У пошуках каменю для літаграфій

Сёння рушым на Ашмяншчыну — у край замкаў, старажытных храмаў, у край кампазітараў, паэтаў і… мастакоў. Значны юбілей — 200-годдзе з дня нараджэння Казіміра Бахматовіча — паклікаў у дарогу. Мы збіраліся пракласці новы турыстычны маршрут, аднак вандроўка займела яшчэ адзін сэнс. Які — чытайце далей. 

Выязджаць на электрычцы з Мінска давялося прыцемкамі, бо ў Смаргонь належала трапіць з першымі промнямі сонца (і рамантычна, і практычна, бо восеньскі дзень вельмі кароткі). Роварны маршрут у 120 кіламетраў гарантаваў шмат цікавага — багата помнікаў архітэктуры і маляўнічых краявідаў паабапал шашы і грунтовак, сярод бездаражы, а таксама фарсіраванне рачулак. За пункт адліку быў узяты гарадскі парк у Смаргоні, дакладней статуя Францішка Багушэвіча з наказам: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” Ёсць тут і помнік школе, заснаванай Радзівіламі ў XVII стагоддзі, дзе дрэсіравалі мядзведзяў ды рыхтавалі скамарохаў. Гэта “Смаргонская акадэмія”, якой мястэчка славілася ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім. 

Выехаўшы за горад, немагчыма не прыпыніцца на высокім мосце панад Віліяй — яна дымілася ў промнях світальнага сонца. Крыху далей, на ўзгорку, на пастаменце застыў танк ІС-3, устаноўлены ў гонар савецкіх салдат і партызан, што вызвалілі Смаргонь 4 ліпеня 1944 года. Гэта не адзіны напамін пра змрочныя часы. Побач з вёскай Дубатоўка і ў ёй самой ёсць прыдарожныя нямецкія бункеры Першай сусветнай вайны, у якую Смаргонь знішчылі амаль дазвання. Таксама прыцягнула ўвагу стагадовая драўляная каталіцкая капліца, дзе акурат ладзілася набажэнства. На выездзе з вёскі прытуліўся стары дубовы крыж, які, пэўна, памятае падзеі ХХ веку. Хацелася затрымацца, зрабіць накід алоўкам, але трэба было прадаўжаць пагоню за марай. Дарэчы, крыж гэты стаў Рубіконам, пасля якога вандроўка пайшла па рэйках ХІХ стагоддзя. 

ЦІ НЕ ТУТ НАРАДЗІЛАСЯ “ДЗІКАЕ ПАЛЯВАННЕ”? 

На такую думку навёў чарговы дарожны паказальнік — “Свяцілавічы”. І адразу, нібы ўспышка, паралель: Дубатоўк — Свеціловіч. Студэнт Андрэй Свеціловіч — адзін з нешматлікіх станоўчых герояў аповесці Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” (выдадзена ў 1964-м). Антаганіст Рыгор Дубатоўк забіў Андрэя, калі той даведаўся, што Дубатоўк кіруе паляваннем. А сапраўды, чаму згаданыя падзеі не маглі разгортвацца тут? Пэўна, гэтыя мясціны не былі аўтару чужымі: у 1965-м на замову смаргонскага хору Караткевіч напісаў верш да вядомага паланэза. Нагода — 200-годдзе з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага, чыя сядзіба ў Залессі не так ужо далёка ад Смаргоні. А калі дадаць яшчэ перліну Ашмяншчыны, суседняга краю, — Гальшанскі замак Сапегаў? Ім натхнёны іншы культавы твор Караткевіча — “Чорны замак Альшанскі” (1978). Прататыпам аднаго з персанажаў стаў найлепшы сябра Караткевіча — славуты беларускі навуковец, літаратуразнаўца Адам Мальдзіс, ураджэнец блізкай Астравеччыны. 

А калі “Дзікае паляванне” і не мае да Смаргоншчыны дачынення, то ў якасці падання падобны сюжэт можа крыху ажывіць месцамі даволі сумны краявід: палі-лясы і лёгкая хвалістасць ландшафту (ёсць і балоты). Сям-там бачныя і невялікія прыдарожныя мураваныя каплічкі, якія даюць пажытак для роздуму. 

СВЯТЫНЯ НА ПАГОРКУ 

Я памятаў пра галоўную мэту вандроўкі — засветла дабрацца ў Дабраўляны і Свір, але няможна было не спыняцца хоць на хвілінку каля кожнай сустрэтай цікавінкі. У Вішневе ж прыйшлося кінуць якар амаль на гадзіну. А ўсё з-за касцёла Святога Тадэвуша, які ў 1820 годзе пабудавалі Сулістроўскія, уладальнікі мястэчка. Сулістроўскія — вельмі стары і ўплывовы род. Гэта сваякі Агінскіх і Радзівілаў. Дарэчы, Цэліна Сулістроўская стала жонкай Канстанціна Радзівіла, гаспадара Паланечкі, сына выдатнага кампазітара, аўтара оперы “Агатка” Мацея Радзівіла. Канстанцін жа быў адным з першых беларускіх этнографаў, мецэнатам, а яшчэ добрым сябрам філаматаў Тамаша Зана, Яна Чачота, Ігната Дамейкі ды скульптара Рафала Слізеня, які жыў па суседстве ў Бартніках і Вольне (Баранавіцкі раён). Храм, акрамя як класіцыстычнай архітэктурай, прыцягвае ўвагу вялікім алтарным абразом, на якім прадстаўлены святы Іосіф з дзіцяткам Ісусам. Ікона намалявана ў 1811 годзе знакамітым мастаком і вялікім патрыётам Мінска Янам Дамелем. Дарэчы, другі алтарны абраз Дамеля знаходзіўся ў сталічным касцёле Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках, а сёння пасля рэстаўрацыі экспануецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Некаторую цікавасць для вандроўніка (і гісторыка) уяўляюць і могілкі блізу касцёла Святога Тадэвуша. Старых помнікаў там ацалела няшмат, некаторыя варта было б падняць ды ачысціць. Кожны з іх, магчыма, хавае не адну таямніцу. 

ПРАЗ ЯБЛЫНЕВЫ САД 

Пясчаная дарога вілася паўз невялікія вёсачкі і хутары, а яблыні літаральна ўгіналіся ад спелага і духмянага ўраджаю. У Выгалянентах збераглася капліца 1767 года. Яе ўзвялі на зямлі, ахвяраванай Невяровічамі (пэўна, сваякамі знакамітага мастака Яна Тысевіча) і Абрамовічамі. Падноўленая ў 1929-м пабудова сёння — касцёл Святога Яна Хрысціцеля. А вось і першая мэта — Нястанішкі. Калісьці яны належалі графскаму роду Гюнтэраў (сваякі Тызенгаўзаў). У спадчыну ад бацькі Адама Гюнтэра маёнтак атрымала Габрыэля Пузыня, славутая грамадская дзяячка, аўтарка вершаў, фельетонаў, камедый, а таксама вельмі цікавых успамінаў, у якіх адлюстравана жыццё ваколіц Свіры, Смаргоні, Віленшчыны ХІХ стагоддзя. Менавіта непадалёк ад Нястанішкаў мастак Казімір Бахматовіч, настаўнік малюнка ў дачок Адама Гюнтэра (а яшчэ сябра сям’і), і знайшоў патрэбны яму для літаграфій вапняк. Гэты факт высветлены паэтам і геолагам Тамашом Занам. Сёння ад маёнтка Гюнтэраў нічога, акрамя става, не засталося. А ў вёсцы Шыманэлі, якая таксама належала графам, ацалелі неагатычны касцёл Маці Божай Добрай Рады (1905), каплічка ХІХ стагоддзя, стары прыдарожны крыж, добраўпарадкаваная крыніца, плябань ды могілкі, на якіх пахаваны вядомы беларускі пісьменнік Артур Цяжкі. 

ДАБРАЎЛЯНСКІ НАСТРОЙ 

З кожным кіламетрам я набліжаўся да галоўнай мэты вандроўкі— маёнтка, з якім былі звязаны апошнія, самыя плённыя 10 гадоў жыцця Казіміра Бахматовіча. Дабраўлянам і іх жыхарам прысвечаны цыкл літаграфій, створаных тут з дапамогай мясцовага вапняку. Тут жа нарадзіліся і цыклы малюнкаў з побытавымі сцэнамі. Тут мастак у 34 гады, у самым росквіце таленту, сканаў ад сухотаў. Сёння на месцы трохпавярховага класіцыстычнага палаца 1820-х, на першым паверсе якога быў асобны пакойчык аўтара, роўная пляцоўка. Зірнуўшы на пустку, цяжка здагадацца, што на гэтым месцы яшчэ стагоддзе таму стаяў будынак, хай сабе і крыху пашкоджаны ў Першую сусветную вайну. Але ж даўней сюды, у культурны цэнтр усёй Ашмяншчыны, з’язджаліся нашы слынныя паэты і пісьменнікі, мастакі і навукоўцы. Сваім быў у Дабраўлянах Ян Рустэм і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Тамаш Зан і Антоній Эдвард Адынец (з-пад знакамітых Баруноў). Сёння не дае гэтаму кутку схавацца ў зеляніне дагледжаны сімвалічны помнік землякам, якія загінулі ў часы Другой сусветнай вайны. Тэрыторыю вакол яго ўпарадкавалі мясцовыя ўлады. 

Ставы, бачныя на малюнках Бахматовіча, амаль высахлі. На гаспадарчым двары за нейкую сотню метраў ад палаца ацалелі тры пабудовы з чырвонай цэглы. Мяркуючы па стане, яшчэ зусім нядаўна гэтыя мураванкі ХІХ—ХХ стагоддзяў спраўна служылі калгасу. А сёння мясціна магла б стаць значным турыстычным пунктам раёна: маёнтак і колішнія гаспадары важныя для гісторыі. 

Пра часы, калі ў Дабраўлянах жыў творца, сведчыць толькі прыдарожная каплічка (1826 год, ёсць на малюнках мастака). Каменныя пліты з выразаным на іх тэкстам могуць быць справай рук Бахматовіча, бо зроблены майстрам высокага ўзроўню. 

А ВОСЬ НА СВІРЫ… 

Шлях з Дабраўлянаў да возера Свір ідзе праз балоты і лясы па сучаснай насыпной грунтоўцы. Паспрабуйце ўявіць, якая дарога была тут 200 гадоў таму і як па ёй Гюнтэры або іх госці выбіраліся ў касцёл мястэчка Свір. Турыст-раварыст, нават такі непрафесійны, як я, здольны праехаць дыстанцыю за пару гадзін. Але з абавязковым прыпынкам на возеры Свір. Затрымацца варта хаця б дзеля таго, каб адпачыць на беразе аднаго з найпрыгажэйшых вадаёмаў Беларусі. А я натрапіў на тое, што дарэмна шукаў у Нястанішках, — на вапняк! Пазней кавалак бела-жоўтага каменя, знойдзенага ў возеры, эксперт прызнаў даламітызаваным вапняком, які падыходзіць для літаграфіі. Значыць, сапраўды ў ваколіцах ёсць “радовішча Бахматовіча”. 

АД ВОЗЕРА ДА МЯСТЭЧКА 

Засталося толькі наведацца ў гарадскі пасёлак, каб адшукаць магілу мастака. Высветлілася, што ў Свіры занадта багата цікавых аб’ектаў. Таму гадзіны, адведзенай на агляд, аказалася мала. Паводле падання, Свір заснавалі яшчэ ў ХІІІ стагоддзі. Першы камень у падмурак мястэчка заклаў нібыта Даўмонт-Цімафей, будучы святы Рускай праваслаўнай царквы, а тады князь Нальшанскай зямлі. Нам ён больш вядомы як забойца першага і апошняга караля Літвы Міндоўга (каранаванага, верагодна, у Наваградку 6 ліпеня 1253-га). Аб тых часах нагадвае гарадзішча, з якога адкрываецца шыкоўны від, у цэнтры населенага пункта. Побач з гарадзішчам — Свята-Успенская царква (стараверскі храм пачатку ХХ стагоддзя) і некалькі камяніц, адна з якіх — былая карчма з шыкоўнымі разнымі драўлянымі дзвярыма. Далей па вуліцы Савецкай размешчаны касцёл Святога Мікалая (узведзены ў 1649—1653-м, а разбудаваны ў 1903—1909 гадах). Сёння звонку храма вядзецца рэстаўрацыя. Пры ім усталяваны бронзавы звон 1701 года, аздоблены надпісамі на кірыліцы і лацініцы. Артэфакт адлілі на замову віленскага біскупа Канстанціна Казіміра Брастоўскага. У 1982-м звон быў скінуты з вежы, перададзены ў музей і пасля вернуты касцёлу. 

Касцёл Св. Мікалая, Свір

Касцёл Св. Мікалая, Свір

МОГІЛКІ 

Каталіцкія могілкі, на якіх знайшоў апошні спачын Казімір Бахматовіч, знаходзяцца на паўночнай ускраіне мястэчка. Яны мала чым адрозніваюцца ад іншых, роўных векам. Старых помнікаў, хаця б з ХІХ стагоддзя, засталіся адзінкі. Большасць саступіла дарогу новым пахаванням, бо жывы арганізм могілак увесь час у руху. Пільны агляд камянёў і спробы расчытаць імёны мелі толькі той плён, што я даведаўся прозвішчы і пасады некалькіх ураднікаў Ашмянскага павета ХІХ стагоддзя. На жаль, пахаванне мастака не знайшлося. Развітваючыся з ценем Бахматовіча, я запаліў зніч у могілкавай каплічцы, які ў промнях вечаровага сонца ды на фоне неба, што імкліва цямнее, бачыўся мне надзвычай узрушальным. 

Амаль уся дарога назад пралягала праз ужо знаёмыя мясціны. Толькі блізу Вішнева я прыпыніўся, каб агледзець нядаўна адрэстаўраваную мецэнатам з Мінска капліцу ў гонар Яна Хрысціцеля. Выдатны прыклад прыватнай ініцыятывы. 

ПАДСУМАВАННЕ 

Ужо ў электрычцы, якая везла мяне ў Мінск, у думках падзякаваў таму, хто зрабіў восеньскі дзень такім кароткім. Калі б было лета, я б рушыў далей, вакол возера Свір. І там ёсць маёнткі ды касцёлы, старыя могілкі ды капліцы. І ў тых мясцінах жылі асобы, пра якіх варта распавесці. Але ўжо іншым разам. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ

Фота аўтара