Музыку прапускаць праз сябе

Апублiкавана: 31 студзеня 2024 Стужка Музыка Мінск Максіма маладых

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Кірыл Буланаў упершыню ўзяў у рукі акардэон у сямігадовым узросце. Цяпер хлопцу дзевятнаццаць і, дзякуючы ўпартай працы, у яго хапае прычын для гонару. Да прыкладу, не так даўно ён стаў стыпендыянтам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, а таксама годна прадставіў нашу краіну на IX Міжнародным фестывалі-конкурсе выканаўцаў на клавішным акардэоне “Акардэанісіма”. Пра вучобу ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, любімых настаўнікаў і мэты на будучыню — у інтэрв’ю з маладым талентам.

— Кірыл, як у вас праявілася цікавасць да музыкі? 

— Памятаю, як па тэлевізары ўбачыў выступленне папулярнага акардэаніста Пятра Дрангі — уразіў яго артыстызм і віртуознае валоданне інструментам. А ў музычную школу мяне прывёў дзядуля. Неўзабаве на вітрыне крамы я ўбачыў чорны акардэон, які потым мне купілі. Крыху пазней я пачаў дадаткова займацца і на фартэпіяна, на якім удасканальваю сваю ігру і па сёння. 

Кірыл Буланаў

Кірыл Буланаў

— Вы першакурснік Акадэміі музыкі па спецыяльнасці “музычна-інструментальнае мастацтва (баян, акардэон)”. Чаму вырашылі атрымаць вышэйшую адукацыю менавіта тут? 

— За некалькі гадоў да паступлення я стаў прыязджаць на кансультацыі, якія штогод праводзяць педагогі акадэміі. Мне давялося пазаймацца з Лідзіяй Віктараўнай Скачко — першым прарэктарам гэтай навучальнай установы, дацэнтам кафедры баяна і акардэона. Пасля заняткаў я быў пад вялікім уражаннем і зразумеў, што хачу развіваць свае навыкі менавіта пад яе кіраўніцтвам. 

— Сярод мноства выступленняў — якія запомніліся больш за ўсё? 

— Ніколі не забуду перамогу на Рэспубліканскім конкурсе выканаўцаў на народных інструментах імя І. І. Жыновіча, які праходзіў у Лідзе ў 2021-м. У маёй намінацыі былі канкурсанты з устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўсіх курсаў, дзе я, будучы навучэнцам другога, стаў лаўрэатам 3 ступені. 

Лідзія Скачко са сваімі вучнямі Іванам Волчакам (злева) і Кірылам Буланавым (справа)

Лідзія Скачко са сваімі вучнямі Іванам Волчакам (злева) і Кірылам Буланавым (справа)

Вядома, ярка адбіўся ў памяці і мой сольны канцэрт, які праходзіў на базе Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, тады ў зале быў аншлаг, а авацыі гледачоў не змаўкалі некалькі хвілін. 

— Якім рэпертуарам здзіўляеце сваіх слухачоў? 

— Звычайна ўключаю ў праграму самую разнастайную музыку: ад класічнай барочнай да эстрадна-джазавай, ад транскрыпцый да арыгінальных твораў. Выконваючы любое сачыненне, з аднаго боку, імкнуся данесці гледачу задуму кампазітара, але з іншага — заўсёды музыку прапускаю праз сябе: хачу паказаць уласнае бачанне. 

— На вашым шляху сустракалася мноства таленавітых педагогаў. Каму з іх вы асабліва ўдзячны? 

— Хачу сказаць дзякуй першаму настаўніку — Аляксею Уладзіслававічу Маркавічу. Менавіта ён змог прывіць мне любоў да музыкі, навучыў дамагацца сваіх мэт, заўсёды падтрымліваў мае пачынанні. 

Шмат цёплых слоў хочацца выказаць Лідзіі Віктараўне Скачко, у якой я не так даўно вучуся, але гэты педагог літаральна штодня фарміруе мяне як асобу. Нам з ёй трэба прайсці доўгі шлях майго станаўлення як музыканта-прафесіянала, але я дакладна ведаю: з ёй гэта будзе вельмі цікава. 

— Нядаўна вы сталі лаўрэатам 1 ступені IX Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Акардэанісіма”. Як узнікла ідэя паўдзельнічаць у ім? Вы адразу былі настроены на перамогу? 

— Хацелася паспрабаваць свае сілы ў прэстыжным творчым спаборніцтве, і я прыйшоў з гэтай прапановай да Лідзіі Віктараўны. Для ўдзелу трэба было прайсці адборачны тур, які адбываўся дыстанцыйна, і выканаць два рознахарактарныя творы. 

У выніку нас запрасілі ва Уфу, дзе прынялі вельмі цёпла. Арганізатары конкурсу на працягу ўсяго знаходжання ў горадзе клапаціліся пра нас. У рамках фестывалю праводзіліся майстар-класы, навукова-практычная канферэнцыя і, вядома, канцэрты. 

Праграма майго выступлення ўключала чатыры творы. Поліфанічны цыкл: І.С. Бах “Прэлюдыя і фуга” c-moll (ХТК 2 том); твор эпохі барока: І. Пахельбель, “Чакона” (f-moll); п’еса беларускага аўтара: Л. Маліноўскі, “Раніца туманная”; віртуозны арыгінальны твор: В. Сямёнаў, “Сказ аб Ціхім Доне”. 

Кірыл Буланаў

Кірыл Буланаў

Як пераможца, я ўдзельнічаў у гала-канцэрце, дзе быў горача сустрэты гледачамі і атрымаў бурныя авацыі. Вядома, шчыра быў рады такому выніку! І ў чарговы раз даказаў сабе, што пры вялікім жаданні і высокай працаздольнасці ўсё магчыма: нават скарыць такую вяршыню ў галіне акардэоннага мастацтва. 

А яшчэ мне давялося пачуць ужывую неверагодных акардэаністаў сучаснасці — Сяргея Асакіна і Арцёма Малхасьяна, што было вельмі пазнавальным. 

— Ці плануеце паехаць на конкурс у гэтым годзе? 

— Калі пашанцуе, то толькі ў якасці запрошанага артыста, бо ў маіх планах — іншыя маштабныя праекты: напрыклад, “Кубак свету сярод акардэаністаў”, “Фогтландскія дні музыкі для акардэона” і іншыя. У першую чаргу хачу стаць артыстам і выступаць на розных канцэртных пляцоўках усяго свету. Ёсць мэта назапасіць велізарны багаж ведаў, каб перадаць іх будучаму пакаленню. А пакуль што я натхняюся майстэрствам сваіх педагогаў, іх прафесіяналізмам і аўтарытэтам. 

Лідзія Віктараўна Скачко, першы прарэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт:

— Рашэнне аб тым, каго з вучняў падрыхтаваць для ўдзелу ў канкрэтным творчым праекце, нараджаецца ў працэсе навучання: у сумесных творчых шуканнях і дачыненнях, вырашэнні тэхнічных задач. Кожны прадстаўнік майго класа — гэта неардынарная асоба: са сваімі поглядамі на жыццё і на прафесію. Мая задача як педагога знайсці накіраванасць далейшага жыцця кожнага з іх. Менавіта так — па прафесійных памкненнях і ступені выканальніцкага майстэрства — было вырашана адправіць на конкурс Кірыла Буланава і Івана Волчака. Падрыхтоўка да такой падзеі — заўсёды напружаная і карпатлівая праца. Хлопцам даводзілася вельмі дакладна выбудоўваць свой графік заняткаў, сумяшчаючы іх з канцэртнымі выступленнямі (працэсам абыгрывання праграмы). Рада, што яны годна прадставілі на такім прэстыжным міжнародным конкурсе беларускую акардэонную выканальніцкую школу. Хлопцы атрымалі не толькі высокую ацэнку журы, але і прызнанне публікі, якая адарыла іх авацыямі.

Акрамя таго, мне ўдалося разам з іншымі членамі журы правесці майстар-клас і паўдзельнічаць у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Акардэон і сучаснасць”. У сваім дакладзе я распавяла аб распаўсюджаных камерна-інструментальных жанрах у музыцы для баяна і акардэона, напісанай беларускімі кампазітарамі ў канцы XX — пачатку XXI стагоддзяў. Прадставіла асноўныя рэпертуарныя тэндэнцыі сучасных баяністаў і акардэаністаў нашай Радзімы. Лічу, што нам ёсць чым ганарыцца: музыку нашых кампазітараў не толькі ведаюць, але і шырока выконваюць за межамі краіны, яна цікавая і самабытная.

Калі казаць пра Кірыла Буланава, то ён таленавіты, вельмі зацікаўлены і мэтанакіраваны малады чалавек. Думаю, яго няўтольная прага пазнання і асаблівы ўнутраны запал дазволяць дасягнуць немалых вышынь у нашай прафесіі, чаго шчыра яму жадаю!

Настасся ЮРКЕВІЧ