Канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024–2026 гады зацверджана ў Беларусі. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў нумар 961 ад 28 снежня 2023 года.
У дакуменце сістэмна выкладзены падыходы да мэт, задач, прынцыпаў і асноўных напрамкаў развіцця нацыянальнай культурнай прасторы Беларусі.
Як адзначаецца, развіццё нацыянальнай культурнай прасторы накіравана на захаванне гістарычнай памяці беларускага народа, яго нацыянальна-культурнай самабытнасці, рэалізацыю інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу нацыі, актыўнае ўцягванне грамадзян у культурнае жыццё краіны пры захаванні культурнай разнастайнасці і адкрытасці да вынікаў творчай дзейнасці іншых народаў, лепшым узорам сусветнай культуры, якія маюць важнае сацыяльна-культурнае значэнне, носяць высокамастацкі і высокамаральны характар.
У дакуменце, у прыватнасці, вызначаны асноўныя прынцыпы развіцця нацыянальнай культурнай прасторы, устаноўлены механізмы рэалізацыі Канцэпцыі па асобных напрамках.
Напрыклад, для захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны, нацыянальных традыцый і звычаяў плануецца ў тым ліку павялічыць уцягнутасць насельніцтва краіны мерапрыемствамі, якія фарміруюць патрыятычныя каштоўнасныя арыентацыі. У краіне маюць намер папулярызаваць падзеі і асобы, якія адзначыліся значным укладам у станаўленне беларускай дзяржаўнасці. Згодна з дакументам, плануецца рэалізоўваць мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне культуры вуснага і пісьмовага маўлення на дзяржаўных мовах у дзяржустановах, арганізацыях гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, СМІ.
Акрамя таго, размова ідзе аб укараненні ў работу ўстаноў і арганізацый усіх форм уласнасці практыкі святкавання дзяржаўных і сучасных беларускіх свят, правядзенні грамадзянскіх рытуалаў з выкарыстаннем нацыянальных традыцый, уцягванні адрэстаўраваных і закансерваваных гісторыка-культурных каштоўнасцей у культурны і турыстычны абарот.
Таксама агаворваецца, як будуць прасоўваць і развіваць нацыянальную мастацкую культуру і мастацтва, за кошт чаго будуць дасягаць рэпрэзентацыі нацыянальнай культуры Беларусі ў інфармацыйным і лічбавым асяроддзі.
Дакументам таксама вызначаны механізмы і для развіцця культуры побыту, грамадскіх адносін і вытворчасці, а таксама для культурнага развіцця рэгіёнаў.
Вынікамі рэалізацыі Канцэпцыі бачыцца мэтанакіраваная дзяржаўная культурная палітыка, арыентаваная на захаванне адзінства беларускага народа і забеспячэнне далейшай кансалідацыі беларускага грамадства, а таксама ўмацаванне незалежнай беларускай дзяржавы і фармаванне нацыянальнага чалавечага капіталу.
Міністэрству культуры даручана зацвердзіць план мерапрыемстваў па рэалізацыі Канцэпцыі і забяспечыць каардынацыю адпаведнай работы.