Мелодыя аб’яднання

Апублiкавана: 30 снежня 2023 Стужка Музыка Мінск Максіма маладых

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Зладжана прагучаў Маладзёжны беларуска-расійскі аркестр на сцэнах Беларускай дзяржаўнай філармоніі і маскоўскага Малога тэатра. Гэты праект Саюзнай дзяржавы адрадзілі сёлета пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР Юрыя Башмета.

У складзе ўнікальнага калектыву — 30 студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і 60 студэнтаў музычных ВНУ Расіі, якія прайшлі конкурснае праслухоўванне. Галоўная задума ў тым, каб юныя таленты набылі вопыт аркестравага выканальніцтва і канцэртных выступленняў, а арганізатары аб’ядналі намаганні па падтрымцы творчай актыўнасці ў Беларусі і Расіі. 

Саліруе Станіслаў Паўлаў

Упершыню ініцыятыву рэалізавалі ў 2008 годзе з мэтай павышэння прафесійнага ўзроўню маладых музыкантаў Саюзнай дзяржавы. У розныя гады з імі працавалі вопытныя дырыжоры дзвюх краін. Пачынаўся праект са школьнікаў, з часам стаў студэнцкім, цяпер здабыў статус моладзевага. Склад калектыву штогод абнаўляецца. Раней, да сёлетніх гастролей, выканаўцы збіраліся ў 2018 годзе для ўдзелу ў “Славянскім базары ў Віцебску”. За час існавання аркестра было падрыхтавана і з поспехам выканана шмат цікавых і разнастайных праграм. У рэпертуары — шырокае кола твораў ад шэдэўраў сусветнай класічнай музыкі да работ сучасных беларускіх і расійскіх кампазітараў. 

ЮНАЦТВА + СТАЛАСЦЬ 

Сёлета на канцэртах 20 і 22 лістапада прадставілі спадчыну Пятра Чайкоўскага: уверцюру-фантазію “Рамэа і Джульета”, арыю Ленскага з оперы “Яўген Анегін” (перакладанне для габоя), Канцэрт для скрыпкі з аркестрам (2-я частка), Сімфонію № 5. Таксама прагучалі Канцэрт для валторны з аркестрам (1-я частка) Рыхарда Штрауса і фантазія на тэму оперы “Кармэн” для ўдарных інструментаў Дзмітрыя Лук’янава. Саліравалі Дзмітрый Карнеенка (Беларусь, валторна), Фёдар Освар (Расія, габой), Станіслаў Паўлаў (Беларусь, скрыпка), Дар’я Барашкіна і Ганна Смірнова (Расія, ударныя інструменты). 

Юрый Башмет, у якога з нашай краінай шматгадовыя сувязі і які кожны год прыязджае ў Мінск з гастролямі, адзначыў, што праца з маладымі музыкантамі яго вельмі захапіла: 

— Я бачыў, як яны зараджаюцца ад сумеснай творчасці, і гэта выдатна. Праект знакавы, важны і патрэбны як мне, так і моладзі. Ігра ў аркестры неверагодна збліжае музыкантаў, робіць іх адзіным арганізмам, і я ўпэўнены, што такі вопыт запомніцца ўсім. Выдатна, што маладыя таленты аб’ядналіся ў калектыў, каб спачатку прайсці праз няпросты рэпетыцыйны перыяд, а затым выступіць з канцэртамі ў Маскве і ў Мінску. Напэўна, гэтыя выступленні — не аднаразовая акцыя. Можам і па Расіі, і па Беларусі гастраляваць — няхай моладзь лепш пазнае нашы краіны. 

ТВОРЧЫ ПРАЦЭС 

Адзін з удзельнікаў праекта Саюзнай дзяржавы — Дзмітрый Карнеенка. Студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі вучыцца на 5 курсе аркестравага факультэта (кафедра медных духавых і ўдарных інструментаў). 

— Неяк мой педагог падзялілася навіной, што будзе праходзіць праслухоўванне ў Маладзёжны аркестр, — распавядае Дзмітрый гісторыю свайго ўдзелу ў праекце. — Мяне зацікавіла ідэя, таму вырашыў паспрабаваць сілы. Падрыхтоўка заняла каля тыдня. Што тычыцца твораў, якія належала іграць, жорсткія патрабаванні адсутнічалі, але пажадана было ўзяць нешта з класікі. Таму падчас адбору я выканаў на валторне першую частку Першага канцэрта Рыхарда Штрауса. Я вельмі ўдзячны, што адмыслоўцы спыніліся менавіта на маёй кандыдатуры. 

З 15 па 19 лістапада мы рэпеціравалі — па 6-8 гадзін на дзень, паколькі ў мяне была сольная партыя, прайшло яшчэ два карысныя заняткі з маскоўскім педагогам, рэпетыцыя з аркестрам у дні падрыхтоўкі, а таксама перад канцэртамі. У астатні час я займаўся самастойна. Працэсу спадарожнічала пазітыўная творчая атмасфера, удалося пазнаёміцца з іншымі музыкантамі. 

Дзмітрый Карнеенка 

Падчас самога канцэрта я іграў толькі адну частку. На маім творы аркестрам дырыжыраваў Мікалай Цынман. Але паколькі раней я не ўдзельнічаў у такіх маштабных мерапрыемствах, адчуваў вялікую адказнасць. Па маіх адчуваннях, у Мінску канцэрт атрымаўся больш атмасферным з-за акустыкі ў зале, але эмацыйна прасцей было выступаць у Маскве. 

Сольная ігра з сімфанічным аркестрам моцна адрозніваецца ад выканання камернай музыкі. Наведваючы групавыя рэпетыцыі, я зразумеў, як яны павінны праходзіць, як трэба ўзаемадзейнічаць з дырыжорам. Вельмі рады і ўдзячны, што перад выпускам з Акадэміі музыкі з’явілася магчымасць убачыць сапраўдны творчы працэс падрыхтоўкі і паўдзельнічаць у такіх значных канцэртах. 

МУЗЫЧНЫ КАНТАКТ 

Станіслаў Паўлаў, пяцікурснік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (аркестравы факультэт, кафедра струнных смычковых інструментаў) таксама з удзячнасцю згадвае праект Саюзнай дзяржавы — Маладзёжны сімфанічны аркестр: 

— Ад беларускага боку ў калектыве было 30 студэнтаў з нашай акадэміі. У праслухоўванні маглі паўдзельнічаць усе ахвотныя, але адбіралі ў Маладзёжны аркестр па пэўных тэхнічных і музычных крытэрыях. 

На падрыхтоўку праграмы выдзелілі тыдзень, цягам якога ладзіліся штодзённыя шматгадзінныя рэпетыцыі. Калегі з Расіі былі ветлівыя, ніхто не адмаўляў у дапамозе. І сапраўднага музычнага кантакту, на маю думку, удалося дасягнуць ужо на трэці дзень! Я быў шчаслівы, калі даведаўся, што папрацую з Юрыем Абрамавічам Башметам не толькі ў ролі канцэртмайстра аркестра, але і ў якасці саліста. Рэпетыцый у мяне было зусім няшмат, але кожная праводзілася на самым высокім узроўні. Таму і на выступленнях усё выглядала прафесійна. 

Першае — прайшло ў Малым тэатры ў Маскве, пасля мы прадставілі праграму на роднай сцэне ў Белдзяржфілармоніі. Іграць і там, і там было прыемна і ганарова! Удзел у міждзяржаўным праекце мне як салісту, канцэртмайстру і аркестранту даў магчымасць назапасіць вопыт, павучыцца валодаць сабой. 

Выступленні Маладзёжнага беларуска-расійскага аркестра адбыліся пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі. 

Настасся ЮРКЕВІЧ 

Фота з архіваў герояў