Ствараючы прыгажосць жыцця

Віцебскі ансамбль “На ростанях” — адносна малады калектыў. Ён існуе крыху больш за 15 гадоў, але ўжо мае званні “Народны аматарскі калектыў” і “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. Пастаянная прапіска — у паўночнай сталіцы, аднак з канцэртамі і гастролямі артысты аб'ехалі шмат замежных гарадоў. 

У жыцці здараюцца хвіліны, калі чалавек стаіць перад выбарам. І творчасць дапамагае знайсці аптымальнае рашэнне. Яна настройвае на пазітыў, лічаць у віцебскім ансамблі “На ростанях”. Члены калектыву — маладыя людзі, навучэнцы каледжа культуры і мастацтваў, якія яшчэ знаходзяцца на ростанях. Адны, заканчваючы вучобу, усё жыццё прысвячаюць мастацтву, хтосьці спрабуе шукаць сябе ў іншай прафесіі, але працягвае рэалізоўваць свае здольнасці ў мастацкіх калектывах. Час, праведзены ў “На ростанях”, — перыяд фармавання характару юнакоў і дзяўчат, выхавання мэтанакіраванасці і працавітасці. 

За гады існавання колькасць удзельнікаў павялічылася з 12 да 33, узрост — ад 15 да 25 гадоў. Ансамбль уключае некалькі груп: асноўны склад — старэйшыя курсы, падрыхтоўчая група — першакурснікі. На занятках яны працуюць над манерай выканання нумароў, пластычнасцю, сінхроннасцю, удасканальваюць тэхніку і майстэрства. 

Ідзе работа над хуткасцю выканання рухаў і камбінацый, над правільнасцю падачы танцавальных нумароў на сцэне, вывучаецца мужчынская і жаночая тэхнікі, вярчэнні, падтрымкі. Аснова, на якой трымаецца “На ростанях”, — калектывізм і добразычлівыя адносіны, пачуццё адказнасці за агульную справу, здольнасць успрымаць і ствараць прыгожае. Удзельнікі калектыву не проста выканаўцы, але і аднадумцы, якія прапануюць свае рашэнні, сваё бачанне танцавальных нумароў. 

У рэпертуары — танцы мэтраў харэаграфічнага мастацтва Івана Серыкава, Леаніда Барадулькі, пастаноўкі кіраўніка ансамбля Сяргея Ракоўскага, які ў сваёй творчасці абапіраецца на народныя вытокі, пераносячы іх у дзень сённяшні. Мастацтва харэаграфіі патрабуе вялікіх намаганняў. “На ростанях” ужо не раз даказваў сваё майстэрства. На фестывалях заўсёды заваёўвае мінімум другое месца, а часцей за ўсё першае. 

У 2020 годзе ансамбль быў запрошаны на ўрачыстыя мерапрыемствы да Дня Незалежнасці ў Мінск і ў Маскву на адкрыццё грамадска-культурных і спартыўных мерапрыемстваў ІІ Еўрапейскіх гульняў. У 2021-м удзельнічаў у канцэртнай праграме на Усебеларускім народным сходзе. Праз год выступаў на Усерасійскім музычным фестывалі імя М.І. Глінкі ў Ельні, у культурных мерапрыемствах Дзён Віцебскай вобласці ў Пскове, у міжнароднай сустрэчы дэлегацый Беларусі, Расіі і Латвіі на Кургане Дружбы (Верхнядзвінскі раён). 

“На ростанях” — адзіны запрошаны калектыў з Рэспублікі Беларусь, які прыняў удзел ва ўрачыстым закрыцці рэалізацыі Міждзяржаўнай праграмы “Каракол — культурная сталіца Садружнасці 2022 года” ў Кыргызстане. 

Ансамбль “На ростанях” — малады, мэтанакіраваны калектыў, які здабыў прафесійнае прызнанне і мае вялізны стваральны патэнцыял. Ён з натхненнем і надзеяй глядзіць у будучыню: заўсёды ў творчым пошуку, з новымі цікавымі праектамі і планамі на далейшую гастрольную дзейнасць. Хлопцы і дзяўчаты ведаюць, чаго хочуць дабіцца ў свеце танца. І галоўнае — гэтыя артысты кожны дзень растуць над сабой, становячыся мацнейшымі і больш прафесійнымі. 

Ганна САКАЛОВА 

Фота з архіва калектыву