Навагоднія цуды ў бібліятэцы

Апублiкавана: 26 снежня 2023 Нам пішуць Бібліятэкі Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

Новы год – гэта вясёлае свята для ўсіх людзей, пара цудаў, надзея на лепшае і вера ў казку. Кожны з нас у гэтыя дні не толькі чакае падарункі для сябе, але і рыхтуе сюрпрызы для сваіх блізкіх і знаёмых. Аднак, больш за ўсіх, гэта свята чакаюць дзеці.

Святочны настрой і адчуванне асобай казачнай атмасферы пастараліся стварыць для удзельнікаў бібліятэчных дзіцячых аматарскіх аб’яднанняў “Экалагічны буквар” і “Люстэрка” супрацоўнікі Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М.Кавалеўскага падчас навагодняй пазнавальна-забаўляльнай праграмы “Навагоднія цуды”. Сустрэла гасцей з навагоднімі віншаваннямі прыгажуня Снягурка. Завітала на ранішнік і праказніца Баба Яга з цікавымі конкурсамі, забавамі, гульнямі.

Асабліва падабалася хлопчыкам і дзяўчынкам “катацца” з Ягой на мятле. А, каб з’явіўся Дзед Мароз, і, каб атрымаць ад яго навагоднія падарункі, неабходна было выканаць складаныя заданні Бабы Ягі. Але школьнікі выдатна з імі справіліся, і хутка галоўны герой урачыстасці, Дзед Мароз, з’явіўся на свяце. Ёлачка засвяцілася рознакаляровымі агеньчыкамі. З задавальненнем дзеці са Снягуркай, Дзедам Марозам і Бабай Ягой вадзілі вакол ёлкі карагоды, спявалі і танцавалі, чыталі вершы. Словам, вяселле, азарт і добры настрой панавалі на навагоднім ранішніку. Дзед Мароз і Снягурка падарылі хлопчыкам і дзяўчынкам салодкія пачастункі і пажадалі ўсім прысутным не пераставаць марыць і тварыць дабро, шанаваць блізкіх, берагчы здароўе.

Спадзяёмся, што нашы маленькія чытачы змаглі акунуцца ў прыемную атмасферу свята і атрымалі масу станоўчых эмоцый на будучы год.

Жанна МАТЫСІК

бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК “Бераставіцкая раённая бібліятэка імя В.М.Кавалеўскага”