Трагічныя эпізоды і радасць перамог

Апублiкавана: 05 студзеня 2024 Стужка Музеі Гомель і вобласць

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Гомель адсвяткаваў 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэты юбілей знакавы для кожнага беларуса, а не толькі для жыхароў горада над Сожам: населены пункт стаў першым абласным цэнтрам у рэспубліцы, з якога выгналі гітлераўцаў. 

Абласная ўніверсальная бібліятэка імя У. І. Леніна да 80-годдзя Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі і дэакупацыі Гомеля прымеркавала выставу “Гартаючы старонкі памяці”. Экспазіцыя размясцілася ў музеі рэдкай кнігі. Там дэманструюцца прадметы з фондаў бібліятэкі і з прыватнай калекцыі Аляксандра Шаліпава. Увазе наведвальнікаў прапанавалі сатырычнае выданне “Раздавім фашысцкую гадзіну”, фотаздымкі чырвонаармейцаў і франтавыя лісты. Такім чынам, ахвотныя могуць убачыць артэфакты, што сведчаць пра мужнасць абаронцаў і трагізм ваеннага часу. Яшчэ адзін праект да адметнага юбілею бібліятэка ажыццявіла разам з Нацыянальным архівам і абласным архівам грамадскіх аб’яднанняў. Дакументы, кнігі, артыкулы з перыядычных выданняў і зборнікаў прадстаўлены ў межах ініцыятывы “Гомельскі полк народнага апалчэння: гісторыя, подзвіг, памяць”. Экспазіцыя, прысвечаная гераічнай абароне горада летам 1941-га, расказвае пра адвагу ды патрыятызм людзей, што сталі на варту і сем дзён утрымлівалі варожы націск. 

Таксама да 80-годдзя вызвалення абласнога цэнтра прымеркавалі паказ спектакля “Трыбунал” па п’есе Ан¬ дрэя Макаёнка. Пастаноўка папоўніла рэпертуар народнага аматарскага тэатра “Грачи”, у якім граюць супрацоўнікі бібліятэкі. Твор народнага пісьменніка БССР з поспехам увасобілі на галоўных сцэнах краіны, у замежжы — і вось сваю версію прапанавалі самадзейныя артысты. А месцы ў глядзельнай зале заняла навучэнская моладзь горада. 

“Гомельшчына ў агні вайны” — праект пад такой назвай прэзентавалі ў Абласным музеі ваеннай славы. Сумесна з пракуратурай і Дзяржаўным архівам рэгіёна ўстанова падрыхтавала экспазіцыю, што распавядае пра барацьбу за вобласць, а таксама пра генацыд беларускага народа ў гады вайны. 

— Мы звяртаемся да тых суровых дзён, каб аддаць належнае мужнасці і самаахвярнасці нашых продкаў, — адзначыў падчас адкрыцця выставы дырэктар Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці Андрэй Сушчэвіч. — Цяпер як ніколі неабходная праўда пра Вялікую Айчынную вайну. І знайсці яе можна ў дакументах, фотаздымках, успамінах сведак. Такія матэрыялы абавязкова мусяць быць прадстаўлены шырокай грамадскасці. 

Пра лёс дзяцей на тэрыторыях, акупаваных нацыстамі, расказвае фотадакументальная экспазіцыя ў палацы Румянцавых і Паскевічаў. “Скрадзенае дзяцінства” — чацвёртая выстава з серыі, прысвечанай трагічным эпізодам Вялікай Айчыннай вайны на Гомельшчыне. Праект рэалізаваны за кошт гранта Прэзідэнта. 

У паўднёвай галерэі паказаны фотакалажы на аснове фондавых матэрыялаў музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, краязнаўчых музеяў рэгіёна, архіваў, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, пракуратуры. Праект раскрывае біяграфіі дзяцей, апісвае перасыльна-размеркавальныя лагеры, наступствы ліхалецця і стварэнне дзіцячых дамоў. 

А на ўваходзе ў палацава-паркавы ансамбль разгарнулася выстава пад адкрытым небам “80 гадоў міру і стварэння”. Больш за 40 палотнаў расказваюць пра розныя эпізоды з мінуўшчыны горада. У экспазіцыі скарыстаны матэрыялы мясцовых музеяў і архіваў. На некаторых плакатах даступныя QR-коды, па якіх можна перайсці да відэасюжэтаў пра генацыд беларускага народа ў гады вайны і пра бітву за Гомель.

Данііл ШЭЙКА