Бібліятэкары падарылі навагодні настрой вясковым чытачам

Апублiкавана: 28 снежня 2023 Нам пішуць Бібліятэкі Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

Бібліятэка ва ўсе часы лічылася асяродкам культуры, а праз чытанне людзі далучаліся да навукі і мастацтва, развіваліся, атрымлівалі новыя веды. Аднак бібліятэкі існуюць не ў кожным населеным пункце. 

У рамках працы аўтабібліятэкі стартавала навагодняя віншавальная акцыя “Кнігавічкі” для жыхароў маланаселеных і аддаленых вёсак.

Незвычайную святочную атмасферу стварылі бібліятэкары Астравецкай раённай бібліятэкі. Праехаліся па звычайным маршруце мясцовага бібліобуса Трайгі, Мікшаны, Дайлідкі і пабывалі ў гасцях у вяскоўцаў. Спецыялісты бібліятэчнай сістэмы, апранутыя ў касцюмы Дзеда Мароза, Снягуркі, гарэзлівага Снегавіка падарылі чытачам шчырыя віншаванні, паштоўкі і салодкія падарункі, а таксама добры настрой, прапанавалі падборку навагодніх кніжных навінак “Гартая навагоднія старонкі…”, падказалі кнігу па інтарэсах, параілі чытанне для душы.

Кожны такі візіт бібліобуса – гэта свайго роду падзея для сельскіх жыхароў, асноўная частка якіх – пенсіянеры. Прыезд бібліятэкараў дорыць не толькі станоўчыя эмоцыі жыхарам, але і павышае культурны ўзровень, пашырае кругагляд, дае магчымасць развівацца, бо прывоз літаратуры – гэта самыя эфектыўныя лекі для душы. 

Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ

бібліятэкар ДУК “Астравецкая раённая бібліятэка”