскве праходзіў Міжнародны шматжанравы анлайн-конкурс культуры і мастацтва “Талент 2022 года”, і я заваявала Гран-пры. На пачатку 2023-га была ўдастоена дыплома першай ступені Міжнароднага конкурсуфестывалю Global Asia. Таксама мне прысудзілі дыплом другой ступені на III Міжнародным фестывалі мастацтваў Musical Star of Slovenia. 

А ў лютым у Мінску ладзілі IV Міжнародны шматжанравы конкурс мастацтваў “Зімовая хваля”, на якім я стала лаўрэатам першай ступені з прысуджэннем звання прэтэндэнта на Гран-пры. 

Сярод апошніх перамог — званне лаўрэата першай ступені па выніках Нацыянальнай прэміі ў галіне культуры “Славься, Отечество” (Санкт-Пецярбург, Расія). Больш за тое, журы ўхваліла ўключэнне маёй кандыдатуры ў Міжнародны рэестр творчых дасягненняў. Хоць у конкурсе ўдзельнічала дыстанцыйна, перажывала моцна. Перад абвяшчэннем вынікаў наступіў момант ікс — хуткасць інтэрнэту запаволілася. Калі мы з выкладчыкам убачылі такі высокі вынік, на тварах адразу з’явіліся ўсмешкі. Мы былі такімі шчаслівымі! 

Настасся ЮРКЕВІЧ 

Фота з архіва гераіні