Служыць Радзіме

Апублiкавана: 24 студзеня 2024 Стужка Афіцыйна Мінск Падзеі

Аўтар: Аўтары

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў прэміі “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва. Высокае прызнанне атрымалі людзі, што сваёй творчасцю, падзвіжніцкай дзейнасцю аддана служаць краіне і народу. Іх праца спрыяе ўмацаванню духоўных каштоўнасцей і развіццю традыцый. 

Рэспубліканскае свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) даўно сталася сапраўдным культурным брэндам нашай краіны. Штогод тысячы гасцей, прафесійных і самадзейных артыстаў, творчых калектываў і майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва збіраюцца на маляўнічым беразе Дняпра ля аграгарадка Александрыя Шклоўскага раёна. Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў леташнім прывітанні ўдзельнікам свята, менавіта ў гэтым месцы падчас фэсту надзвычай моцна б’ецца пульс тысячагадовай гісторыі беларускай зямлі. Яна выяўляецца ў творчасці майстроў, у мелодыях народных песень, у сюжэтах старажытных абрадаў, у чараўніцтве купальскай ночы. Што важна, свята не толькі ўвасабляе каштоўнасць гістарычнай памяці, але і сцвярджае важнасць дыялогу між культурамі, згоды і сяброўства братніх народаў. 

Летась Александрыю наведалі каля 80 тысяч чалавек. Штогод крэатыўныя навінкі для гасцей Прыдняпроўскага краю прыдумвае калектыў Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы на чале з дырэктарам Алегам Хмяльковым. Маштабнае купальскае свята — толькі адна са шматлікіх спраў установы. Цэнтр ладзіць мноства іншых фестываляў, свят і конкурсаў рознага ўзроўню, займаецца метадычным забеспячэннем мерапрыемстваў па захаванні і прапагандзе нематэрыяльнай спадчыны, кансультуе культработнікаў рэгіёна, развівае міжнародныя сувязі, распрацоўвае сцэнарыі, выпускае карысную друкаваную, аўдыя- і відэапрадукцыю. За значны ўклад у захаванне культурнай спадчыны і за рэалізацыю рэспубліканскага свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) установа адзначана прэміяй “За духоўнае адраджэнне”. 

Свята-Пакроўскі жаночы манастыр у Талачыне заснаваны пры аднайменным храме ў ХVII стагоддзі. Ён па праве лічыцца адной з жамчужын беларускага дойлідства. Цудоўны помнік віленскага барока стаўся не толькі месцам малітвы, але і значным пунктам на культурнай карце нашай краіны. 

Апошнімі гадамі пры манастыры адрэстаўраваны Свята-Пакроўскі храм. На тэрыторыі ўзведзены капліцы, хрысцільня з купеллю, двухпавярховы дом прычту, духоўна-асветніцкі цэнтр. Другое жыццё абіцель атрымала ў тым ліку намаганнямі настаяцельніцы ігуменні Анфісы (Любчак). Яе працай да аднаўлення комплексу ўдалося прыцягнуць не толькі дзяржаўнае фінансаванне, але і дапамогу прыхаджан і мецэнатаў. Дзякуючы веры і руплівасці ігумення змагла вырашыць нямала пытанняў, з’яднаць вакол святыні мноства людзей дзеля важнай справы. 

За вялікі асабісты ўклад ва ўмацаванне духоўных каштоўнасцей, культурнае і маральнае выхаванне дзяцей і моладзі, актыўны ўдзел у адраджэнні культурна-гістарычных каштоўнасцей Віцебшчыны ігумення Анфіса (Любчак) удастоена прэміі “За духоўнае адраджэнне” 2023 года. 

За плённую дзейнасць у грамадзянска-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення прэмія прысуджана калектыву Полацкага кадэцкага вучылішча. Гэтая ўстанова створана ў 2010-м, але карані яе насамрэч значна глыбейшыя. Вучылішча пераняло ў спадчыну традыцыі кадэцкага корпуса, які дзейнічаў у старадаўнім горадзе ў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. 

Самаадданае служэнне Айчыне, вернасць доўгу, патрыятызм, глыбокія веды і моцная эрудыцыя, гонар, таварыскасць — гэтыя якасці заўсёды ўзрошчвалі ў выхаванцах. Прывіваюць іх будучым абаронцам і сёння. Выпускнікі вучылішча паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы сістэмы нацыянальнай бяспекі. З гэтых сцен выходзяць сапраўдныя грамадзяне, гатовыя служыць у розных падраздзяленнях і часцях, гатовыя абараняць Радзіму. 

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр “Маці і дзіця” паўстаў у лістападзе 2004 года. У якасці падмурку ён атрымаў найлепшыя здабыткі трох лячэбна-прафілактычных і даследчых устаноў, дзе працавалі некалькі пакаленняў таленавітых дактароў. Цэнтр сабраў магутныя рэсурсы для аховы мацярынства і дзяцінства, падрыхтоўкі кадраў, развіцця навукова-інавацыйнай дзейнасці. Сёння ва ўстанове выкарыстоўваюць высокатэхналагічныя віды дапамогі па акушэрстве, неанаталогіі, педыятрыі і ў сферы медыцынскай генетыкі. Да прыкладу, адмыслоўцы першымі ў рэспубліцы ўкаранілі метады малаінвазіўнай хірургічнай карэкцыі паталогіі плода. 

Гомельскі гарадскі цэнтр інклюзіўнай культуры — унікальнае месца, дзе даказваюць: людзі з інваліднасцю здольныя выступаць на сцэне ды ствараць рукатворную прыгажосць. Установа яднае амаль паўтысячы чалавек рознага ўзросту. Самаму малодшаму з іх споўнілася 3 гады, а найстарэйшай наведвальніцы — 90. Для людзей з рознымі відамі інваліднасці даступныя клубныя фарміраванні розных жанравых кірункаў. Гэта аб’яднанні тэатральнага, выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, харэаграфічныя калектывы, тэатр жэставай песні ды іншыя згуртаванні. 

За правядзенне каравай-фэсту “Бацькава булка” і за значны ўклад у рэалізацыю творчых праектаў па зберажэнні традыцыйнай культуры спецыяльную прэмію Прэзідэнта атрымаў аўтарскі калектыў: Вольга Багдановіч, Аляксандр Вярсоцкі і Алена Чыкава. 

Каравай-фэст “Бацькава булка” ў Свіслачы — маладое свята, але ўжо здабыло славу сярод нашых суайчыннікаў. Яго ідэя нарадзілася пасля візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на мясцовую вытворчасць хлебабулачных вырабаў. Кіраўнік дзяржавы пакаштаваў духмяную пляцёнку па даўнім рэцэпце і пакінуў выдатны водгук пра пачастунак. Пляцёнка набыла неверагодную папулярнасць. І сёння “Бацькава булка” застаецца запатрабаваным ласункам. 

Аднайменны каравай-фэст накіраваны на развіццё сучаснай беларускай культуры, папулярызацыю традыцый. Пакаштаваць усялякай смакаты, пазнаёміцца з творчасцю рамеснікаў, паўдзельнічаць у інтэрактыўных праграмах ды атрымаць асалоду ад музыкі розных часоў і жанраў у райцэнтр прыязджаюць сотні турыстаў. Традыцыйна на свяце збіраюцца найлепшыя пекары. На конкурсе “Бацькаўшчына” яны прэзентуюць караваі з тэматычным аздабленнем, пано з харчовых матэрыялаў і фігурныя вырабы з цеста. Усе кампазіцыі ўяўляюць сабой не толькі цудоўныя пачастункі, але і сапраўдныя арт-аб’екты, прысвечаныя роднаму краю. 

Высокай узнагароды ўдастоены таксама заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны духавы аркестр “Віціны” Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Калектыў утвораны ў сярэдзіне мінулага стагоддзя і з таго часу вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, прычыняецца да шматлікіх грамадска-культурных праектаў. 

Пад кіраўніцтвам настаўніка Аляксандра Нічыпаровіча аркестр дасягнуў высокага выканальніцкага ўзроўню і заваяваў прыхільнасць публікі. У складзе калектыву — музыканты рознага ўзросту і прафесій. Яны з ахвотай узбагачаюць рэпертуар творамі розных стыляў і жанраў. Такая размаітасць набыткаў дазваляе заваёўваць узнагароды абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў. Прыкладам, у скарбонцы “Віцінаў” ёсць Гран-пры фестывалю “Кубак Масковіі”, дыпломы “Беларускіх фанфараў”, “Пецярбургскай вясны” ды іншых буйных форумаў. 

Нагадаць краіне і свету пра бесчалавечы твар нацызму — такую мэту паставілі журналісты з Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі і Беларускага тэлеграфнага агенцтва, а таксама Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь. Вынікам супрацоўніцтва сталі значныя праекты па захаванні гістарычнай памяці і праўды пра Вялікую Айчынную вайну. 

Мастацка-публіцыстычны цыкл “Генацыд. Без права на жыццё” распавёў гледачам тэлеканала “Беларусь 1” пра злачынствы нацыстаў і іх памагатых у дачыненні да мірных жыхароў на акупаванай тэрыторыі. Праект заснаваны на матэрыялах крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай і пасляваенны перыяд. Некаторыя матэрыялы дагэтуль знаходзіліся пад грыфам “сакрэтна”. 

Гісторыі малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, запісаныя цягам расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе, увайшлі ў кнігу “Апошнія сведкі” — сумесны праект Генпракуратуры і БЕЛТА. Акрамя таго, матэрыялы апублікаваныя на рэсурсах агенцтва. Героі бачылі жахі ліхалецця на свае вочы. Яны былі сведкамі забойстваў і здзекаў. І менавіта іх дзіцячыя ўспаміны мусяць звярнуць увагу кожнага беларуса на сапраўднае аблічча вайна, на жорсткасць і бязлітаснасць нацыстаў. 

За развіццё найлепшых традыцый і дасягненняў нацыянальнага мастацтва, актыўны ўдзел у мерапрыемствах патрыятычнай тэматыкі спецыяльная прэмія Прэзідэнта прысуджана заслужанаму аматарскаму калектыву Рэспублікі Беларусь узорнаму тэатру эстраднай песні “Сябрынка”. Яго гісторыя пачалася ў 2015-м. За гады існавання гурт назапасіў багаты рэпертуар, у тым ліку болей за дзясятак аўтарскіх твораў. Асаблівае месца сярод іх займаюць патрыятычныя песні. 

У калектыве займаюцца дзеці ад 3 да 18 гадоў. Яны падзеленыя на падрыхтоўчы і канцэртны склады. Да апошняга — высокія патрабаванні, бо тэатр выступае на вядучых пляцоўках сталіцы і ўсёй краіны. Выхаванцы ў будучым абіраюць творчыя прафесіі, дасягаюць вышынь на прэстыжных спаборніцтвах. А пачынаецца ўсё з таго, што мастацкі кіраўнік Таццяна Трухан прывівае падапечным пачуццё любові да Радзімы, навучае бачыць прыгажосць. 

Спецыяльная прэмія за значны ўклад у захаванне і папулярызацыю славянскай культуры ўручана Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя М. Горкага і Іване Жыган. Летась сербская рэжысёрка і актрыса паставіла на мінскай сцэне “Ідыёта”. “Дастаеўскі заўсёды быў актуальны, але сёння, як ніколі, нам патрэбныя духоўныя навукі яго Князя Мышкіна — супергероя славянскай цывілізацыі. У адрозненне ад Супермена захаду, які прапануе нам свае мускулы, Супермен, і да таго ж яшчэ і князь Дастаеўскага, дорыць нам сваё Сэрца”, — піша пра сваю работу творца. “І драма, і камедыя ў 2-х дзеях” ужо паспела сабраць шэраг узнагарод. Пастаноўка стала лаўрэатам Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў намінацыі “Найлепшы спектакль тэатра драмы”, заваявала Гран-пры ХХІ Міжнароднага форуму “Залаты Віцязь”. І гэта не першы досвед працы Іваны Жыган у нашай краіне. Раней, у 2015-м, яна прэзентавала пастаноўку “Белыя жураўлі” ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. 

Уладальніца моцнага сапрана Настасся Масквіна служыць салісткай Вялікага тэатра Беларусі з 2002 года. Яркі талент, шчырасць і абаяльнасць спявачкі выклікалі любоў шматлікіх прыхільнікаў музычнага мастацтва. Яна пастаянная ўдзельніца гала-канцэртаў да значных дат. Народная артыстка прэзентуе айчыннае опернае мастацтва на міжнародных падмостках, выхоўвае новае пакаленне спевакоў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, з’яўляецца членам журы буйных конкурсаў. 

Сярод лаўрэатаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта — майстар народных музычных інструментаў Руслан Макарэвіч. Хлапчуком ён вучыўся ў музычнай школе па класе фартэпіяна. І хоць пазней абраў прафесію інжынера, творчасць не кінуў: выступаў разам з інстытуцкім аркестрам, а пасля атрымання дыплома сумяшчаў працу з незвычайным хобі — вырабам інструментаў. Неўзабаве захапленне стала асноўным заняткам Руслана Макарэвіча. Сёння разам з памочнікам у майстэрні ён стварае розныя віды балалаек і домраў, а таксама аказвае паслугі па рамонце. Дзейнасць адмыслоўца запатрабаваная ў дзіцячых музычных школ, каледжаў мастацтваў, устаноў культур і студэнтаў ВНУ з усёй Беларусі. 

Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта ўганаравана метадыст Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Алена Шунейка. Высокае прызнанне атрымала яе праца па захаванні традыцый вырабу габеленаў. Вядомая майстрыца больш за 40 гадоў прысвяціла рамяству. Яна працягвае справу свайго бацькі Фелікса Антонавіча, які вырабіў адзіны ў краіне вертыкальны ткацкі станок, і працуе ў адметных тэхніках падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва. 

Разнастайныя габелены, дэкаратыўныя пано, акварэлі — цяжка падлічыць колькасць твораў у партфоліа мастачкі. Яе набытак упрыгожвае інтэр’еры храмаў і грамадскіх будынкаў, музейныя экспазіцыі. Сваё майстэрства Алена Феліксаўна перадае вучням, прыкладае шмат намаганняў для захавання і папулярызацыі традыцыйнага мастацтва. Летась за кошт гранту Прэзідэнта разам з калегамі майстрыца рэалізавала праект “Ад прадзіва да ткацтва” па адраджэнні народных тэхналогій і іх выкарыстанні ў сучаснай працы. 

Многія творы аўтарства паэткі-песенніцы Ганны Сялук ужо сталіся народнымі хітамі. Кампазіцыі на яе словы ўзбагацілі рэпертуар Руслана Аляхно, арт-гурта “Беларусы”, Вікторыі Алешка, Алены Ланской ды іншых яркіх салістаў і калектываў. Ці не кожная работа прасякнута моцнай любоўю да роднага краю, жыццялюбствам, захапленнем нашымі слаўнымі папярэднікамі і выдатнымі сучаснікамі. Нямала песень прысвечана каханню, а некаторыя творы поўняцца светлым і добрым гумарам. А летась Ганна Сялук атрымала дыплом у намінацыі “Найлепшы аўтар слоў” на конкурсе “Песня года Беларусі”. Адметна, што ўзнагарода з кожным днём знаходзіць пацвярджэнне ў слухацкай любові. 

За значныя дасягненні ў патрыятычным выхаванні моладзі, актыўны ўдзел у грамадска-палітычных і культурных мерапрыемствах спецыяльнай прэміяй ўзнагароджаны 1-я і 2-я роты ганаровай варты і аркестр ганаровай варты Мінскай ваеннай камендатуры. Ніводная падзея з першымі асобамі краіны не абыходзіцца без афіцэраў і салдат гэтага падраздзялення. Вайскоўцы ўзорна выконваюць страявыя прыёмы. А кожнае іх выступленне арыгінальнае. Акрамя таго, падраздзяленне ўдзельнічае ва ўскладанні вянкоў да помнікаў і манументаў, ушанаванні памяці значных асоб, абаронцаў Айчыны. Рота ганаровай варты з’яўляецца візітоўкай нашай краіны, прычыняецца да ўрачыстасцей не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. 

Алесь ДАНІЛОВІЧ