Задача на 12 мільёнаў

У наступным годзе знакаміты сваімі мастамі горад прымае абласныя Дажынкі. Традыцыйна з такой нагоды плануюць не толькі шырокую культурную праграму, але і добраўпарадкаванне шэрагу аб'ектаў, якія фарміруюць аблічча населенага пункта. Галоўным з іх, безумоўна, стане будынак, у якім размяшчаюцца Мастоўскі раённы цэнтр культуры, Мастоўская дзіцячая школа мастацтваў, Мастоўскі раённы турыстычны інфармацыйны цэнтр, аддзел традыцыйнага мастацтва і рамёстваў. 

Гэтая пабудова, мабыць, самая прыкметная ў ансамблі галоўнай плошчы горада. Тры паверхі на 5 000 квадратаў агульнай плошчы ўведзены ў строй у 1993 годзе і маюць патрэбу ў рамонце. На першы погляд, велізарны будынак у поўным парадку. 

Але дырэктар Мастоўскага раённага цэнтра культуры Анастасія Купрыян кажа, што ёсць пытанні па працы вентыляцыі і каналізацыі. Будынак не адпавядае сучасным патрабаванням энергазберажэння і арганізацыі безбар’ернага асяроддзя. Малая зала патрабуе капітальнага рамонту: там працякае дах. Дзве асноўныя арганізацыі, якія эксплуатуюць будынак, — бюджэтныя. Адпаведна, фінансаванне маштабнага рамонту — клопат мясцовай улады. І яна не сядзіць склаўшы рукі. 

ВЫРАШАЦЬ ПРАБЛЕМЫ Ў КОМПЛЕКСЕ 

Намеснік старшыні Мастоўскага раённага выканаўчага камітэта Марына Давыдзік курыруе пытанні развіцця сацыяльнай сферы. Комплексна. І распавядае, што гарадская ўлада нацэлена адным махам вырашыць адразу дзве праблемы. Першая — капітальны рамонт будынка Раённага цэнтра культуры. Другая — адкрыццё ў Мастах новага сучаснага лічбавага кіназала замест дзейнага кінатэатра “Сучаснік”. 

— Па інвестыцыйнай праграме вобласці ўжо ўзгоднена выдзяленне 5,4 млн рублёў, — кажа кіраўнік. — На гэтыя сродкі да абласных Дажынак у 2024 годзе плануецца ажыццявіць рамонт даху і ліўневай каналізацыі, уцяпліць і афарбаваць фасад, добраўпарадкаваць прылеглую тэрыторыю. Акрамя таго, па праграме “Культура Беларусі” стварэнне лічбавай кіназалы ў Мастах прадугледжана ў тэрмін да 2025 года. Мы лічым мэтазгодным адкрыць яго ў малой зале Цэнтра культуры. Калі туды пяройдзе аддзел па кінаабслугоўванні, РЦК стане паўнавартасным шматфункцыянальным культурным комплексам. А будынак дзейнага кінатэатра плануецца перадаць прыватным інвестарам для стварэння забаўляльнага цэнтра. Сёння нашым дзецям і моладзі не хапае месцаў, дзе можна цікава арганізаваць вольны час. 

Па словах Марыны Давыдзік, праекціроўшчыкі пралічылі кошт усіх відаў работ, якія трэба зрабіць у будынку Раённага цэнтра культуры. Гэта не столькі знешні антураж, колькі інжынерныя камунікацыі, элементы будаўнічых канструкцый, сучаснае тэхнічнае абсталяванне. У выніку атрымалася даволі значная сума — каля 12 мільёнаў рублёў. Яна ўключае ў сябе некалькі этапаў рамонту будынка. У тым ліку і пераабсталяванне малой залы ў сучасную лічбавую кіназалу на 50 месцаў. 

АБ’ЕКТЫЎНАЯ РЭАЛЬНАСЦЬ 

Дырэктар КУКП “Мастыкінавідэасетка” Уладзімір Веліч прыехаў у Масты ў 1977 годзе пасля працы ў “Гроднааблкінавідэапракаце”. Усё яго жыццё звязана з кіно. Гарадскі кінатэатр “Сучаснік”, пабудаваны ў 1975 годзе, стаў для яго другім домам. Уладзімір Веліч успамінае, што ў сярэдзіне 1970-х кіно было галоўнай забаўкай у горадзе. Кінатэатр быў аснашчаны сучасным на тую пару кінаабсталяваннем. Кожная прэм’ера станавілася самай абмяркоўваемай з’явай культурнага жыцця Мастоў. Тады кіно ў “Сучасніку” круцілі з раніцы да позняга вечара. А аднойчы кіраўнік мясцовай мэблевай фабрыкі папрасіў арганізаваць дадатковыя начныя кінасеансы для работнікаў вячэрняй змены. Ідучы насустрач працоўнаму гледачу, фільмы паказвалі нават ноччу. 

З тых часоў шмат што змянілася. Першапачаткова зала кінатэатра была разлічаная на 560 месцаў. Гадоў 10 таму з-за паступовага зніжэння наведвальнасці “Сучаснік” рэканструявалі. Колькасць месцаў паменшылі да 250. Замест старых фанерных усталявалі мяккія крэслы, у два разы павялічылі прастору паміж радамі. Глядзець кіно стала нашмат камфортней. Эксперыментавалі тут і з паказамі стэрэафільмаў у фармаце 3D. Але паток гледачоў працягваў змяншацца… 

Многія гады калектыў “Мастыкінавідэасеткі” абслугоўвае насельніцтва горада і раёна. Сёння штатны расклад тут налічвае 8,5 адзінак. Гэта неабходны мінімум для выканання планавых задач. Кінапаказы ў “Сучасніку” праходзяць па суботах і нядзелях двойчы на дзень. На кожны прыходзіць у сярэднім па 20 гледачоў… 

Затое з панядзелка па пятніцу “Мастыкінавідэасеткі” арганізуюць выязныя кінапаказы ў аграгарадках раёна, васьмі школах і ў санаторыі “Энергетык”. Працуюць у адпаведнасці з рэпертуарным планам. Ён распрацаваны, па словах дырэктара, з улікам усіх узроставых груп і ўзгоднены з упраўленнем адукацыі раёна. Для гэтага выкарыстоўваюцца тры лічбавыя відэапраектары. 

У летні перыяд прадпрыемства таксама кінаабслугоўвае паўтары дзясяткі дзіцячых лагераў адпачынку. Паказвае ўсе фільмы, якія прадастаўляе КУП “Гроднааблкінавідэапракат”, і выконвае ўсе пастаўленыя задачы ў частцы дэманстрацыі айчыннага кіно і фільмаў патрыятычнай накіраванасці. У адпаведнасці з метадычнымі рэкамендацыямі Мінкульта і Мінадукацыі фарміруе праграму кіналекторыяў. 

Па словах Уладзіміра Веліча, адзіным выключэннем з сыходнага трэнду глядацкай актыўнасці за доўгія гады стаў паказ новага беларускага фільма “На другім беразе”. Яго дэманстравалі ў “Сучасніку” цэлы тыдзень кожны дзень. І кожны раз зала была поўная. Паказы прынеслі каля 3,8 тыс. рублёў. 

У той жа час Уладзімір Веліч лічыць, што паказы кінастужкі “На другім беразе” наглядна прадэманстравалі: наяўныя кінапраектары не дазваляюць перадаць зыходную якасць выявы фільма. Кажучы па-простаму, для кіназалы з экранам 10 на 3 метры і больш неабходныя прафесійныя лічбавыя кінапраектары з адпаведнымі якасцю аб’ектываў і магутнасцю лямпаў. У сучасных кінапраектарах для перадачы выявы на экран ужо выкарыстоўваецца лазер. Арыенціровачны кошт камплекта кіна- і гукавога абсталявання з актуальнымі тэхнічнымі характарыстыкамі складае каля 350 тысяч рублёў. 

ПРЫВАТНАЕ МЕРКАВАННЕ НЕЗАЦІКАЎЛЕНАГА НАЗІРАЛЬНІКА 

Райцэнтру з насельніцтвам 14,7 тыс. чалавек сёння наўрад ці патрэбны мультыплекс. Мяркуючы па наведвальнасці “Сучасніка”, Мастам аптымальна мець сучасную шматфункцыянальную кіназалу прыкладна на 50 месцаў. Прычым такую, дзе можна было б праводзіць не толькі кінасеансы, але і ўтульныя камерныя выступленні мясцовых талентаў. 

А будынак дзейнага гарадскога кінатэатра сапраўды было б выдатна прыстасаваць для забавы дзятвы і моладзі. Тым больш у ім ужо арандуе плошчы папулярная гарадская піцэрыя. Тут жа цалкам паспяхова працуе дыскатэка “Стыхія”. Але гэтае пытанне стане актуальным ужо пасля рашэння задач па капрамонце будынка Раённага цэнтра культуры і выканання задання дзяржпраграмы “Культура Беларусі” ў частцы лічбавізацыі кінапаказаў. 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота аўтара